ПАЛІНЕ́ЗІЯ (ад палі... + грэч. nesos востраў),
адна з асноўных астраўных груп у Акіяніі, у цэнтр. ч. Ціхага ак. Цягнецца ад Гавайскіх а-воў на Пн да Новай Зеландыі (паміж 23°30′ паўн. ш. і 28° паўд. ш. і 176° усх. — 109°20′ зах. д.). Пл. каля 26 тыс. км². Асн. а-вы: Гавайскія, Туамоту, Тонга, Самоа, Уоліс, Хорн, Тувалу, Такелау, Кука, Тубуаі, Лайн, Таварыства, Маркізскія, Вялікадня і інш. У межах П. дзяржавы: Зах. Самоа, Кірыбаці, Тонга, Тувалу; Гаваі — штат ЗША; уладанні Вялікабрытаніі, ЗША, Францыі, Нов. Зеландыі. Нас. 1870 тыс. чал. (1999), пераважна палінезійцы. Астравы вулканічнага або каралавага паходжання. Вулканічныя астравы гарыстыя (выш. да 4205 м на Гавайскіх а-вах, 2241 м на Таіці), каралавыя — нізінныя. На а-вах Гавайскіх, Самоа, Тонга — дзеючыя вулканы. Клімат экватарыяльны і трапічны пасатны. Сярэднія гадавыя т-ры 22—26 °C. Колькасць ападкаў павялічваецца з У на З ад 1500 да 3500 мм. Большасць астравоў церпяць ад моцных ураганаў. На наветраных схілах гарыстых астравоў густыя вечназялёныя лясы, на падветраных — саванны; на ўзбярэжжах — пальмы, хлебнае дрэва, панданусы, баньяны. Жывёльны свет бедны млекакормячымі, шматлікія птушкі. Трапічнае земляробства. Вырошчваюць для мясц. патрэб тара, ямс, хлебнае дрэва, рыс, кукурузу, цукр. трыснёг; на экспарт какаву, какосы, ананасы, бананы, цытрусавыя. Лесараспрацоўкі. Рыбалоўства. Лоўля жэмчугу, марскіх чарапах. Прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, каштоўнай драўніны (на экспарт). Міжнар. турызм. Астравы П. знаходзяцца на шляхах, якія звязваюць Амерыку з Паўд.-Усх. Азіяй і Аўстраліяй. Буйнейшыя гарады і порты П.: Ганалулу (Гавайскія а-вы), Папеэтэ (Таіці), Апія (Зах. Самоа), Пага-Пага (Усх. Самоа).
М.В.Лаўрыновіч.
т. 12, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)