ІМЖА́,

від ападкаў атмасферных у выглядзе вельмі дробных (дыяметр менш за 0,5 мм) кропель дажджу. Выпадае з слаістых, слаіста-кучавых воблакаў і туману. Пры адмоўных т-рах І. можа выпадаць у пераахалоджаным стане, замярзаць на паверхні зямлі і ўтвараць галалёдзіцу. На тэр. Беларусі бывае 20—40 сут за год.

т. 7, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНАТУРА́ЦЫЯ (ад дэ... + лац. natura прыродныя ўласцівасці, сутнасць) у біяхіміі, страта біяпалімерамі прыроднай (натыўнай) канфігурацыі і біял. уласцівасцей у выніку разбурэння іх другаснай і трацічнай структуры пад уплывам фіз. і хім. фактараў. Пры Д. з малекул бялкоў, нуклеінавых к-т і інш. біяпалімераў утвараецца сумесь неўпарадкаваных ланцугоў поліпептыдаў, полінуклеідаў і інш. біяпалімераў, якія могуць выпадаць у асадак. Асн. фактары, што выклікаюць Д., — т-ра, змены pH (пры дабаўленні к-т і шчолачаў), арган. растваральнікі, іоны цяжкіх металаў, хаатропныя рэагенты тыпу дэтэргентаў. З’ява Д. выкарыстоўваецца пры выпечцы хлеба, у кандытарскай, кансервавай і інш. галінах прам-сці.

т. 6, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБ-ЭЛЬ-ХА́ЛІ,

пустыня на ПдУ Аравійскага п-ва ў Саудаўскай Аравіі. Даўж. каля 1200 км, шыр. да 500 км, пл. каля 650 тыс. км² (адна з самых вял. пясчаных пустынь на зямным шары). Раўніна паніжаецца з З на У ад выш. 500—1000 м да 100—200 м. Пераважаюць рухомыя пяскі, што ўтвараюць барханы (выш. да 200 м), грады і асобныя масівы. Сярод пяскоў месцамі камяністыя раўніны. На У вял. саланчакі. Ападкаў менш за 50 мм за год, могуць не выпадаць некалькі гадоў запар. Пастаянны паверхневы сцёк адсутнічае. У міжградавых паніжэннях рэдкая расліннасць (салянкі, вярблюджая калючка). Качавая вярблюдагадоўля. Радовішчы нафты.

т. 13, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЛО́ТНЫЯ ДАЖДЖЫ́, кіслыя дажджы,

атмасферныя ападкі, забруджаныя вокісламі азоту і серы, што трапляюць у паветра з выкідамі прамысл. прадпрыемстваў. Выпадаюць у выглядзе раствораў кіслот, якія ўтвараюцца пры ўзаемадзеянні азотнага і сернага ангідрыдаў з атм. вадой. Адмоўна ўплываюць на стан навакольнага асяроддзя: павялічваюць кіслотнасць глебы, аказваюць біяцыднае ўздзеянне на жывыя арганізмы, пагражаюць здароўю чалавека, шкодзяць прамысл. і арх. пабудовам. Могуць выпадаць на значнай адлегласці ад крыніц забруджвання. Колькасць К.д. і іх адмоўны ўплыў на навакольнае асяроддзе штогод павялічваюцца. Памяншэнне ці спыненне выкідаў у паветра прамысл. прадпрыемствамі шкодных рэчываў, у т. л. вокіслаў азоту і серы, правядзенне інш. мерапрыемстваў па ахове атмасферы дапамагаюць зменшыць кіслотнасць атм. ападкаў, спрыяюць спыненню К.д.

т. 8, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЫ́Я ПЛАНЕ́ТЫ,

астэроіды, невялікія нябесныя целы, якія рухаюцца вакол Сонца па эліптычных арбітах, размешчаных пераважна паміж арбітамі Марса і Юпітэра, т. зв. пояс астэроідаў. Агульная колькасць М.п., што назіраюцца ў сучасныя тэлескопы, каля 100 тыс. (занумараваны і ўключаны ў каталог каля 6 тыс.), буйнейшыя з іх: Цэрэра, Палада, Веста, Гігея.

У поясе М.п. адбываюцца сутыкненні астэроідаў, што прыводзіць да іх драблення. Колькасць М.п. значна павялічваецца ад буйных да дробных. Сумарная маса М.п. меней за 1/700 масы Зямлі, дыям. ад 1025 км (у Цэрэры) і меней. Арбіты ў сярэднім больш выцягнутыя і больш нахіленыя да экліптыкі, чым арбіты вял. планет. Вядома каля 300 М.п., якія перыядычна збліжаюцца з Зямлёй і ўяўляюць для яе патэнцыяльную небяспеку. Калі дробныя асколкі рухаюцца па арбітах, якія перасякаюць арбіту Зямлі, яны могуць выпадаць на Зямлю ў выглядзе метэарытаў. Няправільная абломкавая форма і плямістасць паверхні некат. М.п. выяўляюцца ў перыяд. зменах бляску; ваганні бляску паказваюць і на іх восевае вярчэнне. Па аналогіі з большасцю метэарытаў М.п. лічацца камяністымі целамі, шчыльн. 3000—3500 кг/м³. Раней М.п. лічылі абломкамі планеты, якая быццам бы існавала паміж Марсам і Юпітэрам, аднак малая сумарная маса М.п. і адсутнасць прычын для распаду планеты прывялі да адмаўлення ад гэтай гіпотэзы. Відаць, М.п. ўтварыліся ў выніку паслядоўнага драблення пры сутыкненнях больш буйных першасных цел, якія ўзніклі ў працэсе эвалюцыі т. зв. пратапланетнага рэчыва адначасова з вял. планетамі. Вывучэнне руху М.п. праводзіцца для вырашэння шэрагу задач астраметрыі (вызначэнне астр. пастаянных, сістэм. памылак зорных каталогаў і інш.). Аналіз узбурэнняў у руху М.П. дае магчымасць вызначыць масу вял. планет.

Літ.:

Малые планеты. М., 1973;

Коротцев О.Н., Дахие М.Ю. Созвездие памяти: Космич. мемориал героев Великой Отеч. войны. СПб., 1995.

А.​М.​Коратцаў.

Арбіты некаторых малых планет (Адоніс, Апалон, Гермес, Ікар, Эрот).

т. 10, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)