О,
шаснаццатая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай О («он»), што ўзнікла на аснове грэка-візантыйскай устаўнай Ο («омікрон»). У старабел. графіку перайшла са стараж.-рус. пісьменства. Абазначала галосны гук «о» пасля цвёрдых зычных («народъ», «столъ), мела лічбавае значэнне «семдзесят». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае лабіялізаваны галосны гук «о» задняга рада сярэдняга пад’ёму ў пачатку слоў і пасля цвёрдых зычных пад націскам («Орша», «родны»).
А.М.Булыка.
т. 11, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫФТО́НГ (ад грэч. tri трох + phthongos голас, гук),
складаны галосны гук, які ўключае тры элементы, што ўтвараюць адзін склад. Характэрны пераважна для моў, якія маюць дыфтонгі. Звычайна маюць такую ж працягласць, што і дыфтонг. Найб. вывучаны Т. англ. мовы.
т. 16, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАМІ́ЧНАЕ ПІСЬМО́ (стараж.-ірл. ogam, ogum),
літарнае пісьмо кельтаў і піктаў на Брытанскіх а-вах. Вядома па надпісах з 4 ст. Аснова агамічнага пісьма — лінія, на якую наносіліся кропкі і штрыхі. Літара складалася з сукупнасці аднолькавых (ад 1 да 5) штрыхоў (зычны гук) ці кропак (галосны гук). Паходжанне невядома. Выцеснена лацінкай, але як тайнапіс у Ірландыі захавалася да 17 ст.
т. 1, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФТО́НГ (ад ды... + грэч. phthongos голас, гук),
складаны галосны гук, які ўключае складаўтваральны і нескладаўтваральны элементы ў адным складзе. Звычайна Д. маюць большую працягласць, чым мафтонгі. Адрозніваюцца Д : узыходны, у якім складаўтваральным кампанентам з’яўляецца другі элемент (напр., франц. [] pied); сыходны, калі складаўтваральны кампанент — першы элемент (напр., ням. [] Leid, англ., [] my). У бел. мове ёсць Д. [] і [] толькі ў дыялектах на Пд Беларусі. Вымаўляюцца ў закрытых складах замест «о» і «е», а таксама замест «е» што паходзіць з «ѣ»: напр., кнь, см, лта (конь, сем, лета).
т. 6, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАФТО́НГ (ад мана... + грэч. phthongos гук),
галосны, які характарызуецца артыкуляцыйнай і акустычнай аднароднасцю, г.зн. стацыянарным становішчам органаў, што артыкулююць гук, і стацыянарнымі частотамі фармант, чым адрозніваецца ад дыфтонга і трыфтонга. Аднароднасць М. адносная: артыкуляцыйны ўклад і фармантна-часавая структура галоснага залежаць ад акаляючых яго зычных. Так, уплыў мяккіх зычных на суседнія галосныя выражаецца ў тым, што пасля мяккіх зычных пераходны ўчастак любога галоснага мае частотныя характарыстыкі фармант, блізкія да характарыстык галоснага [і]. Бел. М. [а] паміж мяккіх зычных набывае асабліва неаднароднае (дыфтангічнае) гучанне. У сістэме галосных розных моў М. сустракаюцца часцей за дыфтонгі.
Літ.:
Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989.
Л.Ц.Выгонная.
т. 10, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А,
першая літара бел. алфавіта і інш. алфавітаў на лац. і рус. аснове. Графічнае напісанне паходзіць ад кірыліцкага а (аз), якое генетычна звязана з грэч. α (альфа), а праз яго з фінікійскім 𐤀 (алеф). У кірыліцы мела і лікавае значэнне 1, з дадатковымі значкамі
— 1000,
— 10 000,
— 100 000,
— 1 000 000. У сучаснай бел. мове літара «а» абазначае галосны гук «а» сярэдняга раду ніжняга пад’ёму.
т. 1, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І,
дзесятая літара бел. і некаторых інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай І («і дзесяцярычнае»), утворанай на аснове грэка-візант. устаўнай Ι («ёта»). У старабел. пісьменстве абазначала гук «і» найчасцей перад галоснымі і «й» («великій», «пріехати»), Мела лічбавае значэнне «дзесяць». Паралельна з ёй для абазначэння гука «і» выкарыстоўвалася літара И з И («іжэ»), што ўзнікла на аснове грэка-візант. устаўнай Η («эта»), У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае нелабіялізаваны галосны гук «і» пярэдняга рада верхняга пад’ёму («ніва»), а ў пач. слова, пасля галосных, «ў», «ь» і апострафа — спалучэнне гукаў «йі» («іней — йіней», «краіна — крайіна», «салаўі — салаўйі», «вераб’іны — в’эрабйіны»).
А.М.Булыка.
т. 7, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ю,
трыццаць першая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай Ю («ю»). У старабел. графіцы ў сувязі з функцыянаваннем розных пісьмовых школ і выкарыстаннем розных тыпаў пісьма (устаў, паўустаў, скорапіс) ужывалася ў некалькіх варыянтах, якія памагаюць вызначаць час і месца напісання помнікаў. Абазначала гук «у» пасля мяккіх зычных і «j» («людъ», «юбка»). У 16 ст., акрамя рукапіснай, набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае лабіялізаваны галосны гук «у» задняга рада верхняга пад’ёму і мяккасць папярэдняга зычнага («салют» — «сал’ут»), а ў пачатку слова, пасля галосных, «ў», «ь» і апострафа — спалучэнне гукаў «йу» («юнак» — «йунак», «саюз» — сайус», «наўючыць» — «наўйучыць», «лью» — «л’йу», «б’ю» — «бйу»). Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную форму.
А.М.Булыка.
т. 18, кн. 1, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
У,
дваццаць першая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай У («іжыца»), утворанай на аснове грэка-візантыйскай устаўнай Υ («іпсілон»). У старабел. графіцы ў сувязі з функцыянаваннем розных пісьмовых школ і выкарыстаннем розных тыпаў пісьма (устаў, паўустаў, скорапіс) ужывалася ў некалькіх варыянтах, якія памагаюць вызначаць час і месца напісання помнікаў. Абазначала гук «у» пасля цвёрдых зычных («гусь», «трудъ»), у пачатку слоў ужывалася ў складзе дыграфа «оу» («оулица»). Мела лічбавае значэнне «чатырыста». Паралельна з ёй для абазначэння гука «у» на раннім этапе развіцця старабел. пісьменнасці выкарыстоўвалася літара ѫ («юс вялікі»): «пѫть» пазней — ꙋ («ук»): «слоꙋпъ». У 16 ст., акрамя рукапіснай, набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае лабіялізаваны галосны гук «у» задняга раду верхняга пад’ёму («вуда», «луг»). Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную форму.
А.М.Булыка.
т. 16, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я,
трыццаць другая і апошняя літара бел. алфавіта. Запазычана з рус. графікі ў 19 ст. У старабел. мове гук «а» пасля мяккіх зычных і ётаваны «а» абазначаліся літарамі ѧ (юс малы) пасля мяккіх зычных («зѧмлѧ», «кнѧзь») і ꙗ («а» ётаванае) пасля галосных і ў пачатку слова («боꙗринъ», «ꙗзыкъ»), У 16 ст. гэтыя літары, акрамя рукапіснай, набылі друкаваную форму. У рус. графіцы 18 ст. літара ꙗ выйшла з ужытку, а на аснове скарапіснай ѧ узнікла «я», уключаная потым у грамадз. азбуку. У сучаснай бел. мове абазначае нелабіялізаваны галосны гук «а» сярэдняга раду ніжняга пад’ёму і мяккасць папярэдняга зычнага («мята» — «м’ата»), а ў пачатку слова, пасля галосных, «ў», «ь» і апострафа — спалучэнне гукаў «йа» («яблыня» — «йаблын’а», «маяк» — «майак», «Гаўя» — «Гаўйа», «трэльяж» — «трэл’йаш», «бур’ян» — «бурйан»), Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную форму.
А.М.Булыка.
т. 18, кн. 1, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)