Грубыя кармы 4/32; 5/290, 446; 7/339; 9/332

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́БЫЯ КАРМЫ́,

сухія раслінныя кармы (сена, салома, мякіна, сянаж, травяная мука, галінкавы корм) з адносна малой колькасцю пажыўных рэчываў. Маюць вады менш за 40%, сырой клятчаткі больш за 19%. Пажыўнасць 1 кг грубых кармоў — 0,1—0,65 карм. адзінкі. Скормліваюць жвачнай с.-г. жывёле, часам трусам. Грубыя кармы — неабходны кампанент зімовых рацыёнаў траваедных жывёл, спрыяюць нармальнаму страваванню і засваенню пажыўных рэчываў, адрозніваюцца хім. саставам і пажыўнасцю. Найб. значэнне мае сена, у якім ёсць амаль усе неабходныя для жывёлы пажыўныя рэчывы.

т. 5, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́РВАРЫ (грэч. barbaroi, лац. barbari),

у старажытных грэкаў і рымлян назва ўсіх іншаземцаў, што гаварылі на не зразумелай ім мове і былі далёкія ад іх культуры (германцы, скіфы і інш.). У пераносным сэнсе — жорсткія, грубыя, некультурныя людзі.

т. 4, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУБЯНЫ́Я ВАЛО́КНЫ,

валокны, якія ёсць у сцёблах наземных насенных раслін. Маюць моцна патоўшчаныя (часта адраўнелыя) сценкі з развітай слаістасцю, простымі порамі і вузкай поласцю. Жывое змесціва Л.в. пасля завяршэння фарміравання адмірае. Асн. функцыя — ахова элементаў мяккага лубу ад дэфармацыі, а таксама апорная сістэма органа. Бываюць гнуткія, мала адраўнелыя (лён, кіт. крапіва), грубыя, моцна адраўнелыя (пянька, джут і інш.). Выкарыстоўваюць у тэкст. прамысловасці.

т. 9, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫНАБАЦЫЛЁЗ, праактынамікоз, псеўдаактынамікоз,

хранічная інфекцыйная хвароба жывёл, якая выклікаецца грыбком з кл. актынаміцэтаў. Пашырана ў многіх краінах свету, у т. л. на Беларусі. Хварэюць пераважна свойскія жывёлы (часцей маладняк буйн. раг. жывёлы, авечак, свіней) у зімова-веснавы перыяд. У арганізм узбуджальнік трапляе праз раны скуры або слізістай абалонкі рота, часцей з кормам. У хворых жывёл у мяккіх тканках галавы і шыі, лімфатычных вузлах з’яўляюцца шчыльныя гнойныя вузельчыкі, з наступным утварэннем свішчоў. У прафілактычных мэтах неабходна пазбягаць выпасу на нізкіх пашах, запарваць грубыя кармы.

т. 1, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́МІЯ (Abelmoschus esculentus),

кветкавая расліна сям. мальвавых. Агародніна. Радзіма — Усх. Афрыка. Вырошчваюць ў трапічных і субтрапічных краінах Паўн. Амерыкі і Паўд. Еўропе, у Закаўказзі. Святло- і цеплалюбівая культура.

Аднагадовая травяністая расліна выш. да 2 м, падобная на бавоўнік. Лісце пальчаталопасцевае, на доўгіх чаранках. Кветкі жоўтыя, адзіночныя, у пазухах лісця. Плод — каробачка даўж. да 25 см. Тэхн. (з сцяблоў вырабляюць грубыя валокны), лек., кармавыя і харч. (няспелыя струкападобныя плады і лісце спажываюць у ежу, з насення гатуюць сурагат кавы і какавы) расліна.

т. 2, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАГІНІ́ЗМ (ад лац. vagina похва),

сутаргавае скарачэнне мышцаў похвы і тазавага дна, спазма мышцаў сцёгнаў, што перашкаджаюць правядзенню палавога акта; разнавіднасць сексуальнай дысфункцыі. Можа прывесці да віргагаміі (дзявоцкі шлюб). Вагінізм узнікае пад уплывам фіз. і псіхічных фактараў (гвалтоўныя і грубыя паводзіны партнёра, пачатак палавога жыцця, неасцярожны гінекалагічны агляд урача), пры заўчасным семявывяржэнні, адсутнасці эрэкцыі, нерашучасці, недастатковай патэнцыі мужа, як засцерагальны механізм ад цяжарнасці. Узнікненню вагінізму спрыяюць пэўныя рысы характару жанчыны, антыпатыя да партнёра і інш. Вагінізм адрозніваюць ад псеўдавагінізму (бывае пры запаленчых працэсах, заганах развіцця палавых органаў).

І.У.Дуда.

т. 3, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́НГБІ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі мезаліту (9—8-е тыс. да н.э.), пашыраная на тэр. ад Паўн. Еўропы да бас. р. Прыпяць. Назва ад стаянкі Лінгбі на в-ве Зеландыя (Данія). Насельніцтва займалася паляваннем на паўн. і высакароднага аленяў, лася, дзіка і інш. Характэрныя прылады — рагавыя сякеры і грубыя несіметрычныя крамянёвыя наканечнікі дзідаў і стрэл з шырокай насадкай; вырабляліся кароткія нажы, скоблі, разцы з масіўных пласцін, падобныя да макралітычных. На Беларусі выяўлены стаянкі Л.к. каля в. Адрыжын, Опаль Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.

У.Ф.Ісаенка.

т. 9, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКРАЛІ́ТЫ (ад макра.. + грэч. lithos камень),

буйныя (у адрозненне ад дробных мікралітаў) прылады працы, якія выраблялі з крэменю ў эпоху палеаліту. Матэрыялам для М. служылі вял. (8—20 см) крамянёвыя абломкі, пліткі, жаўлакі або нуклеусы, што апрацоўваліся спосабам грубага аббівання, нанясення буйной рэтушы. Сярод М. вылучаюць сякерападобныя прылады, цёслы, адбойнікі, грубыя скоблі і скрабкі, разцы, шырокія нажы, трохгранныя прылады тыпу пік. Вытворчасць М. панавала і ў эпоху мезаліту ў некат. абласцях Еўропы (Францыя, Паўн. Германія, паўд.-ўсх. і зах. Беларусь, паўн.-ўсх. Украіна, а таксама вярхоўі Дняпра і Волгі).

У.Ф.Ісаенка.

т. 9, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́МЫ (Lama),

род млекакормячых жывёл сям. вярблюдавых атр. мазаляногіх. 1 дзікі від — гуанака і 2 свойскія формы: уласна Л. (L. guanicoe glama) і альпака. Пашыраны ў стэпах (пампа), паўпустынях і гарах Паўд. Амерыкі.

Свойскія Л. буйнейшыя за дзікіх (маса да 110 кг). Не маюць гарба. Афарбоўка цела стракатая. Бегаюць інахаддзю. Расліннаедныя. Дзікія і свойскія Л. пры скрыжаванні могуць даваць пладавітае патомства. Нараджаюць 1, зрэдку 2 дзіцянят. Свойскія Л. прыручаны інкамі 4—4,5 тыс. гадоў назад. Л. выкарыстоўваюць як уючных жывёл на горных дарогах. З шэрсці самак вырабляюць грубыя тканіны і вяроўкі.

Лама.

т. 9, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)