Сандвічавы астравы, архіпелаг у цэнтр. частцы Ціхага ак., штат ЗША — Гаваі і ўладанне Мідуэй. Пл. 16,7 тыс.км². Гавайскія астравы — вяршыні падводнага вулканічнага хрыбта, складаюцца з 24 вулканічных і каралавых астравоў, выцягнутых з З-Пн-З на У-Пд-У больш як на 3600 км (самыя вял. і значныя — Гаваі, Ааху, Каўаі, Ланаі, Малакаі, Маўі, Нііхау, Кахаалаве). Выш. да 4205 м (патухлы вулкан Маўна-Кеа на в-ве Гаваі). Дзеючыя вулканы Маўна-Лоа (4170 м) і Кілаўэа (1247 м). Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячная т-ра 18—25 °C. Ападкаў ад 700 мм (на паўд.-зах. берагах) да 3500—4000 мм за год (на в-ве Каўаі ў асобныя гады больш за 10 000 мм). На наветраных схілах вільготныя трапічныя лясы, на падветраных — рэдкалессе і саванны; шмат эндэмічных відаў раслін. Плантацыі ананасаў, цукр. трыснягу, кавы і інш. трапічных культур. Развіта кветкаводства. Рыбалоўства. Суднабудаванне. Кліматычныя курорты. Турызм. Адкрыты Гавайскія астравы ў 1778 англ. мараплаўцам Дж.Кукам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
экзо́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.
Дзівосныя, незвычайныя асаблівасці (прыроды, звычаяў, мастацтва і пад.) народаў аддаленых краін. Не шукайце экзотык за морамі, Узбярэжжаў з крыштальнымі зорамі. Прыязджайце да нас, на Полаччыну, Пахадзіце яе прасторамі.Бураўкін.Перу для японскага гледача — такая ж экзотыка, як для нас, скажам, Гавайскія астравы.«Маладосць».
[Ад грэч. exōtikos — чужаземны.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АРХІПЕЛА́Г
(італьян. arcipelago),
значная група астравоў, якія размешчаны паблізу адзін ад аднаго і звычайна разглядаюцца як адно цэлае. Астравы аднаго архіпелага найчасцей маюць аднолькавае паходжанне (мацерыковае, вулканічнае, каралавае) і падобную геал. будову (гл., напр., Канадскі Арктычны архіпелаг, Гавайскія а-вы, Маршалавы а-вы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́ЧЫ ПУНКТ,
у тэктоніцы, участак зямной паверхні з надзвычайна высокай актыўнасцю вулканізму (сучаснага або ў геал. мінулым). Узнікае ў выніку лакальнага пад’ёму мантыйнага рэчыва (гл.Мантыйны плюм). У гэтых пунктах адбываецца станчэнне і разагрэў зямной кары. Бываюць унутрыплітныя (Гавайскія а-вы) і на дывергентных граніцах пліт (в-аў Ісландыя). Пад гарачым пунктам разумеюць таксама ўчастак унутры мантыі, дзе т-ра вышэй за сярэднюю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАВА́І
(Hawaii),
востраў у Ціхім ак., самы вял. ў архіпелагу Гавайскія астравы, тэр. ЗША. Пл. 10,4 тыс.км². Нас. каля 100 тыс.чал. (1992). Утвораны вяршынямі 5 шчытавых вулканаў: Маўна-Кеа (4205 м), Маўна-Лоа (4170 м), Кілаўэа, Хуалалаі, Кохала. Клімат трапічны марскі, вельмі вільготны на наветраных паўн.-ўсх. схілах; ападкаў да 3600 мм за год. Схілы ўкрыты трапічнымі лясамі. Плантацыі ананасаў, цукр. трыснягу і інш. трапічных культур. Гал. горад — Хіла. Вулканалагічная абсерваторыя. Гавайскі вулканічны нацыянальны парк.