ВЫСЛО́ЎЕ,

агульная назва для розных відаў трапных выказванняў, якія маюць лагічна закончаную думку-суджэнне. Перадаюць яе лаканічна, яскрава і ўваходзяць у ідыяматыку мовы побач з лексікай і фразеалогіяй. Уключаюць афарызмы («Не шукай ты шчасця, долі На чужым далёкім полі». Я.​Купала), выказванні павучальна-маральнага характару — сентэнцыі («Ты са старымі размовы ахвотна вядзі і старанна. Хто разумнейшы за іх? Мудрасць іх словы нясуць». Я.​Л.​Намыслоўскі, зб. «Павучанні для ўсеагульнага карыстання ў жыцці», 1589), максімы, якія перадаюць лагічныя або этычныя прынцыпы, пэўныя нормы паводзін чалавека («Дарма пра песню пытацца ў глухога. Дарма пра сонца пытацца ў сляпога». М.​Танк), апафегмы — маральныя парады ў форме звароту да субяседніка («Гуслям, княжа, не пішуць законаў». Я.​Купала), прыказкі («Не чапай ліха, пакуль спіць ціха»), крылатыя словы, выражаныя сказам («Хто ж дужэй ад грамады?» Я.​Колас; «Усё мінае — Гонар не мінае, Бо народжаны адным сумленнем». У.​Караткевіч). Фалькларыст М.​Я.​Грынблат уключае ў паняцце «выслоўя» розныя кароткія жанры нар. вусна-паэт. творчасці: скорагаворкі («Цецеручыха цецеруковым цецеручанятам цеста месіць»), прыгаворкі і жарты ў час застолля («Госць, не дзьміся, еш што ў місе»), віншаванні, пажаданні ў тостах на вяселлях, радзінах («Каб у вас было ўвесь час на стале, у місцы і ў калысцы! Дай, Божа, разам двое: шчасця і здароўя! Каб ваш ложак добра скрыпаў і да года сынок выпаў!»), вітанні («Дзень добры ў хату!»), развітанні («Заставайцеся здаровенькія!»), нар. параўнанні («Зазвінела бы ў новым цэбры»); нават праклёны, зламоўныя пажаданні і пагрозы («Дай, Божа, каб твае дзеці тваімі рэбрамі яблыкі абівалі») і інш. Выслоўі шырока выкарыстоўваюцца ў маст. л-ры (творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, Ядвігіна Ш., А.​Паўловіча, К.​Крапівы, М.​Танка, У.​Караткевіча, Б.​Сачанкі, Я.​Брыля, В.​Адамчыка, Я.​Сіпакова і інш).

Літ.:

Выслоўі. Мн., 1979;

Янкоўскі Ф.М. Крылатыя словы і афарызмы. Мн, 1960;

Яго ж. Беларуская фразеалогія. Мн., 1968;

Яго ж. Беларускія народныя параўнанні: Кароткі слоўнік. Мн., 1973;

Яго ж. Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы. 3 выд. Мн., 1992;

Прыказкі і прымаўкі. Кн. 1—2. Мн., 1976;

Лепешаў І.Я. Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў. Ч. 1—2. Мн., 1981—93;

Яго ж. З народнай фразеалогіі: Дыферэнц. слоўнік. Мн., 1991;

Яго ж. Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1993;

Шкраба І., Шкраба Р. Крынічнае слова: Бел. прыказкі і прымаўкі. Мн., 1987;

Лепешаў І.Я., Якаялцэвіч М.А. Слоўнік беларускіх прыказак. Мн., 1996.

І.​У.​Саламевіч.

т. 4, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭВІ́З (франц. devise),

1) першапачаткова — надпіс ці эмблема на гербе, шчыце; кароткае выслоўе, якое выражае асн. ідэю паводзін або дзейнасці.

2) Слова або выслоўе, якое на конкурсах аўтар ставіць на творы замест свайго імя.

т. 6, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫГАВО́РКА,

жартаўлівы выраз (звычайна ў рыфмаванай форме) для ажыўлення размовы, якога-н. дзеяння. Гл. ў арт. Выслоўе.

т. 13, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФАРЫ́ЗМ (грэч. aphorismos),

трапнае выслоўе, якое ва ўстойлівай і лаканічнай форме перадае змястоўную і арыгінальную думку — жыццёвае назіранне, маральную сентэнцыю, разважанне і інш.: «Воля сонейку раўня» (Я.​Купала), «Лес не сякуць языкамі» (К.​Крапіва), «Чакаць тады спакойна можна, калі няма чаго чакаць» (А.​Звонак). Афарызмы маюць канкрэтнага стваральніка (пісьменніка, вучонага і інш.), ужываюцца ў вуснай і пісьмовай мове для вобразнай характарыстыкі з’яў і падзей.

І.​Л.​Бурак.

т. 2, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАФЕГМА́ТЫ (ад грэч. apophthegma кароткае выказванне, выслоўе),

старажытныя зборнікі свецкай апавядальнай літаратуры, у якіх змяшчаліся выказванні ці павучальныя гісторыі з жыцця пісьменнікаў, філосафаў і інш. вядомых людзей. Узніклі ў Стараж. Грэцыі (Плутарх). У эпоху Адраджэння пашырыліся ў Зах. Еўропе (Ф.​Петрарка, Дж.​Бакачыо), трапілі ў Польшчу (М.​Рэй), а праз яе і на ўсх.-слав. землі. Далейшае развіццё апафегматаў прывяло да ўзнікнення зборнікаў фрашак, баек, эпіграм. На Беларусі вядомы з канца 16 — пач. 17 ст. Іх выкарыстоўвалі ў палемічных творах А.​Мужылоўскі, І.​Пацей, Хрыстафор Філалет. Найб. вядомыя і папулярныя былі «Апафегматы» (1599) Б.​Буднага, пераклады якіх распаўсюджваліся ў рукапісах у Расіі і неаднаразова выдаваліся ў 18 ст. Кнігу дыдактычных двухрадкоўяў «Апафегматы» выдаў у 1854 І.​Легатовіч.

У.​Г.​Кароткі.

т. 1, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЛЕР ((Keller) Готфрыд) (19.7.1819, г. Цюрых, Швейцарыя — 15.7.1890),

швейцарскі пісьменнік. Пісаў на ням. мове. Вучыўся ў АМ у Мюнхене (1840—42), у Гайдэльбергскім ун-це. Літ. дзейнасць пачаў у 1846 як паэт (зб. «Вершы»). Вядомасць прынёс раман «выхавання» «Зялёны Генрых» (1855, 2-я рэд. 1879—80), напоўнены філас. роздумам пра лёс чалавека ў грамадстве, прызначэнне мастацтва. Аўтар рамана «Марцін Заландэр» (1886), зб-каў навел «Людзі з Зельдвілы» (т. 1—2, 1856—74), «Сем легенд» (1872), «Цюрыхскія навелы» (1878), «Выслоўе» (1881), літ.-крытычных эсэ, публіцыст. твораў. Маст. манеры К. ўласцівы мяккі гумар і сатыра, пластычнасць і яркасць вобразаў, павучальнасць і філасафічнасць.

Тв.:

Рус. пер. — Новеллы. Л., 1970;

Зеленый Генрих. М., 1972;

Избранное. Л., 1988.

Літ.:

Павлова Н.С., Седельник В.Д. Швейцарские варианты: Лит. портреты. М., 1990;

Готфрид Келлер: Биобиблиогр. указ. М., 1965.

М.​А.​Папова.

Г.Келер.

т. 8, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)