ГЕТЭРАМАРФО́З,

рэгенерацыя, пры якой замест страчанага органа ўтвараецца новы з іншай формай і функцыяй. Пашыраны ў розных жывёл — ад прасцейшых да пазваночных, але часцей трапляецца ў жывёл з нізкай арганізацыяй як праяўленне мутацый, фенакопій, можа абумоўлівацца і спадчыннасцю. Напр., у рачных ракаў замест страчанага складанага фасетачнага вока можа рэгенерыраваць вусік; у дажджавога чарвяка замест ампутаванага галаўнога ўчастка развіваецца хваставая частка цела. Гетэрамарфоз можна выклікаць штучна пры змене ўмоў рэгенерацыі.

т. 5, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯНТУ́З (звычайны) (Lota lota),

адзіная прэснаводная рыба сям. трасковых атр. траскападобных. Пашыраны ў рэках і азёрах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі жыве ў вадаёмах з халоднай чыстай вадой і камяністым дном, у ямах, пад берагамі. Актыўны ўвосень і зімой, летам упадае ў спячку. Нар. назвы калека, мень, мянёк.

Даўж. да 1,7 м, маса да 32 кг (на Беларусі да 5 кг). Спінных плаўнікоў 2. Цела ўкрыта дробнай цыклоіднай луской. Верхняя сківіца выступае ўперад. На ніжняй сківіцы 1 вусік. Зубы шматлікія, шчацінкападобныя. Драпежнік. Аб’ект промыслу.

Мянтуз.

т. 11, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)