ПАРА́КАС,
археалагічная культура індзейскіх плямён, што ў 5 ст. да н.э. — 2 ст. н.э. жылі на паўд. узбярэжжы Перу. Назва ад аднайм. паўвострава, дзе ўпершыню адкрыты могільнікі гэтай культуры. Насельніцтва жыло ў глінабітных дамах, займалася земляробствам (кукуруза, боб, гарбузы і інш.), марскім збіральніцтвам і рыбалоўствам, вырабляла ляпную паліхромную кераміку з малюнкамі, выкананымі смалістымі фарбамі. Вылучаюцца пахаванні ў глыбокім сферычных камерах, да якіх вядуць вертыкальныя (3—4 м глыб.) шахты, і засыпаных пяскоў збудаваннях, зробленых з цэглы-сырцу, ці ямах. Захавалася вял. колькасць мумій. Нябожчыкаў хавалі ў становішчы седзячы, іх чарапы штучна дэфармаваны, некаторыя маюць сляды трэпанацыі. У 2 ст. н.э. на аснове П. з’явілася культура Наска.
А.В.Іоў.
т. 12, с. 85
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)