ГНЁЗДЫ жывёл, пабудовы, створаныя жывёламі для вывядзення патомства, радзей і для ўкрыцця. Гнёзды для размнажэння ёсць у розных груп жывёл. У беспазваночных: у васьміногаў ямка ў грунце, абложаная валам з камянёў, ракавінак; у павукоў коканы з павуціны; у жукоў-трубкакрутаў трубачкі з лісця; у адзіночных восаў, мядзведак ячэйкі з глебы; у яблыневай молі, вусеняў баярышніцы, залатагузкі — з лісця і павуціны і інш.Гнёзды пазваночных: у ласося ямка ў галечным грунце, у бычкоў-падкаменшчыкаў з каменьчыкаў; у колюшкі трохіголкавай шарападобнае з водарасцей; у весланогай жабы скручанае трубачкай лісце. Асабліва разнастайныя гнёзды ў птушак: у курыных і кулікоў простыя ямкі з бедным подсцілам; у дразда, сарокі, берасцянкі чашападобныя з моцнымі краямі; у крапіўніка, пеначак, сініцы-рэмеза, ткачыкаў закрытыя, шарападобныя, авальныя або колбападобныя з лятком пасярэдзіне або збоку. Гнёзды птушак размяшчаюцца ў самых розных месцах, будаўнічы матэрыял вельмі разнастайны. У млекакормячых гнёзды робяць пераважна грызуны і насякомаедныя (мыш-малютка, соні, вавёркі, бабры, андатры і інш.). Большасць жывёл размяшчае гнёзды адзіночна. Каланіяльныя, складаныя, шматкамерныя гнёзды ў восаў, пчол, мурашак, тэрмітаў і інш. У многіх відаў гнёзды служаць і для ўкрыцця (вераб’і, крапіўнікі, соні, вавёркі, андатры, палёўкі і інш.). Гл. таксама Гнездаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛА́СТАЎЧЫНЫ ГНЁЗДЫ»,
гнёзды некаторых відаў саланган — птушак падатр.стрыжоў, падобныя да ластаўчыных (адсюль назва). Пабудаваны з выдзяленняў пад’язычных слінных залоз. Саланганы прымацоўваюць іх пад столлю ў глыбіні высокіх пячор і гротаў. У некат. краінах Паўд.-Усх. Азіі «Л.г.» — далікатэс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАСЯ́НКІ
(Sylvia),
род птушак сям. валасянкавых атр. вераб’інападобных. 17 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. Жывуць на ўзлесках, у садах, парках, на лугах, у хмызняку. На Беларусі 5 пералётных відаў: валасянка завірушка (S. curruca), валасянка садовая (S. borin), валасянка чорнагаловая (S. atricapilla), валасянка шэрая (S. communis), валасянка ястрабіная (S. nisoria).
Даўж. цела 12—15 см. Апярэнне шэрае з белым, чорным або рыжаватым адценнем, мяккае. Дзюба тонкая, шылападобная. Гнёзды рыхлыя, шара- або чашападобныя на кустах, дрэўцах, сярод высокай травяністай расліннасці. Некаторыя высцілаюць гнёзды воласам (адсюль назва). Нясуць 4—6 яец. Кормяцца насякомымі, іх лічынкамі і вусенямі, ягадамі. Некаторыя віды вядомыя сваімі спевамі (напр., валасянка чорнагаловая і валасянка садовая). Зімуюць у паўд.-зах.ч. Еўразіі і Афрыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́СТАЎКІ, ластаўкавыя (Hirundinidae),
сямейства птушак атр. вераб’інападобных. 20 родаў, 79 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Арктыкі, Антарктыкі і некат. акіянічных астравоў. На Беларусі 3 віды: Л. берагавая, або беражанка (Riparia riparia), Л. вясковая, або касатка (Hirundo rustica), і Л. гарадская, або варанок (Delichon urbica). 2 віды ў Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 28 см, маса да 60 г. Апярэнне шчыльнае, пераважна цёмнае з метал. бляскам зверху і светлае знізу. Крылы доўгія, вузкія. Дзюба кароткая, сплюшчаная. Хвост выемчаты. Ногі кароткія. Кормяцца насякомымі, Л. дрэвавая амерыканская (Tachycineta bicolor) — ягадамі ядлоўцу. Гнёзды паўшарападобныя або ў выглядзе плоскай біклажкі, робяць з грунту, змешанага са слінай, прымацоўваюць іх да скал і пабудоў; у некат. відаў гнёзды ў норах і дуплах. Часта гняздуюцца калоніямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІКАЛЬЦЫ́Т,
дробназярністая метамарфізаваная горная парода, якая складаецца з кальцыту і хрызатылу і звычайна мае гнёзды, плямы і жылы высакароднага серпенціну (гл.Змеявік). Колер жоўты, зеленаваты, блакітны і інш. са шматлікімі жылкамі і ўзорамі. Утвараецца пераважна ў выніку кантактавага метамарфізму даламітавых парод. У паліраваным выглядзе выкарыстоўваецца для ўнутранага аздаблення будынкаў і розных вырабаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГА́Р,
чырвоная качка (Casarca ferruginea), птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашырана ў Паўд. Еўропе, Паўн. Афрыцы і Азіі. На Беларусі рэдкая залётная птушка.
Даўж. цела каля 60 см, маса 1—1,6 кг. Самкі меншыя за самцоў. Жыве парамі. Гнёзды ў глыбокіх норах стэпавых звяркоў, нішах абрываў, пакінутых будынках. Самка нясе 8—12 яец, наседжвае іх. Птушаняты растуць і ў няволі. Корміцца раслінамі і воднымі беспазваночнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ГАЮЧЫЯ ПТУ́ШКІ,
бескілявыя (Ratitae або Gradientes), група птушак, якія не могуць лётаць. 4 атр.: страусападобныя (Struthioniformes), нандупадобныя (Rheiformes), казуарападобныя (Casuariiformes), ківіпадобныя (Apterygiformes). 10 відаў. Пашыраны ў Аўстраліі і бліжэйшых астравах, Афрыцы, Паўд. Амерыцы.
Выш. 20—270 см, маса 3—90 кг. Грудныя мышцы слаба развітыя, пярэднія крылы недаразвітыя. Кіль адсутнічае. Пер’е на крылах мяккае. Ногі моцныя, добра бегаюць. Гнёзды на зямлі. Кормяцца расліннасцю і дробнымі жывёламі. Гл. таксама Кілявыя птушкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛУБ Уладзімір Пятровіч
(н. 7.11.1953, г. Слуцк Мінскай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1977). Сярод твораў: тэматычныя карціны «Роспач», «Плады-1», «Плады-2», «Пан» (усе 1992), серыі «Спакуса» (1992), «Птушкі, якія не лятаюць» (1993), «Месячны шлях» (1996); пейзажы «Ранні снег» (1983), «Кінутыя гнёзды» (1995); нацюрморты «Сухія кветкі» (1981) і інш.; партрэты бацькі (1980), князя Міндоўга (1990) і інш. Творчасць вылучаецца багатай вобразнасцю, яркай метафарычнай мовай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУСЬКІ́»,
бел.нар. гульня. На краі круглай ледзяной пляцоўкі дыяметрам 10—15 м выбіваюць «гнёзды» (ямкі дыяметрам 25—30 см). Удзельнікі маюць калкі (палкі даўж. 1—1,2 м, раздвоеныя на канцы) і гуські (цуркі памерам 12×4 см). Кожны па чарзе кладзе гусёк у цэнтр пляцоўкі. Па сігнале астатнія гульцы ад сваіх «гнёздаў» бягуць да цэнтра і ўдарамі калкоў стараюцца загнаць гусёк у сваё «гняздо». Перамагае той, хто загоніць больш гуськоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕЛЯНУ́ШКА
[Symphodus (Crenilabrus) tinca],
рыба сям. губанавых атр. акунепадобных. Пашырана ў морах паўд. і зах. ўзбярэжжаў Еўропы. Жыве ў прыбярэжнай зоне, сярод скал і водарасцей.
Зелянушка: 1 — самец; 2 — самка.
Даўж. цела 10—15 см (зрэдку да 30 см), маса да 290 г. Афарбоўка яркая, асн. колер зялёны або зеленаваты (адсюль назва). На целе і плаўніках шматлікія чырв. і блакітныя з розным адценнем плямы і палосы. Зрэдку самцы будуюць гнёзды. Корміцца двухстворкавымі малюскамі і дробнымі ракападобнымі. Аб’ект аматарскага лову.