Галы (гістар.) 3/317; 5/545; 9/544; 10/632; 11/304
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Галы (у раслін) 1/497; 3/299, 317; 4/299; 6/387; 10/262, 604
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛЫ
(лац. Galli),
кельцкія плямёны, якія ў 6—5 ст. да н.э. засялілі тэрыторыю, названую рымлянамі Галія. У Італію галы прыйшлі, верагодна, з Поўначы, у 387 да н.э. захапілі Рым, пасля адступілі і аселі на Пн ад р. По. У 3 ст. да н.э. занялі Швейцарыю, у 2 ст. да н.э. паўн.-ўсх. раёны Галіі. Пасля 2-й Пунічнай вайны (218—201 да н.э.) галы ў Італіі трапілі пад уладу Рыма. Мелі даволі высокую культуру (гл. Латэн), гандлявалі з Грэцыяй, Італіяй, чаканілі манету.
т. 4, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛЫ
(ад лац. galla чарнільны арэшак),
цэцыдыі, мясцовыя паталагічныя разрастанні (новаўтварэнні) тканак раслін. Маюць выгляд бародавак, нарасцей, шарыкаў (напр., т.зв. «чарнільныя арэшкі» на лістах дуба), складак і інш. Выклікаюцца вірусамі, бактэрыямі, грыбамі, нематодамі, кляшчамі, насякомымі (арэхатворкамі, галіцамі, гесенскай мухай, лістаблошкамі, пільшчыкамі, тлямі і інш.). Вядома больш за 15 тыс. разнавіднасцей галаў. Узнікаюць у выніку мех. раздражнення клетак або ўздзеяння хім. рэчываў (таксінаў). У галах назапашваецца вял. колькасць вады і пажыўных рэчываў, за кошт якіх жывяцца паразіты. Аслабляюць расліну, парушаюць абмен рэчываў, затрымліваюць рост і могуць прывесці да гібелі. Галы на дубе, сумаху, фісташцы багатыя дубільнымі рэчывамі, выкарыстоўваюцца для іх прамысл. атрымання.
т. 4, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭХАТВО́РКІ
(Cynipoidea),
надсямейства насякомых атрада перапончатакрылых. Каля 1,9 тысяч відаў. Пашыраны ў Паўночным паўшар’і. На Беларусі найбольш вядомыя арэхатворка дубовая звычайная (Cynips quercus folii), каранёвая (Biorrhiza pallida) і ружовая (Rhodites rosae).
Даўжыня цела 1—5 мм, зрэдку да 25 мм. Лічынкі паразітуюць у тканках раслін (часцей на дубах і ружавых), утвараюць нарасты (галы) накшталт арэшкаў (адсюль назва), характэрныя для кожнага віду. Унутры іх развіваюцца лічынкі. Некаторыя паразітуюць у лічынках насякомых. Лічынкі бязногія, белыя, дарослыя — чорныя або бурыя. Дубовыя галы («чарнільныя арэшкі») раней выкарыстоўвалі на дубленне скуры і прыгатаванне чарніла.
т. 2, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛАВЫЯ КЛЯШЧЫ́,
чатырохногія кляшчы (Eriophydae або Tetrapodili), падсямейства кляшчоў атр. акарыформных. Больш за 1500 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на раслінах, высмоктваюць змесціва іх клетак, многія ўтвараюць галы (адсюль першая назва). На Беларусі вядомы: грушавы (Eriophyes piri), парэчкавы пупышкавы (Eriophyes ribis), альховы (Eriophyes laevis), ясянёвы (Eriophyes fraxinivorus), хваёвы (Eriophyes pini) і інш. кляшчы.
Даўж. 0,1—0,6 мм, цела чэрвепадобнае, малочна-белае, залаціста-жоўтае, белаватае, саламяна-жоўтае. 4 пяцічленікавыя нагі (адсюль другая назва). Ротавыя органы сысучыя. Органаў дыхання і вачэй няма. Кладуць яйцы, з якіх развіваюцца лічынкі. Шкодзяць пладовым дрэвам, палявым і агародным культурам, лесу. Некаторыя віды — пераносчыкі ўзбуджальнікаў вірусных хвароб раслін. Знішчаюць галавых кляшчэй акарыцыдамі.
т. 4, с. 445
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛІЦЫ
(Cecidomyiidae),
сямейства насякомых падатр. даўгавусых двухкрылых. Каля 4 тыс. відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць на раслінах у галах (адсюль назва), гнілой драўніне, глебе, лясным подсціле. На Беларусі найб. вядомыя галіцы парэчкавыя (3 віды), галіца малінавая сцябловая (Lasioptera rubi), гесенская муха і інш.
Даўж. 1—5 мм. Падобныя да камароў. Ногі доўгія, тонкія. Жылкаванне крылаў спрошчанае. Дарослыя звычайна не кормяцца, жывуць да 20 сутак. Лічынкі верацёнападобныя, зрэдку ярка афарбаваныя; у прымітыўных відаў галіцы развіваюцца ў рэштках раслін, якія гніюць, у вышэйшых — у тканках раслін і выклікаюць галы. Лічынкі зімуюць у глебе. Шкодзяць сельскай і лясной гаспадарцы, некаторыя карысныя.
т. 4, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛА́КАВЫЯ МУ́ХІ
(Chloropidae),
сямейства караткавусых круглашоўных насякомых атр. двухкрылых. Каля 2500 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у траве на лугах, узлесках, балотах. Большасць лічынак жыве ўнутры сцёблаў злакаў і асок, на суквеццях, утвараюць галы. На Беларусі каля 100 відаў, найб. вядомыя з родаў шведскіх мух (Oscinella), зеленавочак (Chlorops), мераміз (Meromyza).
Даўж. 1—8 мм. Цела шэрае, чорнае, зеленаватае або жоўтае з чорнымі палосамі. За год 1—5 генерацый. Лічынкі большасці З.м. расліннаедныя, могуць пашкоджваць сцёблы і насенне злакаў; ёсць сапрафагі; некат. драпежныя, жывуць у яйцавых коканах павукоў, багамолаў, у глебе на каранёвых тлях і інш. Некат. віды ў тропіках — пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб чалавека і жывёл.
т. 7, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)