Глубелька (воз.) 2/355; 3/515
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУБЕ́ЛЬКА,
возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Страча, за 35 км на ПнЗ ад г. Мядзел, у межах ландшафтнага заказніка Блакітныя азёры. Пл. 0,09 км², даўж. 520 м, найб. шыр. 350 м, найб. глыб. 17 м., даўж. берагавой лініі каля 1,7 км. Пл. вадазбору 0,41 км². Схілы катлавіны выш. 10—20 м, на У да 35 м, пясчаныя і супясчаныя, параслі лесам. Берагі нізкія, забалочаныя, пад хмызняком, на У і ПнЗ зліваюцца са схіламі. У цэнтры возера востраў пл. 0,1 га. Дно сапрапелістае. Вызначаецца высокай празрыстасцю вады, маляўнічым наваколлем. У возеры расце меч-трава (занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь). Упадае ручай з воз. Ячмянец, выцякае ручай у воз. Глубля.
т. 5, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУ́БЛЯ,
возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Страча, за 35 км на ПнЗ ад г. Мядзел, у межах ландшафтнага заказніка Блакітныя азёры. Пл. 0,47 км², даўж. 1,15 км, найб. шыр. 510 м, найб. глыб. 26,8 м, даўж. берагавой лініі 3,3 км. Пл. вадазбору 1,43 км². Схілы катлавіны выш. да 35 м, пясчаныя, параслі лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, на ПнЗ і Пд забалочаныя. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, глыбей дно сапрапелістае. Вызначаецца высокай празрыстасцю вады, маляўнічым наваколлем. Зарастае. Упадае ручай з воз. Глубелька, выцякае ручай у р. Страча.
т. 5, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛДУ́ЦКАЯ ГРУ́ПА АЗЁРАЎ,
у Беларусі, на мяжы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл., Мядзельскага р-на Мінскай вобласці і Астравецкага р-на Гродзенскай вобл., на З Бел. Паазер’я, у бас. р. Страча, на тэр. ландшафтнага заказніка Блакітныя азёры. Уключае невял. азёры Балдук, Глубелька, Ячмянец, Мёртвае, Імшарац, Глубля. Агульная пл. 1,5 км².
Утварылася ў час паазерскага зледзянення, размешчана сярод комплексу водна-ледавіковых формаў рэльефу (адносныя выш. 25—30 м), парослага хваёвым і хваёва-яловым лесам. Азёры адметныя чыстай вадой і адсутнасцю антрапагенных экалагічных парушэнняў, у іх растуць рэдкія ахоўныя водныя расліны (хваснік звычайны і меч-трава звычайная). Па азёрах праходзіць турысцкі маршрут.
т. 2, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМФАЦЫМБЕ́ЛА
(Gomphocymbella),
род дыятомавых водарасцей сям. гамфацымбелавых. 2 віды. Гамфацымбела выгнутая (G. ancyli) — рэліктавы від, пашыраны ў вадаёмах Цэнтр. Альпаў, Германіі, Даніі, Ірландыі. На Беларусі трапляецца ў воз. Нарач, знойдзена ў дыятомавых адкладах муравінскага ўзросту (агаленні на Нёмане і каля Гродна), позналедавіковых і галацэнавых адкладах і асадках (азёры Нарач, Глубелька, Мястра ў Мядзельскім р-не). Гамфацымбела міяцэнавая (G. miocenica) — вымерлы від. На Беларусі адзначана ў азёрна-старычных пародах верхняга міяцэну (каля в. Бурносы ў Лідскім р-не).
Аднаклетачныя прэснаводныя водарасці. Клеткі даўж. 30—45 мкм, шыр. 7—8 мкм, прымацаваны да субстрату студзяністымі ножкамі. Створкі лінейна-ланцэтныя, слабаасіметрычныя, серпападобна выгнутыя і злёгку клінападобныя. Базальны канец больш звужаны. Восевае поле вузкае, сярэдняе — маленькае з ізаляванай кропкай.
Т.М.Міхеева.
т. 5, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМЫ́КА Віктар Аляксандравіч
(н. 1.1.1923, в. Сенькава Магілёўскага р-на),
бел. жывапісец, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1970). Нар. мастак Беларусі (1992). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1958), з 1959 выкладае ў ім жа (праф. з 1982; з 1991 Бел. АМ). Тэматычныя карціны «Салдаты» (1967), «1941 год. Над Прыпяццю» (1970), «Жанчынам Вялікай Айчыннай прысвячаецца» (1972), «Песня аб маім атрадзе» (1978), «Яблыкі ўраджаю 1941 года» (1987) і інш. вылучаюцца рамантызмам, сімвалічнасцю вобразаў, метафарычнасцю, гармоніяй кампазіцыі і колеру. У яго творах сінтэз тонкага лірычнага пачуцця з эпічнай шырынёй абагульненняў, жаданнем звязаць сучаснасць з бел. мінуўшчынай: «Халодны дзень. Браслаўшчына» (1963), «Ільны беларускія», «Чырвоныя землі Полаччыны» (абодва 1970), «На радзіме Янкі Купалы», «Глубелька — сэрца блакітных азёраў Беларусі» (абодва 1975), «Якое надвор’е будзе заўтра» (1988), «Над старымі акопамі цішыня» (1995). Аўтар серыі партрэтаў «Людзі цаліннага краю» (1963), партрэтаў Я.Брыля (1968), бацькі (1977), камісара А.Ф.Юр’ева (1982), В.Быкава (1984), аўтапартрэт (1988). Сярод пейзажаў: «Ружовы сакавік» (1974), «Над ракой Бобр крычаць жураўлі», «Месячная ноч бухты Чэхава» (абодва 1985), «Ліпень пахне травамі» (1990), «На схіле дня» (1996) і інш.
Літ.:
Бойка У.А. В.А.Грамыка. Мн., 1979;
В.А.Громыко: Красные земли Полотчины: [Альбом]. М., 1978.
В.Я.Буйвал.
т. 5, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)