ГУ́СТАЎ IV Адольф
(Gustaf IV Adolf; 1.11.1778, Стакгольм — 7.2.1837),
кароль Швецыі [1792—1809]. З дынастыі Готарпаў. Дэспатычны характар праўлення Густава IV, а таксама паражэнне Швецыі ў войнах з Францыяй (1805—07) і Расіяй (1808—09) прывялі да звяржэння яго рыксдагам у сак. 1809, у снеж. 1809 выгнаны са Швецыі.
т. 5, с. 547
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДА́М (стараж.-яўр. чалавек),
у Бібліі і Каране першы чалавек, прабацька ўсіх людзей, якога стварыў Бог па сваім падабенстве і пасяліў з Евай у раі, адкуль яны былі выгнаны за грэхападзенне. Паводле падання, пражыў 930 гадоў і быў пахаваны на Галгофе на тым месцы, дзе пазней быў распяты на крыжы Ісус Хрыстос.
т. 1, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫСТА́РХ САМО́СКІ (Aristarchos Samios; каля 320 — каля 250 да нашай эры),
старажытнагрэчаскі астраном. Першы выказаў ідэю геліяцэнтрызму (гл. Геліяцэнтрычная сістэма свету). Вучыў, што Зямля рухаецца вакол Сонца і верціцца вакол сваёй восі, а Сонца і зоркі нерухомыя. Быў абвінавачаны ў бязбожнасці і выгнаны з Афінаў. Аўтар трактата «Пра памеры і адлегласці Сонца і Месяца».
т. 2, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ПЕЛЬ (Popiel),
легендарны велікапольскі князь, папярэднік дынастыі Пястаў, які правіў у г. Гнезна. Паводле найстараж. версіі, пададзенай у хроніцы Гала Ананіма (12 ст.), П. быў выгнаны з Гнезна і з’едзены мышамі. Больш познія храністы, пачынаючы з Вінцэнты Кадлубака, гавораць аб двух П. «Хроніка Велікапольская» пераносіць дзеянне падання аб П. з Гнезна ў Крушвіцу.
т. 12, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСМА́НЫ,
1) дынастыя турэцкіх султанаў
[1299 ці 1300—1922]. Заснавальнік Асман I [1299 ці 1300 — 1324]. Найб. вядомыя прадстаўнікі: Баязід I, Мехмед II, Селім I Явуз [1512—20],
Сулейман I Кануні, Селім III, Махмуд II, Абдул-Хамід II. Апошні асманскі султан Мехмед VI Вахідэдзін [1918—22] уцёк з Турцыі пасля ліквідацыі султаната (1.11.1922). З ліквідацыяй халіфата (3.3.1924) усе члены дынастыі выгнаны з краіны.
2) Турэцкае насельніцтва Асманскай імперыі.
т. 2, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАНА́КТ (Hippōnax; каля 540 да н.э., г. Эфес, Грэцыя — ?),
старажытнагрэчаскі паэт. Выгнаны тыранамі з Эфеса, пасяліўся ў Клазаменах. Жыў у галечы. Яго вершы (захаваліся фрагменты) адлюстроўвалі жыццё гар. нізоў, беднаты. Мова вершаў блізкая да жывой народнай. Уся творчасць Гіпанакта прасякнута іроніяй і самаіроніяй; іранічна гучыць і сам верш, які нібыта «прыпадае» на апошнюю стапу: гэты вершаваны памер атрымаў назву халіямб (кульгавы ямб). Гіпанакт лічыцца яго вынаходцам.
Г.В.Сініла.
т. 5, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ВА (стараж.-яўр. Хава крыніца жыцця),
паводле Бібліі і Карана, жонка Адама. створаная Богам з адамавага рабра; першая жанчына на свеце і прамаці ўсіх людзей. Паводле падання, Е. першая парушыла боскае прадпісанне: паспытала ў Эдэме (раі) сама і ўгаварыла Адама паспытаць «забаронены плод з дрэва пазнання дабра і зла». За гэта яны былі пазбаўлены бессмяротнасці і выгнаны з раю. У хрысціянстве гэта паданне тлумачыцца як грэхападзенне або першародны грэх.
т. 6, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́С Ю́Р’ЕВІЧ (?—2.5.1159),
князь белгародскі, тураўскі. Сын кн. Юрыя Далгарукага. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1146. Падтрымліваў свайго бацьку ў барацьбе з кн. Ізяславам Мсціславічам за кіеўскі прастол. У 1149 атрымаў ва ўладанне Белгарад, але праз год выгнаны адтуль Ізяславам. Удзельнічаў у аблозе Луцка, выгнанні Ізяслава з Кіева (1150). У 1155 пасаджаны на княжанне ў Тураў. Не пазней чым праз 3 гады Тураў заняў кн. Юрый Яраславіч, а Барыс Юр’евіч выехаў у Растова-Суздальскую зямлю, дзе і памёр.
т. 2, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫ́СКІ (ісп. moriscos ад moro маўр),
мусульманскае насельніцтва, якое засталося ў Іспаніі пасля падзення ў 1492 Гранадскага эмірата (гл. Гранада). Прымусова хрысціянізаваныя, яны ў сваёй большасці тайна спавядалі іслам, жорстка праследаваліся інквізіцыяй (забаронена араб. мова, дзесяткі тысяч М. былі спалены). Пасля задушэння паўстання М. 1568—70 значная іх частка выселена ва ўнутр. вобласці Іспаніі. Паводле эдыкта 1609 выгнаны з Іспаніі. Большасць іх перасялілася ў Паўн. Афрыку. У Марока яны стварылі алігархічную рэспубліку Бу-Рэгрэг (1627-41).
т. 10, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬКА ЯРАПО́ЛЧЫЧ,
князь драгічынскі і нурскі 12 ст. Сын бужскага кн. Яраполка Ізяславіча. Упамінаецца ў «Гісторыі Расійскай» рас. гісторыка 18 ст. В.М.Тацішчава пад 1182 як валадар гарадоў Драгічын і Нур на р. Зах. Буг. Захапіў Бярэсце (Брэст) у мінскага кн. Уладзіміра Валадаравіча, аднак той з дапамогай полацкіх войск вярнуў горад і ўварваўся ва ўладанні Васількі. Тады Васілька Яраполчыч ўцёк да цесця, польскага кн. Лешка, з яго дапамогай вярнуў свае землі, але быў выгнаны ўладзіміра-валынскім кн. Раманам Мсціславічам.
В.С.Пазднякоў.
т. 4, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)