УВІЛЬГАТНЕ́ННЕ сушы,

суадносіны паміж колькасцю ападкаў атмасферных і выпаральнасцю або т-рай паветра, ад якой залежыць выпаральнасць. Характарызуецца каэфіцыентам увільгатнення, індэксам арыднасці і гуміднасці. Вылучаюць зоны залішняга У. (ападкаў выпадае больш, чым іх можа выпарыцца), няўстойлівага (колькасць ападкаў, неабходных для вырошчвання с.-г. культур, выпадае штогод, або адзначаецца сухі сезон), недастатковага (ападкаў выпадае менш, чым іх можа выпарыцца), аптымальнага (сума ападкаў прыкладна роўная або крыху большая за велічыню іх магчымага выпарэння). Тэр. Беларусі адносіцца да зоны залішняга У., у асобныя перыяды (пераважна ў маі—чэрв.) магчымы недахоп ападкаў, што выклікае засухі або засухападобныя з’явы.

т. 16, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЧНЫЯ СНЯГІ́,

шматгадовыя намнажэнні снегу і лёду ў палярных краінах і ў гарах вышэй за снегавую лінію. Уласцівы абласцям з дадатным гадавым балансам цвёрдых атм. ападкаў, частка якіх не паспявае растаць і выпарыцца за лета і назапашваецца з году ў год. На тэр. Беларусі былі ў час зледзяненняў.

т. 4, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІВА́ЛЬНЫ КЛІ́МАТ (ад лац. nivalis снежны, халодны), нівальна-гляцыяльны клімат,

клімат высокіх шырот або высакагор’яў у геамарфалагічнай класіфікацыі (гл. Нівальны пояс). Ва ўмовах Н.к. снегу выпадае больш, чым можа растаць і выпарыцца, што садзейнічае ўтварэнню снежнікаў і ледавікоў. Н.к. уласцівы ледавіковым покрывам Антарктыды, Грэнландыі, некат. інш. палярным і горным раёнам зямнога шара. Тэрмін Н.к. прапанаваны ням. географам А.​Пенкам.

т. 11, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)