КАЎСТАБІЯЛІ́ТЫ [ад грэч. kaustos гаручы + бія... + літ(ы)],

гаручыя карысныя выкапні арган. паходжання. З’яўляюцца прадуктамі пераўтварэння раслінных і жывёльных рэшткаў пад дзеяннем геолага-геахім. фактараў. Паводле ўмоў утварэння падзяляюцца на 2 групы: К. вугальнага раду ахопліваюць сінгенетычныя асадкаўтварэнню пароды (торф, выкапнёвыя вуглі, гаручыя сланцы і інш.) і мінералы (бурштын); К. нафтавага і нафтоіднага радоў маюць міграцыйную прыроду (нафта, азакерыт, асфальт і інш.). На Беларусі ёсць радовішчы гэтых груп (торф, буры вугаль, сапрапель, нафта, гаручы сланец).

У.​Я.​Бардон.

т. 8, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІГНІ́Т (ад лац. lignum дрэва, драўніна),

гаручы карысны выкапень, слабаабвугленая драўніна, бурага колеру, з захаванай будовай тканак, таксама буры вугаль, утвораны поўнасцю або часткова з такой драўніны. На Беларусі трапляецца ў Прыпяцкай упадзіне ў адкладах каменнавугальнага, юрскага і кайназойскага ўзросту.

В.​І.​Ярцаў.

т. 9, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯКО́СНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

устойлівыя геахімічна пераўтвораныя рэчывы, якія ўзніклі ў выніку сумеснай дзейнасці жывых арганізмаў і абіягенных працэсаў. Да біякосных рэчываў адносяцца вада, атмасфера, тарфы, сапрапелі, каменныя вуглі, нафта, гаручы газ і сланцы, рыфы каралавага паходжання і інш. Утрымліваюць энергію, акумуляваную біясфернай экасістэмай. Тэрмін увёў рус. вучоны У.​І.​Вярнадскі (1926).

т. 3, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́КСАВЫ ГАЗ,

гаручы газ, адзін з прадуктаў каксавання каменнага вугалю. Асн. кампаненты К.г. (у % па аб’ёме): вадарод (58—62), метан (24,5—26,5), аксід (5—7) і дыаксід вугляроду (1,5—3), азот (2—3,5). Выбухованебяспечны, таксічны. Найніжэйшая цеплата згарання 18—18,5 МДж/м³. Выкарыстоўваюць як паліва для прамысл. печаў, газавых рухавікоў, сыравіну ў хім. прам-сці.

т. 8, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДНІКО́ВЫ ГАЗ,

гаручы газ, што вылучаецца звычайна ў кам.-вуг. шахтах. Бясколерны, лягчэйшы за паветра. Асн. кампанент — метан, мае таксама азот, вадарод, інертныя і інш. газы. Утвараецца ў радовішчах карысных выкапняў з арган. рэчываў пры гніенні, пад уздзеяннем цяпла, ціску, часам радыяцыі. У сумесі з паветрам выбухованебяспечны. Наяўнасць Р.г. ў рудніковай атмасферы (дапушчальная канцэнтрацыя 0,5—2% па аб’ёме) зніжае канцэнтрацыю кіслароду і можа прывесці да ўдушша.

т. 13, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗА́К для тэрмічнай рэзкі, прыстасаванне для падводу падагравальнага полымя і рэжучага струменя кіслароду ў зону рэзкі металу пры кіслароднай рэзцы, а таксама флюсу — пры кіслародна-флюсавай рэзцы; прыстасаванне, што падводзіць ток да электрода, падае ахоўны і рабочы газ у зону рэзкі пры плазменна-дугавой рэзцы; прыстасаванне для падводу току да электрода і падачы паветра ў зону рэзкі металу пры паветрана-дугавой рэзцы.

Разак для тэрмічнай (кіслароднай) рэзкі: 1 — кісларод; 2 — гаручы газ; 3 — гаручая сумесь.

т. 13, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНІЛХЛАРЫ́Д, хлорысты вініл,

монахлорэтылен, найпрасцейшы хлоралкен, CH2=CHCl. Бясколерны газ з эфірным пахам, tкіп -13,8 °C, шчыльн. 983 кг/м³ (-20 °C), добра раствараецца ў эфіры, хлараформе, дыхлорэтане. Гаручы (т-ра загарання -61 °C), сумесь з паветрам (3,6—33% вінілхларыду) выбухованебяспечная. Лёгка далучае галагены, галагенавадароды і інш., полімерызуецца і суполімерызуецца. У прам-сці атрымліваюць гідрахлараваннем ацэтылену ў паравой фазе (каталізатар сулема на вугалі) ці дэгідрахлараваннем дыхлорэтану. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці полівінілхларыду і супалімераў з інш. вінільнымі злучэннямі.

т. 4, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУТАДЫЕ́Н, бутадыен-1,3, дывініл,

ненасычаны вуглевадарод CH2=CH—CH=CH2. Упершыню атрыманы з сівушнага алею франц. хімікам Ж.​Б.​Каванту (1862). Бясколерны газ з непрыемным пахам, tкіп — 4,47 °C, шчыльн. вадкага 621,1 кг/м³ (20 °C), добра раствараецца ў бензоле, эфіры. Гаручы, т-ра самазгарання 415 °C, сумесь з паветрам (1,1—12,5% бутадыёну) выбухованебяспечная. Лёгка полімерызуецца і суполімерызуецца. У прам-сці атрымліваюць дэгідрагенізацыяй нафтапрадуктаў, якія маюць нармальныя бутан і бутэны. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці сінт. каўчукоў. Раздражняе слізістыя абалонкі вачэй і дыхальных шляхоў, ГДК 100 мг/м³.

т. 3, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУГЛЯРО́ДУ АКСІ́Д, чадны газ,

прадукт няпоўнага акіслення вугляроду, CO. Газ без колеру і паху, tкіп -191,5 °C, шчыльн. 1,25 кг/м³ (0 °C). Раствараецца ў спірце, бензоле, дрэнна — у вадзе. Гаручы, сумесь з паветрам (12,5—74% вугляроду аксіду) выбухованебяспечная. Пры высокіх т-рах узаемадзейнічае з вадародам і аксідамі металаў (як аднаўляльнік), з хлорам, серай, некат. металамі (гл. Карбанілы металаў). У прам-сці атрымліваюць газіфікацыяй паліва, пры канверсіі газаў. Выкарыстоўваецца як высокакаларыйнае паліва, сыравіна ў арган. сінтэзе. Ядавіты, узаемадзейнічае з гемаглабінам крыві, ГДК для вытв. памяшканняў 0,03 мг/л.

т. 4, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕТЛАГО́РСКАЯ ЦЭЦ Пабудавана ў 1958 (першая чарга) у г. Светлагорск Гомельскай вобл. як Васілевіцкая ДРЭС. Другая чарга пушчана ў 1965. Пасля ўвядзення ў эксплуатацыю цеплафікацыйных турбін у 1978 ДРЭС атрымала сучасную назву. У 1983—86 усе катлы ЦЭЦ пераведзены на выкарыстанне ў якасці паліва — газу і мазуту. Цяпер асн. паліва — спадарожны гаручы газ нафтавых радовішчаў з Беларускага газаперапрацоўчага завода і прыродны газ (з Расіі). ЦЭЦ мае 4 цеплафікацыйныя турбіны, 9 паравых катлоў і 1 воданагравальны кацёл. Магутнасць ЦЭЦ — 260 МВт/гадз электраэнергіі і 841 Гкал/гадз цеплаэнергіі. Забяспечвае цепла- і электраэнергетычныя патрэбы прадпрыемстваў і жыллёва-камунальнага сектара г. Светлагорск.

т. 14, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)