Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУХІ́РНІК (Cucubalus),
род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. 2 віды. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 1 від — П. ягадны, або воўчыя вочкі (C. baccifer), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца сярод хмызняку, па берагах рэк, у цяністых лясах. Культывуецца ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі.
П. ягадны — шматгадовая трава з галінастым узыходным або ляжачым апушаным сцяблом даўж. 0,5—2 м. Лісце суцэльнае, супраціўнае, на кароткіх чаранках. Кветкі двухполыя, адзіночныя, зеленавата-белыя. Плод — бліскучая, чорная, сухая ягада. Дэкар., лек. і харч. (спажываецца маладое лісце) расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛЁН, ліснік (Solanum),
род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 1700 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах, большасць у Паўд. Амерыцы. На Беларусі 5 дзікарослых відаў. Найб. вядомыя П.: жоўты (S. luteum), салодка-горкі, нар. назвы воўчыя ягады, гліснік (S. dulcamara), чорны (S. nigrum). Трапляюцца ў вільготных ярах, хмызняках, па берагах вадаёмаў. Культывуюць баклажан і бульбу.
Адна- і шматгадовыя травы, кусты і паўкусты, часам невял. дрэвы (у тропіках). Сцёблы прамастойныя, лазячыя ці павойныя. Лісце чаргаванае або супраціўнае, чаранковае, лопасцевае ці перыстае. Кветкі адзіночныя або ў завітках. Плод — ягада. Многія віды маюць алкалоіды (саланіны і інш.) і выкарыстоўваюцца як лек. расліны (напр., П. салодка-горкі). Харч., лек., дэкар., меданосныя і фарбавальныя расліны. Есць ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎЧАЯ́ГАДА, воўчнік (Daphne),
род кветкавых раслін сям. ваўчаягадавых. Каля 70 відаў. Пашыраны ў Еўропе (пераважна ў Міжземнамор’і), Паўд.-Ўсх. Азіі, Гімалаях, Іране. На Беларусі ў цяністых вільготных хвойных і лісцевых лясах расце ваўчаягада звычайная, або воўчае лыка, воўчыя ягады (Daphne mezereum); ваўчаягада баравая (Daphne cneorum), трапляецца вельмі рэдка на Палессі ў хваёвых барах, занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. У Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны ваўчаягада лаўровая (Daphne laureola) і алтайская (Daphne altaica).
Лістападныя ці шматгадовазялёныя кусты або невял. дрэўцы. Лісце чаргаванае, зрэдку супраціўнае, простае, прадаўгавата-ланцэтнае, кароткачаранковае. Кветкі ружовыя, белыя ці жаўтаватыя, у галоўчатых суквеццях або ў кароткіх гронках, рэдка па 2—5 у пазухах лісця ці адзіночныя, двухполыя, пахучыя. Плод — сакаўная ярка-чырвоная аднанасенная касцянка. Дэкар., тэхн. (фарбавальныя, дубільныя і камедзяносныя), лек. (плады і кара — вонкавы раздражняльны, ірвотны, слабіцельны, процігельмінтны і інш. сродак), меданосныя, ядавітыя (асабліва плады і кара) і інсектыцыдныя расліны.