Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬНЯ,
гідралагічны заказнік рэсп. значэння ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл. Засн. ў 1968 з мэтай захавання ў натуральным стане балотнага масіву Ельня і характэрнай для яго расліннасці. Пл. 23,2 тыс. га (1997). Размешчаны на Полацкай нізіне. У межах заказніка каля 30 дыстрофных азёр, у т. л. Ельня, Доўгае, Чорнае. Асн. тэрыторыя — хмызнякова-сфагнавае балота прыбалт. тыпу. У балотнай расліннасці пераважаюць хваёва-кусцікава-сфагнавыя, кусцікава-сфагнавыя, бярозава-палітрыхавыя згуртаванні, выразныя градава-мачажынны і градава-азёрны раслінныя комплексы. На мінеральных «астравах» лясная расліннасць: ельнікі сніткавыя, бярэзнікі вейнікавыя, чорнаалешнікі прыручайна-травяныя і інш. У флоры заказніка каля 300 відаў раслін. Трапляюцца рэдкія ахоўныя віды раслін (чубатка пустая, бяроза карлікавая, марошка, шпажнік чарапіцавы) і жывёл (гагара чорнаваллёвая, дзербнік, журавель шэры, курапатка белая і інш.).
т. 6, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ БАЛО́ТА,
біялагічны заказнік у Расонскім р-не Віцебскай вобл. Засн. ў 1979 для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін і падтрымання экалагічнай раўнавагі і гідралагічнага рэжыму прылеглых тэрыторый. Пл. 650 га (1996). Размешчаны на балотным масіве Выдрын Мох на тэр. Юхавіцкага лясніцтва. Рэльеф цэнтр. ч. балотнага масіву градава-балоцісты. У раслінным покрыве пашыраны хваёва-кустова-сфагнавыя фітацэнозы і журавіны. Лясы пераважна хваёвыя, на асобных мінер. участках бярэзнік і ельнікі.
т. 4, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУКЧА́НСКІ,
біялагічны заказнік на Тапілаўскім балоце ў Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл. Засн. ў 1979 для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 4,9 тыс. га (1996).
Паверхня — згладжаны градава-балоцісты комплекс. Цэнтр. ч. бязлесая. На ўскраінах растуць хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, радзей асінавыя і дубовыя лясы балотнага тыпу. На ўчастках з мінер. глебамі чарнічныя, месцамі лішайнікавыя, верасовыя, бруснічныя тыпы лесу. Вызначаецца багаццем журавін, бабку трохлістага, чаротніку белага, расце таксама рэдкі барэальна-таежны від — журавіны драбнаплодныя.
Г.У.Вынаеў.
т. 3, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ШТЭ-ЛУТ,
пустыня ў цэнтры Іранскага нагор’я, на У Ірана. Даўж. каля 550 км, шыр. да 200 км. Пл. 80 тыс. км². Пераважныя выш. 500—600 м. Шэраг пласкадонных бяссцёкавых упадзін (дно на выш. 200—250 м) і горных перамычак выш. 1000—2000 м (да 2992 м). Паверхня ў асн. гліністая і друзаватая. Трапляюцца саланчакі, такыры. На Пд і У барханныя і градава-ўзгорыстыя пяскі, якія слаба замацаваны саксаулам, джузгунам і салянкамі. Фіз. выветрыванне ўтварыла шматлікія «стаўбы», «грыбы» і інш. формы рэльефу. Па ўскраінах зрэдку аазісы з фінікавымі пальмамі.
т. 6, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯХНО́ВІЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
паўн.-зах. частка Радашковіцкага ўзвышша, у Маладзечанскім р-не Мінскай вобл. Абмежавана далінамі рэк Бярэзіна (прыток Нёмана) на ПдЗ, Уша (прыток Віліі) на Пн і Нарачана-Вілейскай нізінай на У. Комплекс градава-ўзгорыстага, дробна- і сярэднеўзгорыстага (выш. да 313 м на ПнЗ) марэннага рэльефу. Глыбіня эразійнага расчлянення рэльефу да 10—20 м. Ускраіны ўзвышша маюць стромкія схілы ў бок рачных далін і нізіны. Складаецца з марэнных суглінкаў і супескаў, перакрытых лёсападобнымі пародамі невял. магутнасці. Большая частка Аляхновіцкага ўзвышша разарана. Хмызнякі і лясы (ялова-дубова-хваёвыя групоўкі) захаваліся на схілах узвышша.
Л.А.Нічыпарэнка.
т. 1, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААЗЕ́Р’Е,
гідралагічны заказнік на тэр. Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл. Створаны ў 1968 як заказнік рэсп. значэння для захавання ў натуральным стане балотнага масіву з тыповай для міжрэччаў стратыграфіяй тарфянікаў. Пл. 4286 га (1997). Размешчаны на Цэнтральнабярэзінскай раўніне і займае ч. Друць-Бярэзінскага міжрэчча. Размешчаны на вярховым балоце. У цэнтры пераважаюць хваёва-кусцікавыя раслінныя асацыяцыі, у паўн. ч. — градава-багнавыя комплексы расліннасці. На ўскраінах пашыраны хваёва-бярозава-пушыцава-сфагнавыя асацыяцыі. На мінер. участках пераважаюць бярозава-асінавыя лясы. У флоры заказніка каля 100 відаў раслін, у т. л. ахоўныя чубатка пустая і зубніца клубняносная.
т. 6, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕКАЛІ́НСКІ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Смалявіцкім р-не Мінскай вобл. Створаны ў 2000 з мэтай захавання ў натуральным стане лясных фармацый з рэдкімі і знікаючымі відамі раслін і жывёл. Пл. 2129 га. Рэльеф дробнаўзгорысты, градава-марэнны, узвышаны, з камамі. Хваёвыя (78%), яловыя (8,5%) і бярозавыя (13%) лясы. У флоры 583 віды сасудзістых раслін, у т. л. купальнік горны, баранец звычайны, гайнік цёмна-чырвоны, гарлянка пірамідальная, змеегалоўнік Руйша, ядрушка даўгарогая, лілея кучаравая, шпажнік чарапіцавы занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У фауне 20 відаў млекакормячых, 7 амфібій, 4 паўзуноў, 85 птушак, 164 насякомых (каршачок, жужалі рашэцісты і фіялетавы, пераліўніца вялікая і інш. занесены ў Чырв. кнігу Беларусі).
П.І.Лабанок.
т. 12, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР «РАМЭ́Н»,
адзіны ў свеце цыганскі т-р. Адкрыты ў 1931. У спектаклях традыцыі і каларыт нац. мастацтва, багатая музыкальнасць, песеннае і танц. майстэрства артыстаў зліты з сучаснымі тэатр.-эстэт. прынцыпамі. Сярод спектакляў: «Табар у стэпе» і «Нарадзіўся я ў табары» І.Ром-Лебедзева (паводле Ю.Нагібіна), «Крывавае вяселле» Ф.Гарсія Лоркі, «Макар Чудра» паводле М.Горкага, «Грушачка» паводле М.Ляскова, «Закон продкаў» І.Хрусталёва, «Мы — цыганы» М.Слічэнкі, «Жывы труп» Л.Талстога, «Мужчыны ў нядзелю» Ж.Л.Ранкароні, «Графіня — цыганка» П.Градава. У розныя гады т-р узначальвалі: М.Гольдблат, М.Яншын, П.Саратаўскі і інш. Маст. кіраўнікі С.Баркан (з 1958), М.Слічэнка (з 1977). У розны час у т-ры працавалі: Т.Агамірава, Л.Баброва, В.Бізеў, Р.Валшанінава, М.Валшанінаў, Р.Дземент, Е.Жамчужная, Н.Залатарова, С.Залатароў, І.Някрасава, В.Пятрова, Ром-Лебедзеў, М.Скварцова, Б.Ташкенцкі, Ляля Чорная (Н.Хмялёва), С.Шышкоў і інш.
т. 10, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКАЯ ГРАДА́,
частка Беларускай грады ў Барысаўскім і Смалявіцкім р-нах Мінскай вобласці. Працягнулася ад Мінскага узв. на ПнУ на 100 км, шырыня 10—25 км. Мяжуе з Верхнебярэзінскай нізінай на ПнЗ і Цэнтральнабярэзінскай раўнінай на ПдУ. Лічыцца вуглавым масівам Ашмянскага стадыялу. Пл. каля 2 тыс. км², адзнакі вышыняў паверхні над узр. м. вагаюцца ад 150 м у даліне Бярэзіны да 220 м каля г. Смалявічы.
Прымеркавана да зоны сучлянення Аршанскай монакліналі з Вілейскім пахаваным выступам. Антрапагенавая тоўшча магутнасцю 100 м і больш. Паверхня складзена з пясчана-галечнага матэрыялу, марэнных суглінкаў і супескаў, месцамі з покрывам лёсападобных парод. Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, торф.
Участкі з градава-ўзгоркавым рэльефам (каля г. Смалявічы, в. Халопенічы і г. Барысаў выш. 193—220 м) чаргуюцца з раўніннымі. З найб. павышанымі часткамі грады звязаны масівы марэннага сярэдняўзгоркавага рэльефу з адноснай выш. 10—20 м. Сярэдняя т-ра студз. -6,9 °C, ліп. 18,2 °C, ападкаў 450—780 мм за год (у Барысаве). Рэкі (бас. Дняпра): Бярэзіна з прытокамі Гайна, Бродня, Сха, Бобр з Начай. Глебы дзярнова-падзолістыя слаба ападзоленыя на водна-ледавіковых пясках і марэнных супесках, якія падсцілаюцца пяскамі, забалочаныя і тарфяна-балотныя. Да 40% тэр. пад лясамі хваёвымі, ялова-хваёвымі, бярозавымі і шэраальховымі. Поймавыя і нізінныя лугі.
В.Р.Сінякова.
т. 2, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)