род насякомых сям. сапраўдных, ці высакародных, пчол, або пчаліных. Каля 300 відаў. Пашыраны пераважна на Пн Еўразіі, у Паўн. і Паўд. Амерыцы, Аўстраліі. Жывуць пераважна ў лясах і гарах. На Беларусі больш за 30 відаў. Найб. трапляюцца Ч.: земляны (B. te nostris), каменны (B. lapidarius), лясны (B. silvarum), палявы (B. agrorum), садовы (B. hortorum). 6 відаў Ч.: байкальскі (B. subbaicalensis), звычайны (B. proteus), мохавы (B. muscorum), фруктовы, або стэпавы (B. pomorum), чырванаваты (B. ruderatus), Шрэнка (B. schrenckii) — занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. да 3,5 см. Цела ўкрыта густымі доўгімі валаскамі, з чорнымі, белымі, ярка-рыжымі палосамі. Ротавыя органы грызуча-ліжучага тыпу. Развіта джала і ядавітыя залозы. Жывуць сем’ямі (100—200, зрэдку да 500 асобін), якія складаюцца з адной або некалькіх плодных самак (матак), самцоў і бясплодных самак (рабочых). Сем’і закладваюцца вясной. Гнёзды шарападобныя. Самка з сумесі воску і пылку будуе ячэйку для мёду. Рабочыя асобіны робяць новыя ячэйкі і гадуюць расплод. Увосень маладыя самцы і рабочыя асобіны гінуць. Аплодненыя самкі зімуюць, вясной будуюць гнёзды і закладваюць новыя сем’і. Кормяцца нектарам і пылком раслін. Апыляльнікі некат. бабовых. Разводзяць штучна.