Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БАХЧАВЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,
група культурных раслін сямейства гарбузовых якія вырошчваюцца на харчовыя, кармавыя і тэхн. мэты. Да іх належаць кавун, дыня, гарбуз. Паходзяць з трапічных і субтрапічных краін Азіі, Афрыкі і Амерыкі. Вырошчваюць на ўсіх кантынентах. На Беларусі культывуюць гарбузы і іх разнавіднасці — кабачкі і патысоны, на Пд у аматарскіх пасевах, часцей у цяпліцах і на ўцепленым грунце, вырошчваюць дыні і кавуны. Найб. высокія ўраджаі бахчавыя культуры даюць на цалінных землях і аблогах, пасля шматгадовых траў. Бахчу размяшчаюць на багатых перагноем лёгкіх урадлівых глебах. Плады дыні і кавуна спажываюць свежыя, з іх гатуюць кавуновы (нардэк) і дынны (бекмес) мёд, вяленую дыню, варэнне, цукаты і інш., гарбузы спажываюць тушаныя, печаныя, кансерваваныя. Кармавыя кавуны і гарбузы — корм для жывёлы. З насення атрымліваюць алей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКАВІ́ТЫЯ КАРМЫ́, сакаўныя кармы,
раслінныя кармы з вял. колькасцю вады (больш за 70%), якая знаходзіцца ў звязаным стане. Да іх належаць зялёныя кармы, сілас, кармавыя караняплоды (буракі, турнэпс, бручка), клубні (бульба, тапінамбур), бахчавыя культуры (гарбузы, кавуны, кабачкі). Скормліваюцца ў сырым выглядзе. Станоўча ўплываюць на абмен рэчываў, страваванне, малочную прадукцыйнасць («малакагонныя» кармы; у іх лізіну і трыптафану больш, чым у зерневых кармах), спрыяюць лепшаму засваенню грубых кармоў. Маюць адносна нізкую агульную пажыўнасць: ад 0,1 да 0,3 кармавых адзінак у 1 кг корму. У сухім рэчыве пераважаюць лёгкарастваральныя вугляводы (крухмал і цукар). С.к. (за выключэннем бабовых раслін і сіласу з іх) бедныя пратэінамі (1—1,5%), клятчаткай (1—1,5%) і амаль не маюць тлушчаў. У попеле пераважаюць солі калію і натрыю; кальцыю і фосфару 0,03—0,04%. С.к. багатыя вітамінамі С, групы В, некат. (напр., гарбузы, морква, зялёны корм, сілас) — карацінам. Найб. рацыянальнае выкарыстанне С.к. у летні перыяд пры арганізацыі зялёнага канвеера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІ́ЎКАВАЯ ПЛЯ́МІСТАСЦЬ,
хвароба раслін, якая выклікаецца грыбам з роду кладаспорый. Узбуджальнік — кладаспорый агурковы (Cladosporium cucumerinum; пашкоджвае ўсю расліну ў цяпліцы і ў адкрытым грунце). На пладах (радзей чаранках і сцёблах) з’яўляюцца масляністыя плямы, якія ператвараюцца ў светла-карычневыя язвачкі са споранашэннем грыба аліўкавага колеру. На лісці ўтвараюцца бурыя плямы. Хварэюць на аліўкавую плямістасць пераважна агуркі, кабачкі, гарбузы, дыні, кавуны, патысоны. Пашкоджаныя плады трацяць таварныя якасці, маладая завязь гіне. Развіццю хваробы спрыяюць рэзкія перапады тэмпературы, высокая вільготнасць. Меры барацьбы: знішчэнне хворых пладоў, падтрыманне т-ры паветра ў цяпліцах не ніжэй за 17 °C, зніжэнне вільготнасці паветра да 70%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРА́КАС,
археалагічная культура індзейскіх плямён, што ў 5 ст. да н.э. — 2 ст.н.э. жылі на паўд. узбярэжжы Перу. Назва ад аднайм. паўвострава, дзе ўпершыню адкрыты могільнікі гэтай культуры. Насельніцтва жыло ў глінабітных дамах, займалася земляробствам (кукуруза, боб, гарбузы і інш.), марскім збіральніцтвам і рыбалоўствам, вырабляла ляпную паліхромную кераміку з малюнкамі, выкананымі смалістымі фарбамі. Вылучаюцца пахаванні ў глыбокім сферычных камерах, да якіх вядуць вертыкальныя (3—4 мглыб.) шахты, і засыпаных пяскоў збудаваннях, зробленых з цэглы-сырцу, ці ямах. Захавалася вял. колькасць мумій. Нябожчыкаў хавалі ў становішчы седзячы, іх чарапы штучна дэфармаваны, некаторыя маюць сляды трэпанацыі. У 2 ст.н.э. на аснове П. з’явілася культура Наска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫМЯРЗА́ННЕ РАСЛІ́Н,
гібель раслін або адміранне іх частак у выніку ўтварэння лёду ў тканках пад дзеяннем нізкіх тэмператур. Вада ў раслінных клетках і міжклетніках пачынае замярзаць пры т-ры ніжэй за -1 °C, што паступова прыводзіць да гібелі клеткі. Ступень пашкоджання пасеваў залежыць ад віду, сорту і фізіял. стану раслін. Сярод азімых найб. устойлівае да нізкіх т-р жыта. На Беларусі вымярзанне раслін назіраецца ў маласнежныя зімы пры т-ры паветра ніжэй за -22 °C. У асабліва халодныя зімы вымярзаюць азімыя збожжавыя культуры, пладовыя дрэвы і кусты. Бульба, памідоры, фасоля, агуркі, гарбузы вымярзаюць пры т-ры -2 °C. Лёгка вымярзае большасць інтрадукаваных раслін. Каб папярэдзіць вымярзанне пасеваў, выводзяць марозаўстойлівыя сарты, выкарыстоўваюць правільную агратэхніку, рэгулююць водны і паветраны рэжым глебы на меліяраваных аб’ектах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЗАКТАНІЁЗ,
хвароба раслін, якая выклікаецца недасканалым грыбам з роду рызактонія. Пашыраны ва ўсіх зонах бульбаводства. Пашкоджвае пераважна клубні, парасткі, сталоны і сцёблы, выклікае загніванне і заўчасную гібель раслін. На Р. хварэюць буракі, морква, агуркі, капуста, дыні, гарбузы, бавоўнік. На Беларусі найб. шкодны Р. бульбы.
Асн. крыніца інфекцыі — заражаныя клубні, на якіх утвараецца мноства дробных цёмна-бурых ці чорных нарасцей (склероцыі грыба). Пасля пасадкі са склероцыяў развіваецца грыбніца ўзбуджальніка, якая пашкоджвае парасткі: на іх паяўляюцца цёмна-бурыя плямы і язвы; парасткі надломліваюцца і гінуць. На прыкаранёвай ч. сцёблаў паяўляецца белы лямцавы налёт — споранашэнне грыба («белая ножка»). Верхавіннае лісце скручваецца, каля паверхні глебы ўтвараюцца пачварныя клубні, на сцёблах у пазухах лісця — дробныя «сядзячыя» клубні. Сярэднеўстойлівыя да Р. сарты бульбы — Рытм, Тэмп, Агеньчык, Лошыцкі.
Л.М.Прыступук.
Рызактаніёз бульбы: 1 — ніжняя частка расліны з белым лямцавым налётам; 2 — пашкоджаная верхавінка расліны; 3 — клубень са склероцыямі грыба; 4 — клубень з хворымі парасткамі; 5 — «сядзячыя» дробныя клубні; 6 — пачварны клубень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ТКЭРН (Pitcairn),
уладанне Вялікабрытаніі ў паўд.-ўсх. частцы Ціхага ак., у Палінезіі. Пл. 46,5 км². Складаецца з 4 астравоў, у т. л.в-аў Піткэрн (пл. 4,5 км², адзіны населены). Нас. каля 50 чал. (2000), англа-палінезійскія метысы. Адзіны нас. пункт, адм. ц. — паселішча Адамстаўн. Афіц. мова — англійская. В-аў Піткэрн вулканічнага паходжання, выш. да 335 м, астатнія астравы каралавыя. Клімат і расліннасць субтрапічныя. Асн. занятак насельніцтва — земляробства. Вырошчваюць батат, ямс, тара, маніёк, хлебнае дрэва, дыні, гарбузы, бананы, цукр. трыснёг, бабовыя, кукурузу, цытрусавыя, ананасы і інш. Гадуюць коз і курэй. Рыбалоўства. Саматужная вытв-сць сувеніраў. Гал. крыніца даходаў — продаж мясц. паштовых марак, якія карыстаюцца вял. попытам у філатэлістаў. Марскія сувязі пераважна з Новай Зеландыяй. Грашовая адзінка — долар Піткэрна.
У старажытнасці П наведвалі палінезійцы. Адкрыты ў 1767 брыт. капітанам Ф.Картэрэтам. У 1790 на П. знайшлі прытулак 9 маракоў з мяцежнага брыт.ваен. карабля «Баўнці». Яны прывезлі з сабой некалькі палінезійскіх жанчын; іх нашчадкі складаюць сучаснае насельніцтва П. У 1839 абвешчаны брыт. калоніяй, да якой у 1902 далучана некалькі суседніх астравоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРУ́ЛЬ (Людміла Іванаўна) (н. 15.9.1947, в. Мацвееўцы Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. мастак, педагог. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1971). У 1971—73 мастак-афарміцель тканін Баранавіцкага баваўнянага камбіната, з 1976 мастак-афарміцель Дома літаратара ў Мінску. З 1980 выкладчык дзіцячых маст. школ у Мінску, у 1989—95 адначасова выкладала ў Бел.АМ. Працуе ў дэкар.-прыкладным мастацтве (габелен, батык), графіцы. Творчасці ўласцівы канструктыўна-асацыятыўны падыход да вырашэння тэмы, выкарыстанне традыцый бел.нар. мастацтва, фальклорных і літ. матываў, яркая індывідуальнасць тэхнік ткацтва, гарманічная ўраўнаважанасць кампазіцыі і каларыту. Аўтар габеленаў: «Хлеб» і «Лён» для Дома культуры ў в. Перхавічы Баранавіцкага р-на (1973—74), «Хатынь» (1975), «Лучынка», «Стану песняй у народзе» (абодва 1976), «Памяці дзядоў маіх» (1977), «У зачараваным царстве» (1981), «Сказ пра бульбу» (серыя; 1983—84), «Яблыня. 1941 год» (1985), «Сугучнасць» (1987), «Вярба» (1994), «Блуканне па раі» (1997), «Скрыпачы» (1999), «Парваныя пацеркі» (серыя, 2000); габеленавых партрэтаў: «М.Багдановіч», «А.Міцкевіч», «М.Цвятаева» (цыкл), «Маці», «Сын», аўтапартрэт (усе 1994—98); серый батыкаў: «Старыя, старыя багі», «Крымскія акварэлі» (абедзве 1987—88), «Адвечнае» (1994); манатыпій паводле лірыкі Цвятаевай (1970), «Анатомія кляновага ліста», «Жыццё — рух» (усе 1996), «Партрэт сына», «Гарбузы» (усе 1997), «Кветкі», «Чалавек у горадзе» (усе 1999—2000); грызайляў «Мастак і яго муза» (1970—71) і інш. Піша вершы. Цыкл вершаў «Ля веснічак» уключаны ў зб. паэзіі «Сцяжына» (1983).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЙЯ,
індзейскі народ у Мексіцы, Гватэмале (п-аў Юкатан) і Белізе. 700 тыс.чал., у т. л. ў Мексіцы 670 тыс. (1992). Мова М. з галіны майя-кічэ. Вернікі — католікі. Продкі М. стварылі адну з найб. развітых цывілізацый дакалумбавай Амерыкі, якая існавала на тэр. сучасных паўд.-ўсх. Мексікі, Гватэмалы, Беліза і Гандураса. Узнікненне цывілізацыі М. звязана з культурай альмекаў. Умоўна стараж. гісторыю М. падзяляюць на «Стараж. царства» (1-е тыс. да н.э. — 8—9 ст. н.э.) і «Новае царства» (11—16 ст.). «Стараж. царства» — час найб.культ. росквіту цывілізацыі М., асн. цэнтры якой знаходзіліся ў даліне р. Усумасінта і на плато Петэн. З гэтых часоў захаваліся руіны больш як 40 гар. цэнтраў М.: Цікаля, Вашактуна, Капана, Паленке, Банампака і інш. Паводле апошніх даследаванняў, яны былі сапраўднымі гарадамі, а не толькі цырыманіяльнымі цэнтрамі, як лічылася раней. М. ведалі развітую сістэму земляробства («паднятыя палі», ірыгацыю, палі на тэрасах), якая дазваляла ім вырошчваць кукурузу, фасолю, гарбузы, памідоры, караняплоды, бавоўнік. З свойскіх жывёл гадавалі індыкоў і сабак. Займаліся паляваннем, рыбалоўствам і пчалярствам. Унутр. супярэчнасці і ўварванне інш. плямён прывялі да заняпаду і поўнага абязлюдзення гарадоў. З 9 ст. пачаўся рост паселішчаў М. на п-ве Юкатан, якія да пач. 11 ст. былі заваяваны плямёнамі тальтэкаў з Мексікі. Узнікла змешаная майя-тальтэкская культура. Сталіцай тальтэкаў быў г. Чычэн-іца, які разбурылі паўстаўшыя М. ў пач. 13 ст. У 13—15 ст. на Юкатане панавалі правіцелі г. Майяпан; значнымі цэнтрамі былі гарады Ушмаль, Тулум і інш. (захаваліся руіны). Пасля разбурэння ў сярэдзіне 15 ст. Майяпана на Юкатане ўзнікла мноства незалежных гарадоў-дзяржаў, што былі заваяваны іспанцамі (апошні з іх, Тайясаль, у 1697). М. неаднаразова паўставалі супраць іспанцаў і ўлад Мексікі (найб. працяглым было паўстанне 1847—1904). Ад стараж. цывілізацыі М. захаваліся шматлікія рэшткі будынкаў — храмы на вял. 4-гранных ступеньчатых пірамідах («Храм Сонца» і «Храм надпісаў» у Паленке і інш.), шматпакаёвыя палацы, пляцоўкі для культавых гульняў. Значнае развіццё набыла скульптура ў выглядзе рэльефаў на сценах храмаў і стэлах. Жывапіс прадстаўлены насценнымі размалёўкамі (Банампак). М. стварылі найб. дасканалую ў дакалумбавай Амерыцы сістэму пісьма (гл.Майя пісьмо), валодалі ведамі ў матэматыцы і астраноміі, якія дазволілі ім стварыць дакладны сонечны каляндар.
Літ.:
Рус А. Народ майя: Пер. с исп. М., 1986;
Гуляев В.И. Города-государства майя. М., 1979;
Яго ж. Древние майя: Загадки погибшей цивилизации. М., 1983.
В.У.Адзярыха.
Да арт.Майя. Рэшткі палацавых пабудоў у Паленке (Мексіка).