Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАДЗІ́РНЯ (ад ням. gradieren згушчаць саляны раствор; першапачаткова градзірні выкарыстоўваліся для здабычы солі выпарваннем),
збудаванне для ахаладжэння вады атм. паветрам. У градзірні вада, якая сцякае па арашальніку, ахалоджваецца ў выніку частковага выпарэння і цеплааддачы ў паветра.
Адрозніваюць градзірні: паводле спосабу падачы паветра — вежавыя, вентылятарныя і адкрытыя (атмасферныя); паводле тыпу арашальніка — пырскальныя, плёначныя, кропельныя і камбінаваныя. Выкарыстоўваюцца пераважна ў сістэмах зваротнага водазабеспячэння і кандыцыянавання паветра (зніжаюць т-ру вады, якая адводзіць цяпло ад кампрэсараў, цеплаабменных апаратаў, трансфарматараў і да т.п.). На цеплавых электрастанцыях і ў хім. прам-сці выкарыстоўваюць пераважна вежавыя (у іх ствараецца цяга паветра знізу ўверх насустрач сцякаючай вадзе) і шматсекцыйныя вентылятарныя (вада ахалоджваецца паветрам, якое падаецца вентылятарамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ.
Дзейнічала з 1897 у Віцебску. Створана разам з Віцебскім трамваем. Мела 4 паравыя рухавікі, выпрацоўвала 618,1 тыс.кВт∙гадз электраэнергіі (1913). Дзейнічалі 2 секцыі паравых водатурбінных катлоў, кандэнсатары, градзірня, паравыя машыны і дынамамашыны. Было 5 ліній электрасеткі: Вакзала, Задунаўская, Магілёўская, Смаленская і Цэнтральная. Працавала 86 рабочых (1910). Да пуску Беларускай ДРЭС у 1930 была адзінай крыніцай энергазабеспячэння горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАТЭРМА́ЛЬНАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,
тып цеплавой электрастанцыі, якая пераўтварае глыбіннае цяпло Зямлі ў эл. энергію. Эканамічна выгадныя ў рэгіёнах з дастатковымі рэсурсамі тэрмальных вод (найб. высокія т-ры падземных вод у вулканічных раёнах, дзе яны выходзяць на паверхню ў выглядзе перагрэтай пары). У геатэрмальнай электрастанцыі выкарыстоўваюцца прамая (пара паступае прама ў турбіну), непрамая (з папярэдняй ачысткай пары ад агрэсіўных газаў) і змешаная тэхнал. схемы атрымання электраэнергіі. Перавагі геатэрмальнай электрастанцыі перад традыцыйнымі ЦЭС — адсутнасць кацельні, палівападачы, меншы сабекошт атрыманай энергіі.
Глыбіннае цяпло ўтвараецца ў выніку радыеактыўнага распаду, хім. рэакцый і інш. працэсаў, што адбываюцца ў зямной кары (гл.Геатэрмія). Т-ра падземных вод і горных парод павялічваецца на 1 °C пры паглыбленні на 33 м (гл.Геатэрмічная ступень) і на глыб. 5 км складае каля 160 °C. Геатэрмальныя электрастанцыі працуюць у ЗША, Італіі, Японіі, Новай Зеландыі, Ісландыі. У СССР першая геатэрмальная электрастанцыя магутнасцю 5 МВт пушчана ў 1966 на поўдні Камчаткі, да 1980 яе магутнасць даведзена да 11 МВт. На Беларусі перспектыўныя на ўтрыманне тэрмальных вод раёны Прыпяцкай упадзіны, але практычнае іх выкарыстанне праблематычна. Як магчымая можа разглядацца сістэма «гарачыя скальныя пароды» (ГСП), пры якой на глыбіню да 4 км у свідравіну трэшчынаватых парод напампоўваецца вада, што ад кантакту пад ціскам з ГСП набывае т-ру да 180 °C і больш. Яна выходзіць праз іншую свідравіну і пераўтвараецца ў тэхнал. пару.
Літ.:
Драгун В.Л., Конев С.В. В мире тепла. Мн., 1991;
Выморков Б.М. Геотермальные электростанции. М., Л., 1966.