ФРЭНАЛО́ГІЯ [ад грэч. phrēn (phrenos) душа, розум, сэрца + ...логія],

вучэнне аб сувязі псіхічных асаблівасцей чалавека ці жывёлы з вонкавай формай чэрапа. Распрацавана аўстр. урачом і анатамам Ф.​Галем. Асаблівае пашырэнне набыла ў 1-й пал. 19 ст. ў краінах Зах. Еўропы, дзе ў 1830—40-х г. ствараліся фрэналагічныя т-вы. Прыхільнікі Ф. лічылі, што кара галаўнога мозга складаецца з шэрагу цэнтраў, у якіх лакалізуюцца пэўныя здольнасці чалавека; пры моцным развіцці пэўнай здольнасці адпаведны цэнтр мозга таксама больш развіты, што нібыта адлюстроўваецца на канфігурацыі чэрапа («шышкі здольнасцей» да музыкі, паэзіі, жывапісу, «пагоркі» славалюбства, сквапнасці і інш.). Дасягненні ў фізіялогіі даказалі няслушнасць Ф., што надоўга дыскрэдытавала рацыянальнае ў вучэнні Галя — прынцып лакалізацыі вышэйшых псіхічных функцый, які атрымаў пацвярджэнне ў 1870-х г. (Г.​Фрыч, Э.​Гітцыг і інш.).

т. 16, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)