ВАСІ́ЛЬЧАНКА (сапр. Панасенка) Сцяпан Васілевіч

(8.1.1879, г. Ічня Чарнігаўскай вобл., Украіна — 11.8.1932),

украінскі пісьменнік. Скончыў Карастышаўскую настаўніцкую семінарыю (1898). Настаўнічаў. Асн. тэмы твораў — жыццё ўкр. дарэв. вёскі (зб-кі апавяданняў «Эскізы», 1911; «Апавяданні», 1915), праца нар. настаўніка (навелы «Вячэра», «Чароўная Галя», «Грэх»), падзеі 1-й сусв. вайны («Акопны дзённік», 1917, і інш.). Аўтар п’ес, кінасцэнарыяў, фельетонаў, незакончанай аповесці пра Т.​Шаўчэнку «У бур’янах» (апубл. 1938).

Тв.:

Твори. Т. 1—3. Київ, 1974.

Літ.:

Шумило Н.М. Проза Степана Васильченко. Київ, 1986.

В.​А.​Чабаненка.

т. 4, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКРУЖНА́Я Святлана Арцёмаўна (н. 26.1.1947, г. Чарнаўцы, Украіна),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1991). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1969). Працуе ў Бел. т-ры імя Я.​Коласа. Выконвае ролі лірыка-драматычныя, востракамедыйныя, характарныя: Дачка («Зацюканы апостал» А.​Макаёнка), Люська («Радавыя» А.​Дударава), Анютка («Улада цемры» Л.​Талстога), Галя Чацвяртак («А зоры тут ціхія» паводле Б.​Васільева), Катрын («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.​Брэхта), Люсі Мерыкур («Будзьце здаровы!» П.​Шэно), Франка («Хам» паводле Э.​Ажэшкі) і інш.

С.А.Акружная.

т. 1, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЗДО́ВА Лілія Сцяпанаўна (н. 12.6.1927, г. Байрам-Алі, Туркменія),

бел. і рус. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1953), нар. арт. Расіі (1971). Скончыла Бел. тэатр. ін-т (1950). Працавала ў Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Выконвала ролі маладых гераінь. Яе знешнія даныя, сцэн. абаяльнасць, мяккасць, творчая індывідуальнасць спрыялі ўвасабленню на бел. сцэне нац. характару: Алена («Салавей» З.​Бядулі), Дуня («Простая дзяўчына» К.​Губарэвіча), Насця («Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы, Дзярж. прэмія СССР 1952; і ў фільме-спектаклі). З інш. роляў: Таня («Таня» А.​Арбузава), Галя («У добры час!» В.​Розава), Ніна Зарэчная («Чайка» А.​Чэхава). Знялася ў фільмах-спектаклях «Паўлінка», «Несцерка», «Хто смяецца апошнім». З 1957 у Ніжагародскім драм. т-ры імя М.​Горкага.

т. 6, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАНЬКАВЕ́ЦКАЯ (сапр. Адасоўская) Марыя Канстанцінаўна

(4.8.1854, в. Занькі Чарнігаўскай вобл., Украіна — 4.10.1934),

украінская актрыса і тэатр. дзеяч. Нар. артыстка Украіны (1923). З 1882 вядучая актрыса ўкр. труп М.​Крапіўніцкага, М.​Старыцкага, М.​Садоўскага, П.​Саксаганскага, І.​Карпенкі-Карага і інш. У 1907 разам з Садоўскім арганізавала першы ўкр. т-р у Кіеве. Узначальвала Нар. т-р у Нежыне (1918), удзельнічала (разам з Саксаганскім) у стварэнні Нар. т-ра ў Кіеве (1918, цяпер Львоўскі ўкр. драм. т-р імя М.​Занькавецкай). Сцэнічная творчасць адметная шчырасцю перажыванняў, майстэрствам унутранага і знешняга пераўвасаблення. Сярод лепшых роляў: Наталка, Цярпіліха («Наталка-Палтаўка» І.​Катлярэўскага), Галя («Назар Стадоля» Т.​Шаўчэнкі), Харыціна, Сафія («Наймічка», «Бесталанная» Карпенкі-Карага), Аза («Цыганка Аза» Старыцкага), Аксюша («Лес» А.​Астроўскага) і інш.

Літ.:

Дурилін С.М. Марія Заньковецька. Київ, 1955.

М.К.Занькавецкая.

т. 6, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЭНАЛО́ГІЯ [ад грэч. phrēn (phrenos) душа, розум, сэрца + ...логія],

вучэнне аб сувязі псіхічных асаблівасцей чалавека ці жывёлы з вонкавай формай чэрапа. Распрацавана аўстр. урачом і анатамам Ф.​Галем. Асаблівае пашырэнне набыла ў 1-й пал. 19 ст. ў краінах Зах. Еўропы, дзе ў 1830—40-х г. ствараліся фрэналагічныя т-вы. Прыхільнікі Ф. лічылі, што кара галаўнога мозга складаецца з шэрагу цэнтраў, у якіх лакалізуюцца пэўныя здольнасці чалавека; пры моцным развіцці пэўнай здольнасці адпаведны цэнтр мозга таксама больш развіты, што нібыта адлюстроўваецца на канфігурацыі чэрапа («шышкі здольнасцей» да музыкі, паэзіі, жывапісу, «пагоркі» славалюбства, сквапнасці і інш.). Дасягненні ў фізіялогіі даказалі няслушнасць Ф., што надоўга дыскрэдытавала рацыянальнае ў вучэнні Галя — прынцып лакалізацыі вышэйшых псіхічных функцый, які атрымаў пацвярджэнне ў 1870-х г. (Г.​Фрыч, Э.​Гітцыг і інш.).

т. 16, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВІДО́ВІЧ Лілія Міхайлаўна (н. 25.12.1936, г. Гродна),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1975). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1960). Працуе ў Нац. т-ры імя Я.​Купалы. У яе творчасці спалучаюцца быт. і рамантычнае мастацтва, вастрыня і яскравасць малюнка ролі з лірызмам і паэтычнасцю. Найб. поўна яе акцёрская індывідуальнасць раскрылася ў ролі Ганны Чарнушкі («Людзі на балоце» паводле І.​Мележа; Дзярж. прэмія Беларусі 1966 за выкананне аднайм. ролі ў тэлеспектаклі). Сярод роляў: Рая, Соня, Галя («Пагарэльцы», «Лявоніха на арбіце», «Трыбунал» А.​Макаёнка), Вера («Радавыя» А.​Дударава), Юлія Тугіна («Апошняя ахвяра» А.​Астроўскага), Валька, Марыя Сяргееўна («У мяцеліцу», «Залатая карэта» Л.​Лявонава), Шафрак («У ноч зацьмення месяца» М.​Карыма), Дзіяна («Канец — справе вянец» У.​Шэкспіра), Аманда («Блакітная ружа» Т.​Уільямса). Здымаецца ў кіно («Вазьму твой боль», «Людзі на балоце», «Подых навальніцы» і інш.), тэлеспектаклях («Крах», «Ткачы», «Федра»).

Л.М.Давідовіч.
Л.М.Давіловіч у ролях Юліі Тугінай (злева) і Ганны Чарнушкі.

т. 5, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАПЕ́ЛЬКА Зінаіда Ігнатаўна (25.12.1918, г.п. Багушэўск Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 27.5.1997),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1972). Скончыла студыю Бел. т-ра імя Я.​Коласа (1938), працавала ў гэтым т-ры. Выканаўца лірыка-драм. і вострахарактарных роляў. Творчасць адметная эмацыянальнасцю, адкрытым тэмпераментам, яркасцю тэатр. формы пры дакладнай псіхал. распрацоўцы характараў. З лепшых роляў у бел. рэпертуары: Насця і Мальвіна, Ганна («Несцерка», «Машэка» В.​Вольскага), Галя («Алазанская даліна» І.​Дорскага і К.​Губарэвіча), Насця Вярбіцкая, Вікця, Ганна Ціханаўна («Пяюць жаваранкі», «Людзі і д’яблы», «Блытаныя сцежкі» К.​Крапівы), Аксіння і Вольга («Крыніцы» і «Снежныя зімы» паводле І.​Шамякіна), Маці («Бацькаўшчына» К.​Чорнага і «Парог» А.​Дударава), Паліна («Трыбунал» А.​Макаёнка), Лявоніха («Лявоніха» П.​Данілава), Яўхіміха («Кастусь Каліноўскі» У.​Караткевіча), у класічным рэпертуары: Цалаваньева, Антаніна («Зыкавы», «Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага), Наташа («Тры сястры» А.​Чэхава), Марыя Антонаўна («Рэвізор» М.​Гогаля), Разалія Паўлаўна («Клоп» У.​Маякоўскага), Лізавета, лэдзі Мільфард («Марыя Сцюарт», «Каварства і каханне» Ф.​Шылера), Генерылья («Кароль Лір» У.​Шэкспіра) і інш.

Т.​Я.​Гаробчанка.

З.І.Канапелька.
З.Канапелька ў ролі Насці.

т. 7, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТЛІ́ЦКАЯ Валянціна Сяргееўна (н. 7.10.1947, г. Каменка-Дняпроўская Запарожскай вобл., Украіна),

бел. артыстка аперэты (сапрана). Засл. арт. Беларусі (2002). Скончыла Бел. кансерваторыю (1974). З 1970 артыстка хору, з 1974 салістка Бел. дзярж. муз. т-ра. Для творчай індывідуальнасці П. характэрны эмацыянальнасць, шчырасць у перадачы пачуццяў, артыстызм. Сярод партый: Царэўна і Ліса («Сцяпан — вялікі пан» Ю.​Семянякі), Насця, Надзя («Несцерка», «Судны час» Р.​Суруса), Патрысія і Епіфанія («Мільянерка» Я.​Глебава), Агнеса («Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані), Каралева («Шклянка вады» У.​Кандрусевіча), Зорыка, Ганна і Валянціна («Цыганскае каханне», «Вясёлая ўдава» Ф.​Легара), Адэта, Сільва, Віялета («Баядэра», «Сільва», «Фіялка Манмартра» І.​Кальмана), Адэль, Аніна («Лятучая мыш», «Ноч у Венецыі» І.​Штрауса), Стэла («Вольны вецер» І.​Дунаеўскага), Ірынка («Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава), Соф’я («Гора ад розуму» А.​Фельзера), Раксана («Сірано дэ Бержэрак» С.​Пажлакова), Галя («Старыя дамы» А.​Фельцмана), Глорыя («Дарагая Памэла» М.​Самойлава), Чаніта («Пацалунак Чаніты» Ю.​Мілюціна), Мама і Каламбіна («Дзіцячы альбом» на муз. П.​Чайкоўскага), Лялька («Стойкі алавяны салдацік» С.​Баневіча) і інш.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 18, кн. 1, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЬЧЭ́ЎСКІ Алесь (Аляксандр Восіпавіч; 16.1.1905, в. Прусінава Ўздзенскага р-на Мінскай вобл. — 26.4.1979),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1931). Працаваў у час. «Іскры Ільіча». У 1936 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Ніжагародскай вобл. У 1946—48 настаўнічаў на Міншчыне. У 1949 зноў незаконна асуджаны, высланы ў Краснаярскі край. Рэабілітаваны ў 1954. З 1955 у Мінску, з 1957 працаваў у час. «Вясёлка». Друкаваўся з 1924. Аўтар зб-каў апавяданняў «Родныя берагі» (1958), «Разбітае люстэрка» (1965), «Былі ў маці сыны» (1968), аповесцей і апавяданняў «Жнівеньская раніца» (1963), «Запознены пасаг» (1973), «Ноч на вахце» (1979). Пісаў для дзяцей п’есы, апавяданні (кн. «Беражанкі», 1958; «Аля і Галя», 1961; «Дым над лесам», 1964; «Таемная крушня», 1969; «Аднавокі сом», 1974), аповесці («Ты не адзін». 1959; «Данеўцы — нашы знаёмыя», 1965; «Тайна аднаго звяна», 1970; «Сцежкі», 1976). Асн. рысы яго творчасці — улюбёнасць у родны край, добрае веданне псіхалогіі селяніна, сял. побыту, жыцця дзяцей і юнацтва. На бел. мову перакладаў творы рус., укр. і груз. пісьменнікаў.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1975;

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1980.

Літ.:

Грахоўскі С. Чаго не паспеў сказаць // Маладосць. 1980. № 1;

Цулукідзе Т. Памяць // Там жа. 1985. № 1.

А.Пальчэўскі.

т. 12, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВЕ́ЛА (італьян. novella літар. навіна),

малы эпічны від л-ры, які суадносіцца з апавяданнем, але адрозніваецца ад яго вострым цэнтраімклівым, нярэдка парадаксальным сюжэтам, адсутнасцю апісальнасці і кампазіцыйнай строгасцю. Паэтызуючы выпадак, Н. найб. поўна раскрывае ядро сюжэта — цэнтр. перыпетыю, зводзіць жыццёвы матэрыял у фокус адной падзеі.

Літ. Н. ўзнікла ў эпоху Адраджэння ў Італіі («Дэкамерон» Дж.​Бакачыо), потым у Англіі, Францыі і Іспаніі (Дж.​Чосер, Маргарыта Наварская, М.​Сервантэс). Росквіт Н. прыпадае на эпоху рамантызму (Л.​Цік, Г. фон Кляйст, Э.Т.​А.​Гофман, П.​Мерымэ, Э.​По). У канцы 19 — пач. 20 ст. да Н. звярталіся Гі дэ Мапасан, О.​Генры, Л.​Пірандэла, С.​Цвэйг, Р.​Акутагава і інш. У мадэрнісцкай л-ры ўзоры Н. даў Ф.​Кафка. У рус. л-ры прадстаўлена А.​Чэхавым, Л.​Андрэевым, І.​Буніным; прадуктыўна развівалася ў 1920-я г. (І.​Бабель, У.​Іванаў, А.​Грын, М.​Зошчанка, В.​Каверын і інш.). Замежная навелістыка апошніх дзесяцігоддзяў прадстаўлена імёнамі Х.​Л.​Борхеса, Х.​Картасара, Г.​Бёля, Ф.​О’Конара, І.​Зінгера, Дж.​Чывера і інш.

У бел. л-ры пра Н. можна гаварыць хутчэй як пра разнавіднасць апавядання. Цікавыя прыклады навелістычнага асэнсавання рэчаіснасці прыпадаюць на гады агульнага маст. ўздыму — пач. 20 ст., 1920-я г., перыяд Вял. Айч. вайны: «Малады дубок» і «Сяргей Карага» Я.​Коласа, «Прысяга над крывавымі разорамі» Цёткі, «Літоўскі хутарок» М.​Гарэцкага, «Парфір Кіяцкі» і «Вялікае сэрца» К.​Чорнага, «Над Бугам» і «Астап» М.​Лынькова, «Двое Жвіроўскіх» М.​Зарэцкага, «Кнак» П.​Галавача, «Над Кроманню» Я.​Нёманскага, «Ілька» В.​Каваля, «Прыгранічны манастыр» Р.​Мурашкі. Прыкметныя поспехі ў бел. навелістыцы дасягнуты ў 1950—80-я г.: яркія ўзоры Н. стварылі Я.​Брыль («Галя»), Я.​Скрыгай («Наталя»), В.​Выкаў («Адна ноч»), Б.​Сачанка («Дзік-бадзяга»), В.​Адамчык («Кароль Нябожа») і інш. У апошнія дзесяцігоддзі да жанру Н. звярталіся І.​Пташнікаў («Тры пуды жыта»), А.​Кудравец («Елачка»), А.​Жук («Жонка героя»), В.​Гігевіч («Райка»), У.​Арлоў («Місія папскага нунцыя»), Г.​Марчук («Хаос») і інш.

С.​Л.​Андраюк.

т. 11, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)