ГУ́РКІ,

курганны могільнік дрыгавічоў 11—13 ст. каля хутара Гуркі Брэсцкага р-на. 173 курганы, з іх 25 даследаваны. Пахавальны абрад — трупапалажэнне галавой на З і У з выцягнутымі ўздоўж тулава рукамі. Знойдзены фрагменты рыфленага ганчарнага посуду з адагнутым венчыкам, глінянае прасліца, сярэбраны віты пярсцёнак, жал. нажы. Адно з пахаванняў воіна, магчыма, не мясц. паходжання.

т. 5, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕ́РДЗЕЛ,

рэзальны інструмент для свідравання адтулін у метале, дрэве, пластмас і інш. матэрыялах. С. замацоўваюць у свідравальных станках, дрылях, калаўротах і інш.

Адрозніваюць С.: вінтавыя (спіральныя), з накіравальным цэнтрам (цэнтровачныя) і бясцэнтравыя, адно- і двухбаковага рэзання, для атрымання глыбокіх і малых адтулін. У дрэваапрацоўцы выкарыстоўваюць таксама лыжкавыя, смоўжападобныя (для расшырэння адтулін), вітыя і шнэкавыя (для свідравання глыбокіх і чыстых адтулін), коркавыя (для высвідроўвання шыпавых гнёздаў), зянковачныя (для выбаркі канічных упадзін; гл. Зянкоўка), універсальныя. Рэзальную частку С. робяць з легіраванай сталі, аснашчаюць пласцінкамі і каронкамі з цвёрдых сплаваў або кампазіцыйных матэрыялаў.

Свердзел: а — будова спіральнага свердла; б — найбольш пашыраныя віды свердлаў (1 — вінтавы з канічнай заточкай, 2 — лыжачны, 3 — цэнтравы, 4 — завіткападобны, 5 — вінтападобны віты, 6 — вінтападобны шнэкавы, 7 — коркавы, 8 — універсальны рассоўны).

т. 14, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЧА́Р (Antiaris),

род кветкавых раслін сям. тутавых. 6 відаў. Растуць у тропіках Азіі, Афрыкі і на трапічных а-вах. Найб. вядомы анчар ядавіты (A. toxicaria), або упас-дрэва з в-ва Ява.

Аднадомныя шматгадовазялёныя дрэвы або кусты. Лісце чаргаванае простае. Кветкі непрыкметныя, аднаполыя, мужчынскія ў невялікіх плоскіх галоўчатых суквеццях, жаночыя — адзіночныя беспялёсткавыя, з маленькай чашачкай. Плод складаны або зборны (суплоддзе) з мноствам дробных плодзікаў, якія шчыльна сядзяць і абгорнуты сакавітым калякветнікам. Усе віды анчара ядавітыя. У млечным соку анчара ядавітага, які абарыгены выкарыстоўваюць для атручвання наканечнікаў стрэл, знаходзяцца ядавітыя гліказіды — антыярын і антыязідзін. Анчар Бенета (A. bennettii) з в-ва Віты-Леву мае ў пладах кармінавую фарбу, у кары — лубяныя валокны; з валокнаў анчара мяшочнага (A. saccodora) і анчара цэйлонскага (A. ceylonica) вырабляюць мешкавіну. Сок і насенне розных відаў анчара ўжываюць як ірвотны і слабіцельны сродак.

Анчар ядавіты.

т. 1, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)