Ю,
трыццаць першая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай Ю («ю»). У старабел. графіцы ў сувязі з функцыянаваннем розных пісьмовых школ і выкарыстаннем розных тыпаў пісьма (устаў, паўустаў, скорапіс) ужывалася ў некалькіх варыянтах, якія памагаюць вызначаць час і месца напісання помнікаў. Абазначала гук «у» пасля мяккіх зычных і «j» («людъ», «юбка»). У 16 ст., акрамя рукапіснай, набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае лабіялізаваны галосны гук «у» задняга рада верхняга пад’ёму і мяккасць папярэдняга зычнага («салют» — «сал’ут»), а ў пачатку слова, пасля галосных, «ў», «ь» і апострафа — спалучэнне гукаў «йу» («юнак» — «йунак», «саюз» — сайус», «наўючыць» — «наўйучыць», «лью» — «л’йу», «б’ю» — «бйу»). Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную форму.
А.М.Булыка.
т. 18, кн. 1, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)