Глубелька (воз.) 2/355; 3/515

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУБЕ́ЛЬКА,

возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Страча, за 35 км на ПнЗ ад г. Мядзел, у межах ландшафтнага заказніка Блакітныя азёры. Пл. 0,09 км², даўж. 520 м, найб. шыр. 350 м, найб. глыб. 17 м., даўж. берагавой лініі каля 1,7 км. Пл. вадазбору 0,41 км². Схілы катлавіны выш. 10—20 м, на У да 35 м, пясчаныя і супясчаныя, параслі лесам. Берагі нізкія, забалочаныя, пад хмызняком, на У і ПнЗ зліваюцца са схіламі. У цэнтры возера востраў пл. 0,1 га. Дно сапрапелістае. Вызначаецца высокай празрыстасцю вады, маляўнічым наваколлем. У возеры расце меч-трава (занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь). Упадае ручай з воз. Ячмянец, выцякае ручай у воз. Глубля.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУ́БЛЯ,

возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Страча, за 35 км на ПнЗ ад г. Мядзел, у межах ландшафтнага заказніка Блакітныя азёры. Пл. 0,47 км², даўж. 1,15 км, найб. шыр. 510 м, найб. глыб. 26,8 м, даўж. берагавой лініі 3,3 км. Пл. вадазбору 1,43 км². Схілы катлавіны выш. да 35 м, пясчаныя, параслі лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, на ПнЗ і Пд забалочаныя. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, глыбей дно сапрапелістае. Вызначаецца высокай празрыстасцю вады, маляўнічым наваколлем. Зарастае. Упадае ручай з воз. Глубелька, выцякае ручай у р. Страча.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛДУ́ЦКАЯ ГРУ́ПА АЗЁРАЎ,

у Беларусі, на мяжы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл., Мядзельскага р-на Мінскай вобласці і Астравецкага р-на Гродзенскай вобл., на З Бел. Паазер’я, у бас. р. Страча, на тэр. ландшафтнага заказніка Блакітныя азёры. Уключае невял. азёры Балдук, Глубелька, Ячмянец, Мёртвае, Імшарац, Глубля. Агульная пл. 1,5 км².

Утварылася ў час паазерскага зледзянення, размешчана сярод комплексу водна-ледавіковых формаў рэльефу (адносныя выш. 25—30 м), парослага хваёвым і хваёва-яловым лесам. Азёры адметныя чыстай вадой і адсутнасцю антрапагенных экалагічных парушэнняў, у іх растуць рэдкія ахоўныя водныя расліны (хваснік звычайны і меч-трава звычайная). Па азёрах праходзіць турысцкі маршрут.

т. 2, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМФАЦЫМБЕ́ЛА (Gomphocymbella),

род дыятомавых водарасцей сям. гамфацымбелавых. 2 віды. Гамфацымбела выгнутая (G. ancyli) — рэліктавы від, пашыраны ў вадаёмах Цэнтр. Альпаў, Германіі, Даніі, Ірландыі. На Беларусі трапляецца ў воз. Нарач, знойдзена ў дыятомавых адкладах муравінскага ўзросту (агаленні на Нёмане і каля Гродна), позналедавіковых і галацэнавых адкладах і асадках (азёры Нарач, Глубелька, Мястра ў Мядзельскім р-не). Гамфацымбела міяцэнавая (G. miocenica) — вымерлы від. На Беларусі адзначана ў азёрна-старычных пародах верхняга міяцэну (каля в. Бурносы ў Лідскім р-не).

Аднаклетачныя прэснаводныя водарасці. Клеткі даўж. 30—45 мкм, шыр. 7—8 мкм, прымацаваны да субстрату студзяністымі ножкамі. Створкі лінейна-ланцэтныя, слабаасіметрычныя, серпападобна выгнутыя і злёгку клінападобныя. Базальны канец больш звужаны. Восевае поле вузкае, сярэдняе — маленькае з ізаляванай кропкай.

Т.​М.​Міхеева.

Гамфацымбела выгнутая.

т. 5, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІХ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 26.3.1938, в. Сосенка Кінель-Чаркаскага р-на Самарскай вобл., Расія),

бел. жывапісец. Скончыў Пензенскае маст. вучылішча (1962). Вучыўся ў Бел. тэатр.-маст. ін-це (1962—66). Працуе ў жанрах тэматычнай карціны, пейзажа, партрэта, нацюрморта. Сярод твораў: «Навабранцы каля вечнага агню» (1967), «Восень на Салаўках» (1972), «Пскоўскі крэмль. Вечар» (1974), «Аўтапартрэт» (1975), «Гонкі на Браслаўскіх азёрах» (1978), «Ідзе вясна» (1980), «Цёплы вечар» (1981), «Залаты вечар. Возера Глубелька» (1983), «Адгрымелі навальніцы» (1985), «Збожжа ўбрана» (1986), «Пейзаж са стагамі» (1993), «Салаўіныя мясціны» (1994), «З-за хмар паказаўся месяц» (1995), «Пасля дажджу» (1996), «Згасае дзень» (1998), «Так паступова гасну я» (1999) і інш. Творы вызначаюцца дакладнасцю жывапісных распрацовак, рэалістычнасцю, маст. завершанасцю. Іл. гл. таксама да арт. Жывапіс.

Літ.:

Фатихова Г. Владимир Московских: Живопись: [Альбом]. Мн., 1994.

Г.​А.​Фатыхава.

У.Маскоўскіх. Аўтапартрэт. 1975.

т. 10, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАКІ́ТНЫЯ АЗЁРЫ,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння на тэр. Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Створаны ў 1972 для аховы унікальнага і надзвычай маляўнічага ўзгорыста-азёрнага прыроднага комплексу ў Беларускім Паазер’і. Пл. 1,5 тыс. га (1996).

Рэльеф — складаная сістэма озавых градаў і камавых узгоркаў, якія перамяжоўваюцца запоўненымі вадой глыбокімі ўпадзінамі. На тэр. заказніка Балдуцкая група азёраў, адметных глыбокімі катлавінамі і чыстай вадой. Лясы паўд.-таежныя хваёвыя і яловыя, пераважаюць бары і ельнікі-зеленамошнікі кіслічнага, чарнічнага, бруснічнага, верасовага, арляковага тыпаў. На вяршынях вял. узгоркаў трапляюцца лішайнікавыя хвойнікі, у падлеску — ядловец і бружмель. На невял. участках растуць бяроза павіслая, асіна, дуб, вяз. У флоры заказніка 538 відаў вышэйшых раслін, у т. л. каля 40 рэдкіх ахоўных відаў, адзінае на Беларусі месца, дзе растуць меч-трава звычайная, цюльпан лясны і чарнакорань голы.

Азёры Глубелька (злева), Глубля ў заказніку Блакітныя азёры.

т. 3, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМЫ́КА (Віктар Аляксандравіч) (н. 1.1.1923, в. Сенькава Магілёўскага р-на),

бел. жывапісец, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1970). Нар. мастак Беларусі (1992). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1958), з 1959 выкладае ў ім жа (праф. з 1982; з 1991 Бел. АМ). Тэматычныя карціны «Салдаты» (1967), «1941 год. Над Прыпяццю» (1970), «Жанчынам Вялікай Айчыннай прысвячаецца» (1972), «Песня аб маім атрадзе» (1978), «Яблыкі ўраджаю 1941 года» (1987) і інш. вылучаюцца рамантызмам, сімвалічнасцю вобразаў, метафарычнасцю, гармоніяй кампазіцыі і колеру. У яго творах сінтэз тонкага лірычнага пачуцця з эпічнай шырынёй абагульненняў, жаданнем звязаць сучаснасць з бел. мінуўшчынай: «Халодны дзень. Браслаўшчына» (1963), «Ільны беларускія», «Чырвоныя землі Полаччыны» (абодва 1970), «На радзіме Янкі Купалы», «Глубелька — сэрца блакітных азёраў Беларусі» (абодва 1975), «Якое надвор’е будзе заўтра» (1988), «Над старымі акопамі цішыня» (1995). Аўтар серыі партрэтаў «Людзі цаліннага краю» (1963), партрэтаў Я.​Брыля (1968), бацькі (1977), камісара А.​Ф.​Юр’ева (1982), В.​Быкава (1984), аўтапартрэт (1988). Сярод пейзажаў: «Ружовы сакавік» (1974), «Над ракой Бобр крычаць жураўлі», «Месячная ноч бухты Чэхава» (абодва 1985), «Ліпень пахне травамі» (1990), «На схіле дня» (1996) і інш.

Літ.:

Бойка У.А. В.​А.​Грамыка. Мн., 1979;

В.​А.​Громыко: Красные земли Полотчины: [Альбом]. М., 1978.

В.​Я.​Буйвал.

В.Грамыка. Салдаты. 1967.
В.А.Грамыка. Аўтапартрэт. 1988.

т. 5, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)