ВЫСАКАГО́РНЫ КЛІ́МАТ,

разнавіднасць горнага клімату. Фарміруецца на вышыні больш за 2—3 тыс. м над узр. м. Характарызуецца паніжэннем (адносна нізін, раўнін і нізкіх гор) атм. ціску, т-ры і вільготнасці паветра, значнай чысцінёй атмасферы, павышэннем інтэнсіўнасці сонечнай радыяцыі, багатай на ультрафіялетавыя прамяні, і эфектыўнага выпрамянення. Амплітуда т-ры на працягу сутак памяншаецца на горных вяршынях, але павялічваецца на плато. Колькасць ападкаў, як правіла, з вышынёй памяншаецца, а на наветраных схілах павялічваецца. Высакагорны клімат спрыяльны для здароўя і лячэння некаторых хвароб чалавека.

т. 4, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСАКАГО́РНЫ ТЫП РЭЛЬЕ́ФУ, высакагор’е. Характарызуецца глыбокай расчлянёнасцю (ад некалькіх соцень да 2000 і больш метраў), стромкімі схіламі, мноствам скал і асыпкаў, вышчарбленымі грабянямі, наяўнасцю ледавіковых формаў рэльефу, праяўленнямі актыўнага фізічнага і марознага выветрывання. Уласцівы маладым горным краінам, якія ўздымаюцца вышэй за снегавую лінію (Альпы, Гімалаі і інш.). Гл. таксама Альпійскі рэльеф.

т. 4, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСАКАГО́Р’Е,

гл. Высакагорны тып рэльефу.

т. 4, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУГНА́НСКІ ХРЫБЕ́Т.

У Зах. Паміры, у Таджыкістане. Водападзел рэк Гунт і Шахдара. Даўж. каля 80 км, выш. да 5704 м (пік Скалісты). Пераважае высакагорны рэльеф. Ледавікі (агульная пл. каля 150 км²). На схілах высакагорныя стэпы і лугі.

т. 17, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЗГУЛЕ́МСКІ ХРЫБЕ́Т У Зах. Паміры, у Таджыкістане. Даўж. каля 170 км. Выш. да 6974 м (пік Рэвалюцыі). Складзены са сланцаў, пясчанікаў, вапнякоў, гранітаў. Пераважае высакагорны рэльеф. Ледавікі (агульная пл. каля 438 км²). На схілах паўпустыні і высакагорныя лугастэпы.

т. 18, кн. 1, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЭТЫ́М,

горны хрыбет у Цянь-Шані, на Пд ад хр. Тэрскей-Алатау, у Кіргізіі. Даўж. каля 120 км, выш. да 4931 м. Пераважае высакагорны рэльеф. Уздоўж паўд. падножжа цячэ р. Нарын. На схілах стэпавая, лугава-стэпавая і лугавая расліннасць. Ва ўсх. частцы — ледавікі.

т. 6, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВА-АЛІЧУ́РСКІ ХРЫБЕ́Т,

горны Хрыбет на Пд Паміра, у Таджыкістане, на левабярэжжы р. Алічур. Даўж. каля 150 км. Выш. да 5706 м (г. Кызылдангі). Складзены пераважна з гранітаў, гнейсаў і крышт. сланцаў. Пераважае высакагорны рэльеф. Ледавікі і фірнавыя палі (агульная пл. каля 68 км²).

т. 12, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНДЫСЫША́НЬ, Трансгімалаі,

горная сістэма ў Азіі, на Пд Тыбецкага нагор’я, у Кітаі. Выш. да 7315 м (г. Алінг-Гангры). Працягнулася на 1600 км паралельна Гімалаям, аддзелена ад іх на Пд далінамі р. Цангпо (мясцовая назва р. Брахмапутра) і верхнім цячэннем р. Інд. Складзена пераважна з мезазойскіх гранітаў, кварцытаў, сланцаў, вапнякоў. Горныя ланцугі выцягнуты ў шыротным напрамку. Асн. хрыбты: Кайлас, Алінг-Гангры, Ньенчэн-Тангла і інш. Паўн. схілы гор звычайна слаба расчлянёныя, паўд. — больш стромкія. Пераважаюць выш. 5000—5500 м, адносныя перавышэнні невял. (500—1000 м). Ва ўнутр. раёнах — чаргаванне горных ланцугоў і міжгорных катлавін унутр. сцёку на выш. каля 4500 м; у катлавінах шмат азёр (Намца і інш.). Клімат высакагорны, рэзка кантынентальны. Высакагорны стэп і халодныя пустыні; на паўд., больш вільготных схілах — участкі лугоў і хмызнякоў; каля азёр дрэвападобныя ядлоўцы. Пашыраны камяністыя паверхні. Невял. ледавікі, снежнікі. Жывёльны свет: з капытных — які, бараны, антылопы, куку-яманы, з драпежнікаў — воўк, тыбецкі ліс.

т. 5, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙКА́ЛЬСКІ ХРЫБЕ́Т,

горны хрыбет па паўн.-зах. узбярэжжы воз. Байкал, у Расійскай Федэрацыі. Даўж. 300 км, выш. да 2572 м (г. Чэрскага). Складзены з крышт. сланцаў, кварцытаў, вапнякоў, гранітаў. Пераважае высакагорны рэльеф. На зах. схілах (да выш. 1400 м) цемнахвойная тайга, на ўсходніх лістоўнічныя лясы, вышэй горныя тундры і камяністыя россыпы.

т. 2, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАБЫ́Н-БО́ГДА-О́ЛА,

горны вузел на ПдУ Алтая, на граніцы Расіі, Манголіі, Кітая. Найб. вышыня да 4356 м (г. Найрамдал). Складзены з метамарфічных сланцаў і гранітаў. Пераважае высакагорны рэльеф. У рачных далінах лістоўнічныя лясы, каля падножжа — зараснікі карлікавай бярозы, вышэй — альпійскія лугі, горныя тундры. 36 ледавікоў (агульная пл. 160 км²).

т. 15, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)