ГЛІПТАТЭ́КА (ад грэч. glyptos выразаны, вылеплены + thēkē сховішча),

збор твораў скульптуры або гліптыкі; музей скульптуры. Найб. вядомыя гліптатэкі ў Мюнхене і Новая Карлсбергская ў Капенгагене.

т. 5, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯРЫСКО́П,

аптычная прылада для вызначэння ступені палярызацыі святла на аснове інтэрферэнцыі палярызаваных прамянёў.

Тыповы П. — П. Савара, які складаецца з 2 склееных пласцінак крышталічнага кварцу і аналізатара. Пласцінкі маюць аднолькавую таўшчыню і выразаны так, што іх аптычныя восі складаюць вугал 45° з воссю П. Пры падзенні часткова палярызаванага святла ў полі зроку прылады назіраюцца інтэрферэнцыйныя палосы. У выпадку поўнасцю непалярызаванага святла палосы адсутнічаюць пры любой арыентацыі прылады.

т. 12, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙКО́ПСКІ КУРГА́Н,

помнік эпохі ранняй бронзы (канец 3-га тыс. да н.э.) у г. Майкоп (Расія). Даследаваны ў 1897 М.​І.​Весялоўскім. У кургане выяўлена багатае пахаванне племяннога правадыра і яго 2 жонак. Правадыр быў пахаваны пад балдахінам, расшытым залатымі бляшкамі ў выглядзе колцаў, фігурак ільвоў і быкоў. Яго падтрымлівалі 4 сярэбраныя шасты, якія заканчваліся літымі фігурамі быкоў з золата і серабра. Каля нябожчыка стаялі 2 залатыя і 14 сярэбраных пасудзін. На адной з іх выразаны малюнак, які нагадвае абрыс Каўказскага хрыбта. Знойдзены разнастайныя медныя прылады працы, сярэбраныя і залатыя ўпрыгожанні, сердалікавыя пацеркі, прывескі з бірузы, ляпіс-лазураку і інш.

т. 9, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫЦІНА́НКА, выстрыганка,

ажурны ўзор, выразаны з рознакаляровай паперы. Радзіма выцінанкі — Стараж. Кітай, у 18—19 ст. былі пашыраны ў многіх народаў Еўропы. У беларусаў выкарыстоўваліся з канца 19 ст. для аздаблення інтэр’ера жылля (фіранкі на вокны, падзоры на паліцы, вушакі дзвярэй, бардзюры на рамы і інш.), на З Беларусі чорнымі ці паліхромнымі выцінанкамі аздаблялі беленыя сцены. Паводле кампазіцыі бел. выцінанкі падзяляюцца на замкнёныя (квадратныя, шматвугольныя, круглыя сурвэткі, якія выразалі з веерападобна складзенага ў 8—16 разоў аркуша паперы), рапортныя (паперу складвалі гармонікам, у выніку атрымліваліся фіранкі, падзоры) і сіметрычныя (выразалі з паперы, складзенай папалам, атрымлівалі аздобы на сцены з 2 сіметрычных палавін, напр. птушкі вакол дрэва або вазона). Найб. пашырэнне мелі аднаколерныя выцінанкі, часам — шматслойныя паліхромныя. Узоры пераважна геаметрычныя, радзей раслінныя, зааморфныя, антрапаморфныя, падобныя на вышываныя або маляваныя.

Я.​М.​Сахута.

Выцінанка.

т. 4, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЛАДАЎСКІ ЗВОН,

помнік ліцця мастацкага, эпіграфікі, палеаграфіі Беларусі. Адліты ў 1583 з медзі Марцінам Гофманам у Коўне (зараз г. Каўнас, Літва) для царквы в. Моладава (Іванаўскі р-н Брэсцкай вобл.; адсюль назва) паводле загаду ўладальніка маёнтка дзярж. і ваен. дзеяча 16 ст. Сімяона Войны ў памяць аб бацьках. Выш. 62 см, найб. дыяметр 70 см, таўшчыня ліцця 7 см. Дэкарыраваны рэльефным арнаментам рэнесансавага характару: выявы міфалагічных істот (крылатыя коні, ільвы, алені і інш.) у медальёнах, утвораных непарыўнай звілістай сцяблінай. У сярэдняй частцы звона змешчаны тэкст, згрупаваны ў 4 калонкі па 13 радкоў у кожнай: фундатарскі надпіс і панегірык Войну Маціевічу Грычыну і яго сям’і. Тэкст выразаны ад рукі на тагачаснай бел. мове лац. літарамі. Пад адной калонкай — выява герба роду Войнаў. Па ніжнім краі звона — надпіс з датай адліўкі і імем майстра. Вернуты ў Свята-Вазнясенскую царкву в. Моладава.

Літ.:

Вецер Э.І., Хадыка Ю.В. Звон у Моладаве // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1971. № 1.

Э.​С.​Максімава, Ю.​В.​Хадыка.

т. 10, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)