Рэспубліка Фіджы (Republic of Fiji), дзяржава ў Акіяніі, у паўд.-зах.ч. Ціхага ак., на а-вах Фіджы. Пл. 18,3 тыс.км². Нас. 832,5 тыс.чал. (2000). Сталіца — г.Сува на в-ве Віты-Леву. Падзяляецца на 4 акругі. Афіц. мова — англійская, выкарыстоўваецца фіджыйская і хіндустані. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 кастр.).
Дзяржаўны лад. Ф. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1990 (з папраўкамі 1998). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт з тэрмінам паўнамоцтваў 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту (палата прадстаўнікоў — 71 член, сенат — 32 сенатары, з іх 14 члены Вял. Савета Правадыроў, якія выбіраюць прэзідэнта). Члены сената назначаюцца. Частка месцаў у парламенце размяркоўваецца прапарцыянальна сярод прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей (у т. л. 23 зарэзервавана для фіджыйцаў, 19 для індусаў), другая частка выбіраецца. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад з 15 міністраў на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Архіпелаг Ф. складаецца з 332 астравоў, найб. Віты-Леву (10,6 тыс.км²) і Вануа-Леву (5,8 тыс.км²). Большасць астравоў вулканічнага паходжання. У рэльефе пераважаюць плато, перасечаныя горнымі хрыбтамі (г. Томаніві, выш. да 1323 м, в-аў Віты-Леву). Уздоўж узбярэжжаў — вузкія раўніны; берагі амаль усіх астравоў акаймаваны каралавымі рыфамі, шмат лагун і заліваў. Карысныя выкапні: золата, серабро, баксіты, медныя і марганцавыя руды, вапнякі. Клімат трапічны акіянічны, вільготны, частыя ўраганы. Сярэднямесячныя т-ры 25—28 °C. Ападкаў ад 1700 да 3500 мм за год (на паўд.-ўсх. наветраных схілах). Глебы чырваназёмныя. Паўд.-ўсх. схілы ўкрыты вільготнымі трапічнымі лясамі з каштоўнымі пародамі дрэў (сандалавае, цікавае, чырвонае), на падветраных схілах пераважае саванна. Жывёльны свет бедны. Шматлікія рэзерваты.
Насельніцтва. Каля 51% насельніцтва складаюць фіджыйцы (пераважна нашчадкі шлюбаў меланезійцаў і палінезійцаў), 44% — індусы, 5% — еўрапейцы, кітайцы і інш. Вернікі хрысціяне (метадысты і католікі 52%), індуісты (38%), мусульмане (8%) і інш. Сярэдняя шчыльн. 45,5 чал. на 1 км². Каля 110 астравоў ненаселены. Сярэднегадавы натуральны прырост 1,8%. Гар. насельніцтва 49%. Гал. горад — Сува (167,4 тыс.ж. з прыгарадамі, 1996). У сельскай гаспадарцы занята 44% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці 35%, у абслуговых галінах 21%.
Гаспадарка. Ф. — адна з найб. эканамічна развітых краін Акіяніі. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1998 склаў 5,4 млрд.дол. (6,7 тыс.дол. на 1 чал.). Аснова эканомікі — сельская гаспадарка і турызм. У сельскай гаспадарцы ствараецца каля 20% ВУП. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 10% тэр.Асн. экспартуемыя культуры: цукр. трыснёг (пл. 73,3 тыс.га, збор 3280 тыс.т), какосавая пальма (11,2 тыс.т копры), імбір (1,1 тыс.т). Гал.харч. культуры: рыс (17 тыс.т), кукуруза, сорга, какава (2,4 тыс.т), ананасы, бананы, цытрусавыя і інш. Гадуюць (тыс. галоў, 1997) буйн. раг. жывёлу (344), коз (235), свіней (112). Развіта птушкагадоўля (3,9 млн. галоў). Улоў рыбы 36,4 тыс.т (1999). Нарыхтоўка каштоўных гатункаў драўніны (511 тыс.м³). Здабыча золата (каля 1,5 т штогод), серабра, вапняку. Вытв-сць электраэнергіі 550 млн.кВт∙гадз (80% на ГЭС, 20% на ЦЭС). Апрацоўчая прам-сць (10% ВУП) прадстаўлена прадпрыемствамі лёгкай прам-сці (вытв-сць адзення, абутку, трыкат. вырабаў), па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (вытв-сць цукру, копры, алею, піва, цыгарэт, рысаачыстка) і вэнджання рыбы. Ёсць з-ды па вытв-сці буд. матэрыялаў (цэмент, буд. дэталі, дахавы матэрыял), фанеры і запалак, мылаварная ф-ка, суднарамонтныя майстэрні. Турызм — другая па значнасці галіна гаспадаркі. Цёплы клімат, пясчаныя пляжы, празрыстыя воды, каралавыя рыфы штогод прыцягваюць каля 360 тыс. турыстаў (пераважна з Аўстраліі, Новай Зеландыі, Японіі, ЗША, Вялікабрытаніі). У 1998 даход ад турызму склаў 266 млн. долараў. Даўж. чыгункі 597 км, аўтадарог 3440 км, у т. л. 1692 км з цвёрдым пакрыццём. У краіне 30 тыс. легкавых і 29 тыс. грузавых аўтамабіляў. Гал. парты: Ламбаса, Лаўтока, Левука, Савусаву, Сува. 25 аэрапортаў. Экспарт (393 млн.дол., 1998) цукру, адзення, золата, рыбы, драўніны, імпарт (612 млн.дол., 1998) машын і трансп. абсталявання, нафтапрадуктаў, харч. вырабаў, хімікатаў. Гал.гандл. партнёры: Аўстралія, Новая Зеландыя, Японія, ЗША, дзяржавы Акіяніі. Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад Аўстраліі, Японіі, Новай Зеландыі, Еўрап. фонду развіцця, ААН і інш. Грашовая адзінка — фіджыйскі долар.
Гісторыя. Ф. заселены меланезійцамі ў 2-м тыс. да н.э. Першым з еўрапейцаў Ф. наведаў у 1643 галандскі мараплавец А.Я.Тасман, у 1774 іх даследаваў англ. мараплавец Дж.Кук. У 1835 тут з’явіліся амер. місіянеры-метадысты, пры падтрымцы якіх правадыр в-ва Мбаў — Какамбаў аб’яднаў увесь архіпелаг і ў 1857 абвясціў сябе каралём Ф. У 1874 англічане прымусілі яго прызнаць брыт. пратэктарат над Ф. Для працы на плантацыях цукр. трыснягу пачаўся масавы ўвоз насельніцтва з Індыі, якое да 1950-х г. складала больш за палавіну насельніцтва Ф. 10.10.1970 абвешчана незалежнасць Ф. ў складзе Садружнасці і прынята канстытуцыя. Да нашага часу вострай унутрыпаліт. праблемай Ф. застаюцца адносіны паміж індусамі і карэннымі фіджыйцамі. Перамога інд. партый на выбарах 1987 прывяла да 2 ваен. пераваротаў, у выніку якіх 1.10.1987 Ф. абвешчаны рэспублікай і выйшлі з Садружнасці (адноўлены ў 1997); шмат індусаў выехала з краіны. Канстытуцыя 1990 замацавала за карэннымі фіджыйцамі большасць у парламенце. З 1998 дзейнічаюць новыя папраўкі да канстытуцыі, якія павялічылі норму этн. прадстаўніцтва індусаў у парламенце. На Ф. дзейнічаюць паліт. партыі: Фіджыйская паліт. партыя, Усеагульная партыя выбаршчыкаў, Нац. федэратыўная партыя. Ф. — чл.ААН (з 1970), Садружнасці.