ГА́ЛЫ
(ад лац. galla чарнільны арэшак),
цэцыдыі, мясцовыя паталагічныя разрастанні (новаўтварэнні) тканак раслін. Маюць выгляд бародавак, нарасцей, шарыкаў (напр., т.зв. «чарнільныя арэшкі» на лістах дуба), складак і інш. Выклікаюцца вірусамі, бактэрыямі, грыбамі, нематодамі, кляшчамі, насякомымі (арэхатворкамі, галіцамі, гесенскай мухай, лістаблошкамі, пільшчыкамі, тлямі і інш.). Вядома больш за 15 тыс. разнавіднасцей галаў. Узнікаюць у выніку мех. раздражнення клетак або ўздзеяння хім. рэчываў (таксінаў). У галах назапашваецца вял. колькасць вады і пажыўных рэчываў, за кошт якіх жывяцца паразіты. Аслабляюць расліну, парушаюць абмен рэчываў, затрымліваюць рост і могуць прывесці да гібелі. Галы на дубе, сумаху, фісташцы багатыя дубільнымі рэчывамі, выкарыстоўваюцца для іх прамысл. атрымання.
т. 4, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)