Сандвічавы астравы, архіпелаг у цэнтр. частцы Ціхага ак., штат ЗША — Гаваі і ўладанне Мідуэй. Пл. 16,7 тыс.км². Гавайскія астравы — вяршыні падводнага вулканічнага хрыбта, складаюцца з 24 вулканічных і каралавых астравоў, выцягнутых з З-Пн-З на У-Пд-У больш як на 3600 км (самыя вял. і значныя — Гаваі, Ааху, Каўаі, Ланаі, Малакаі, Маўі, Нііхау, Кахаалаве). Выш. да 4205 м (патухлы вулкан Маўна-Кеа на в-ве Гаваі). Дзеючыя вулканы Маўна-Лоа (4170 м) і Кілаўэа (1247 м). Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячная т-ра 18—25 °C. Ападкаў ад 700 мм (на паўд.-зах. берагах) да 3500—4000 мм за год (на в-ве Каўаі ў асобныя гады больш за 10 000 мм). На наветраных схілах вільготныя трапічныя лясы, на падветраных — рэдкалессе і саванны; шмат эндэмічных відаў раслін. Плантацыі ананасаў, цукр. трыснягу, кавы і інш. трапічных культур. Развіта кветкаводства. Рыбалоўства. Суднабудаванне. Кліматычныя курорты. Турызм. Адкрыты Гавайскія астравы ў 1778 англ. мараплаўцам Дж.Кукам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІПЕЛА́Г (італьян. arcipelago),
значная група астравоў, якія размешчаны паблізу адзін ад аднаго і звычайна разглядаюцца як адно цэлае. Астравы аднаго архіпелага найчасцей маюць аднолькавае паходжанне (мацерыковае, вулканічнае, каралавае) і падобную геал. будову (гл., напр., Канадскі Арктычны архіпелаг, Гавайскія а-вы, Маршалавы а-вы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́ЧЫ ПУНКТ, у тэктоніцы,
участак зямной паверхні з надзвычайна высокай актыўнасцю вулканізму (сучаснага або ў геал. мінулым). Узнікае ў выніку лакальнага пад’ёму мантыйнага рэчыва (гл.Мантыйны плюм). У гэтых пунктах адбываецца станчэнне і разагрэў зямной кары. Бываюць унутрыплітныя (Гавайскія а-вы) і на дывергентных граніцах пліт (в-аў Ісландыя). Пад гарачым пунктам разумеюць таксама ўчастак унутры мантыі, дзе т-ра вышэй за сярэднюю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАВА́І (Hawaii),
востраў у Ціхім ак., самы вял. ў архіпелагу Гавайскія астравы, тэр. ЗША. Пл. 10,4 тыс.км². Нас. каля 100 тыс.чал. (1992). Утвораны вяршынямі 5 шчытавых вулканаў: Маўна-Кеа (4205 м), Маўна-Лоа (4170 м), Кілаўэа, Хуалалаі, Кохала. Клімат трапічны марскі, вельмі вільготны на наветраных паўн.-ўсх. схілах; ападкаў да 3600 мм за год. Схілы ўкрыты трапічнымі лясамі. Плантацыі ананасаў, цукр. трыснягу і інш. трапічных культур. Гал. горад — Хіла. Вулканалагічная абсерваторыя. Гавайскі вулканічны нацыянальны парк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНКУ́ВЕР ((Vancouver) Джордж) (22.6.1757, г. Кінгс-Лін, Вялікабрытанія — 10.5.1798),
англійскі мараплавец. Удзельнік 2-га (1772—75) і 3-га (1776—80) плаванняў Дж.Кука. У 1791—94 здзейсніў кругасветнае плаванне з заходам у зал. Аляска. Даследаваў адкрытыя Кукам Гавайскія а-вы і Ціхаакіянскае ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі паміж п-вамі Кенай і Каліфорнія. Разам з Х.Бадэга-і-Куадра (кіраўнік ісп. экспедыцыі) адкрыў і даследаваў востраў (пазней названы імем Ванкувера) з прылеглымі астравамі і пралівы, што іх аддзяляюць, прадоўжыў даследаванне архіпелагаў Каралевы Шарлоты, Аляксандра і інш. астравоў. Яго імем названы гарады ў Канадзе і ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІНЕ́ЗІЯ (ад палі... + грэч. nesos востраў),
адна з асноўных астраўных груп у Акіяніі, у цэнтр.ч. Ціхага ак. Цягнецца ад Гавайскіх а-воў на Пн да Новай Зеландыі (паміж 23°30′паўн. ш. і 28°паўд. ш. і 176°усх. — 109°20′зах. д.). Пл. каля 26 тыс.км². Асн. а-вы: Гавайскія, Туамоту, Тонга, Самоа, Уоліс, Хорн, Тувалу, Такелау, Кука, Тубуаі, Лайн, Таварыства, Маркізскія, Вялікадня і інш. У межах П. дзяржавы: Зах. Самоа, Кірыбаці, Тонга, Тувалу; Гаваі — штат ЗША; уладанні Вялікабрытаніі, ЗША, Францыі, Нов. Зеландыі. Нас. 1870 тыс.чал. (1999), пераважна палінезійцы. Астравы вулканічнага або каралавага паходжання. Вулканічныя астравы гарыстыя (выш. да 4205 м на Гавайскіх а-вах, 2241 м на Таіці), каралавыя — нізінныя. На а-вах Гавайскіх, Самоа, Тонга — дзеючыя вулканы. Клімат экватарыяльны і трапічны пасатны. Сярэднія гадавыя т-ры 22—26 °C. Колькасць ападкаў павялічваецца з У на З ад 1500 да 3500 мм. Большасць астравоў церпяць ад моцных ураганаў. На наветраных схілах гарыстых астравоў густыя вечназялёныя лясы, на падветраных — саванны; на ўзбярэжжах — пальмы, хлебнае дрэва, панданусы, баньяны. Жывёльны свет бедны млекакормячымі, шматлікія птушкі. Трапічнае земляробства. Вырошчваюць для мясц. патрэб тара, ямс, хлебнае дрэва, рыс, кукурузу, цукр. трыснёг; на экспарт какаву, какосы, ананасы, бананы, цытрусавыя. Лесараспрацоўкі. Рыбалоўства. Лоўля жэмчугу, марскіх чарапах. Прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, каштоўнай драўніны (на экспарт). Міжнар. турызм. Астравы П. знаходзяцца на шляхах, якія звязваюць Амерыку з Паўд.-Усх. Азіяй і Аўстраліяй. Буйнейшыя гарады і порты П.: Ганалулу (Гавайскія а-вы), Папеэтэ (Таіці), Апія (Зах. Самоа), Пага-Пага (Усх. Самоа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СТРАЎ, выспа,
участак сушы, з усіх бакоў абкружаны водамі акіяна, мора, возера або ракі. Ад мацерыка адрозніваецца адносна невял. памерамі. Есць адзіночныя астравы і іх групы — архіпелагі. Займаюць каля 9,9 млн.км² (6,6%) сушы. У акіянах і морах падзяляюцца на мацерыковыя, якія аддзяліліся ад кантынентаў, але генетычна з імі звязаны (Грэнландыя, Новая Гвінея, Калімантан, Мадагаскар і інш.), пераходнай зоны ад мацерыка да акіяна (вулканічныя, гразевулканічныя, каралавыя) і акіянскія, пераважна вулканічныя астравы (Гавайскія, Ісландыя) або каралавыя (Маршалавы гл.Атол). Найбольшыя а-вы (пл. больш за 400 тыс.км²); Грэнландыя, Новая Гвінея, Мадагаскар, Калімантан, Бафінава Зямля, Суматра. Сярод астравоў рэк і азёр адрозніваюць акумулятыўныя (наносныя) і эразійныя. На Беларусі агульная плошча астравоў 53 км². Рачных больш за 300, азёрных каля 200, самы вялікі Манастырскі (каля 5 км²) на Асвейскім воз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУК ((Cook) Джэймс) (27.10.1728, Мартан, каля г. Мідлсбра, Вялікабрытанія — 14.2.1779),
англійскі мараплавец.
Узначаліў 3 кругасветныя плаванні. У час першай экспедыцыі (1768—71) на караблі «Індэвар» прыбыў на в-аў Таіці, нанёс на карту а-вы Таварыства, даследаваў Новую Зеландыю і праліў паміж Паўночным і Паўднёвым яе а-вамі, адкрыў Вял. Бар’ерны рыф і ўсх. ўзбярэжжа Аўстраліі, якое пад назвай Новы Паўд. Уэльс абвясціў брыт. уладаннем. У час другога плавання (1772—75) на караблі «Рэзальюшэн» у пошуках Паўд. мацерыка дасягнуў шыр. 71°10′, адкрыў і даследаваў а-вы Новая Каледонія, Паўд. Сандвічавы, Паўд. Георгія і інш. У час трэцяй экспедыцыі (1776—79) на караблях «Рэзальюшэн» і «Дыскаверы» даследаваў берагі Канады, Аляскі і Камчаткі, адкрыў Гавайскія а-вы, дзе быў забіты ў сутычцы з мясц. насельніцтвам. Яго імем названа больш за 20 геагр. аб’ектаў, у т. л. гара на в-ве Паўднёвым у Новай Зеландыі (гл.Кука гара), праліў паміж Паўночным і Паўднёвым а-вамі Новай Зеландыі (гл.Кука праліў), 2 групы астравоў у Ціхім ак. (гл.Кука астравы), заліў каля берагоў Аляскі (гл.Кука заліў) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАВА́І (Hawaii),
штат ЗША у групе Ціхаакіянскіх штатаў. Займае групу вулканічных астравоў у цэнтр.ч. Ціхага ак.Пл. 16,7 тыс.км², нас. 1172 тыс.чал. (1993). Сярэдняя шчыльн.нас. 70,2 чал. на 1 км². Б. ч. яго пражывае на в-ве Ааху (пл. 1574 км²), дзе знаходзіцца адм. ц., буйнейшы горад і порт Ганалулу (371,3 тыс.ж., з прыгарадамі каля 900 тыс.ж., 1992). 61,8% насельніцтва складаюць выхадцы з Азіі і астравоў Ціхага ак., у т. л. японцы, філіпінцы, кітайцы, карэйцы. Карэнных жыхароў (гавайцы разам з метысамі) каля 100 тыс.чал. Амерыканцы і еўрапейцы складаюць 33,4% насельніцтва. (Аб прыродзе гл. ў арт.Гавайскія астравы). Гаваі — важны трансп. вузел паўн.ч. Ціхага ак. Праз Ганалулу праходзяць марскія і авіяц. шляхі, якія злучаюць ЗША і Канаду з Усх. Азіяй, Аўстраліяй і Новай Зеландыяй. Здабыўная прам-сць (распрацоўка цэментнай сыравіны і буд. каменю). Гал. віды прадукцыі апрацоўчай прам-сці: цукар, садавіна-агароднінныя вырабы, нафтапрадукты, вырабы лёгкай і паліграф. прам-сці, папера, цэмент. Аснова сельскай гаспадаркі — плантацыі ананасаў (гал. вытворца ў свеце), цукр. трыснягу, арэхаў (міндаль), садавіны, агародніны, кавы і кветак. Рыбалоўства і аквакультура. Мясная і малочная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінні, птушка). Развіты аўтамаб. і марскі транспарт. Цэнтр турызму і адпачынку. Кліматычныя курорты. Абарончыя ваен. збудаванні ў Пёрл-Харбары. Гавайскі вулканічны нацыянальны парк.
Пачалі засяляцца, верагодна, з 5 ст., найб. інтэнсіўна ў 13—14 ст. палінезійцамі, якія прыбывалі з Таіці. Паміж 1527 і 1555 астравы адкрылі іспанцы, у 1778 да іх даплыў англічанін Дж.Кук і назваў Сандвічавымі а-вамі. У гэты час тут існавала некалькі дзярж. утварэнняў пад кіраўніцтвам мясц. уладароў, якія вялі барацьбу паміж сабой. Каля 1800 кароль Каменамена I аб’яднаў іх у адзінае каралеўства. У 1820 амер. місіянеры пачалі хрысціянізацыю мясц. насельніцтва, прыстасавалі да мясц. мовы лац. алфавіт, заснавалі школы, стварылі падручнікі, пераклалі на гавайскую мову Біблію. У 1839 Гаваі атрымалі канстытуцыю. У 1894 абвешчана Гавайская рэспубліка. У 1898 Гаваі анексіравалі ЗША, у 1900 надалі ім статус «тэрыторыі». У 1959 абвешчаны 50-м штатам ЗША.