Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫТО́К РАКІ́,
месца, ад якога назіраецца пастаяннае цячэнне вады ў рэчышчы вадацёку. Вытокам ракі могуць быць крыніца, балота, возера, ледавік; для рэк, што выцякаюць з возера, — месца перасячэння берагавой лініі вадаёма з рэчышчам вадацёку. Нярэдка вытокам ракі лічыцца месца, дзе зліваюцца 2 ракі з рознымі назвамі, або гал. лічыцца больш мнагаводная ці тая, выток якой найб. аддалены ад вусця ракі. У шэрагу выпадкаў тэрыторыі вакол вытокаў рэк абвяшчаюцца ахоўнымі.
т. 4, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАНАІ́БА (Paranaiba),
рака ў Бразіліі, правы выток р. Парана. Даўж. каля 900 км. Вытокі ў паўн. адгор’ях гор Сера-да-Канастра, цячэ ў цэнтр. частцы Бразільскага пласкагор’я ў глыбокай даліне, утварае парогі і вадаспады. Бурныя летнія паводкі. Сярэдні расход вады каля 1500 м³/с. На П. вадасх. Ітумбіяра.
т. 12, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛІНГ-ГА́НГРЫ, Наін-Сінга,
горны хрыбет на ПдЗ Тыбецкага нагор’я, найвыш. ў сістэме Гандзісышань, у Кітаі. Даўж. каля 600 км. Выш. да 7315 м (г. Алінг-Гангры). Складзены з гранітаў, сланцаў, кварцытаў. Грэбень хрыбта альпійскага тыпу. Ландшафты высакагорных пустыняў. Вышэй за 4500 м — вечныя снягі і ледавікі. На паўд. схілах Алінг-Гангры бярэ пачатак выток Інда — р. Сінгі.
т. 1, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАРЫ́ТА,
рака ў Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл., левы прыток р. Рыта (бас. р. Зах. Буг). Даўж. 30,5 км. Пл. вадазбору 602 км². Пачынаецца за 2 км на Пн ад в. Арэхава, з’яўляецца працягам канала Сярэдні Роў (раней выцякала з Арэхаўскага воз., у выніку меліярац. работ выток ракі засыпаны). Цячэ па Брэсцкім Палессі. Даліна невыразная. Пойма двухбаковая. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае. Рака прымае сцёк з меліярац. каналаў. На рацэ — г. Маларыта.
т. 10, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЙКЕР ((Baker) Сэмюэл Уайт) (8.6.1821, Лондан — 30.12.1893),
англійскі падарожнік, даследчык Афрыкі. У 1861—65 арганізаваў экспедыцыю ў Афрыку. З мэтай вывучэння цячэння Ніла і яго прытокаў прайшоў праз Судан і паўд. Эфіопію. У 1864 адкрыў другі выток Белага Ніла — воз. Мабуту-Сесе-Сека, вадаспад Мерчысан на р. Вікторыя-Ніл. У 1870—73 па даручэнні віцэ-караля Егіпта кіраваў егіп. ваен. экспедыцыямі, каб устанавіць гандл. кантакты з краінамі ў бас. Белага Ніла, а таксама ліквідаваць у гэтым раёне гандаль нявольнікамі. Даследаваў Кіпр (1875), падарожнічаў па Індыі, ЗША і Японіі.
т. 2, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫН (Drini),
рака ў Албаніі (вытокі ў Македоніі і Югаславіі). Утвараецца з сутокаў Чорнага і Белага Д. Даўж. 148 км, разам з Чорным Д. 281 км, пл. бас. 12,6 тыс. км². Асн. выток (Чорны Д.) пачынаецца ў Ахрыдскім воз., Белы Д. — у Паўн.-Албанскіх Альпах. Цячэ пераважна ў адгор’ях Паўн.-Албанскіх Альпаў, у нізоўі, на прыморскай нізіне, падзяляецца на 2 рукавы. Паўд. рукаў упадае ў Дрынскі зал. Адрыятычнага м., паўн. — у р. Буна. Сярэдні расход вады 290 м³/с. Суднаходная ў нізоўі. Выкарыстоўваецца для арашэння. На Д. горад Кукес (Албанія).
т. 6, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГДАЛЕ́НА (Magdalena),
рака ў Калумбіі. Даўж. 1540 км, пл. бас. 260 тыс. км². Выток на Пд Цэнтр. Кардыльеры, да г. Нарэ цячэ па міжгорнай упадзіне паміж Цэнтр. і Усх. Кардыльерамі, далей па Прыкарыбскай нізіне, упадае ў Карыбскае м. Гал. прытокі: Каўка і Сан-Хорхе (злева). Высокія ўзроўні (з затапленнем зямель у ніжнім цячэнні) у крас.—маі і вер.—лістападзе. У сярэднім цячэнні парогі. Сярэдні расход вады 8—10 тыс. м³/с. Суднаходства да г. Баранкілья да г. Ла-Дарада (каля 880 км) і ад г. Онда да Нейвы — у высокую ваду (370 км). У нізоўях М. пракладзены суднаходны канал да порта Картахена.
т. 9, с. 443
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВАНА́Р,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 10 км на З ад г. Браслаў. Пл. 0,75 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 1 км, найб. глыб. 3,8 м, даўж. берагавой лініі 5,1 км. Пл. вадазбору 49,2 км². Катлавіна падпруднага тыпу, падзяляецца на зах. і ўсх. катлавіны. Схілы выш. 5—10 м, стромкія, параслі хмызняком. Берагі зліваюцца са схіламі, моцна парэзаныя, утвараюць 5 заліваў. Дно плоскае, да глыб. 1,5 м пясчанае, глыбей — сапрапелістае, каля ўсх. берага пясчаная водмель. З астравы агульнай пл. 0,8 га. Паўд.-зах. ч. возера і залівы зарастаюць. Упадаюць 2 ручаі, выток у воз. Бужа.
т. 14, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕТЫ́П (ад грэч. archē пачатак + typos вобраз),
агульначалавечы першавобраз, персанаж, што паслядоўна паўтараецца ў міфах, літаратуры і індывідуальным мысленні; спосаб сувязі вобразаў, што пераходзяць з пакалення ў пакаленне; цэнтр. паняцце аналітычнай псіхалогіі. Ідэю архетыпа ў аб’ектыўна-ідэаліст. форме можна знайсці ў творах Платона, Аўгусціна, схаластаў. Як навук. тэрмін «архетып» уведзены швейц. псіхолагам К.Г.Юнгам і адаптаваны філасофіяй, літаратура- і мастацтвазнаўствам, тэорыяй міфалогіі, фалькларыстыкай і інш. Паводле тэорыі Юнга пра калект. неўсвядомленае, мадэлі чалавечага вопыту пэўным чынам генетычна закадзіраваны і пераходзяць да наступных пакаленняў. Тоесныя архетыпныя матывы і вобразы (сімвал сусветнага дрэва ці міф пра патоп) сустракаюцца ў няроднасных культурах і сферах мастацтва, што тлумачыцца іх універсальным і пастаянным пачаткам у чалавечай прыродзе. Маючы выток у далагічным мысленні, архетып выклікае аналагічныя пачуцці і асацыяцыі і ў аўтара твора, і ў спажыўца незалежна ад разбежкі ў часе. Архетып ляжыць у аснове сімволікі творчасці, розных рытуалаў, сноў і інш.
І.М.Дубянецкая.
т. 1, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)