ВЕРАСНЁЎСКАЕ НАРО́ДНАЕ ЎЗБРО́ЕНАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1944 у Балгарыі,

антыфашысцкае паўстанне ў 2-ю сусв. вайну. 26.8.1944 ЦК Балг. рабочай партыі (БРП) прыняў цыркуляр № 4 — праграму падрыхтоўкі ўзбр. паўстання, якая мела на мэце выгнаць нацыстаў з Балгарыі, скінуць манарха-фаш. дыктатуру і ўстанавіць уладу Айч. фронту. 5 вер. Палітбюро ЦК БРП і Гал. штаб Нар.-вызв. паўстанцкай арміі зацвердзілі план паўстання. 7 вер. ў Плевене, Сілістры, Перніку, Плоўдзіве, Слівене і інш. гарадах адбыліся дэманстрацыі і забастоўкі працоўных, у час якіх вызвалены палітвязні. 6—8 вер. балг. партызаны вызвалілі 164 нас. пункты. Ноччу 9 вер. нанесены ўдар па асн. урадавых установах у Сафіі. Да раніцы захоплены радыёстанцыі, будынак ваен. мін-ва, цэнтр. пошта і тэлеграф, тэлеф. станцыя, цэнтр. вакзал і інш. Перамозе паўстання спрыяла ўступленне на тэр. Балгарыі 8 вер. часцей Чырв. Арміі (у гэты дзень Балгарыя абвясціла вайну фаш. Германіі). У выніку паўстання скінуты ўрад правага «земляроба» (чл. партыі Балг. земляробскі нар. саюз) К.​Муравіева і сфарміраваны ўрад Айч. фронту.

Літ.:

Боев Б. Революция 9 сентября 1944 года в Болгарии: Пер. с болг. М., 1981;

Краткая история Болгарии: С древнейших времен до наших дней. М., 1987. С. 425—428.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 4, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕЙДА́НСКІ ДАГАВО́Р 1655,

пагадненне пра аб’яднанне ВКЛ са Швецыяй. Заключаны ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у Кейданах (Жамойць) па ініцыятыве вял. гетмана ВКЛ Я.​Радзівіла. Калі побач з маск. войскам у вайну супраць Рэчы Паспалітай уступіла і Швецыя (гл. Паўночная вайна 1655—60), Радзівіл летам 1655 абвясціў пра гатоўнасць прызнаць швед. караля Карла X Густава вял. князем ВКЛ. У Рыгу выехаў пасол ВКЛ Г.​Любянецкі прасіць пратэкцыі і ваен. дапамогі. Быў прывезены праект пагаднення, падпісаны ў Кейданах 17 жн. Радзівілам, вольным гетманам ВКЛ В.​А.​Корвін-Гасеўскім, іерархамі каталіцкай царквы і многімі ваен. чынамі (436 чал.). Большасць шляхты не прыняла дакумент і заставалася на баку караля Яна II Казіміра. Пагадненне прадугледжвала аб’яднанне (унію) ВКЛ са Швецыяй на роўных правах. Унія ВКЛ з Польшчай аўтаматычна касавалася. Шведскі кароль абавязаўся выгнаць з ВКЛ маск. войска. З прычыны разладу ў лагеры прыхільнікаў дагавора 20 кастр. прыняты новы варыянт дакумента, які прадугледжваў у асн. тыя ж умовы аб’яднання ВКЛ са Швецыяй. У выніку К.д. Швецыя ўзяла пад ахову сваіх узбр. сіл частку зах. зямель ВКЛ. Пасля смерці гал. ініцыятара дагавора Радзівіла ў крас. 1656 у Жамойці адбылося антышведскае паўстанне. Шведская адміністрацыя і войска адышлі ў Інфлянты, К.д. канчаткова страціў сілу.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 8, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)