ВАРАНЕ́Ц (Actaea),

род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераных зонах Паўн. паўшар’я. На Беларусі зрэдку трапляецца варанец каласісты (A. spicata). Расце ў шыракалістых і мяшаных лясах, у хмызняках па берагах рэк. Вырошчваецца ў Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі.

Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным разгалінаваным сцяблом і карэнішчам. Лісце буйное, трайчастае, зубчастае, на чаранках. Кветкі дробныя, белыя або жаўтавата-белыя, у гронках. Плод — ягадападобная касцянка чорнага, белага або чырв. колеру. Дэкар., тэхн. (з пладоў атрымліваюць чорную і чырв. фарбу), лек. (карані — ірвотны і слабіцельны сродак) і ядавітыя (усе часткі) расліны.

т. 3, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́НІШЧАВЫЯ РАСЛІ́НЫ,

шматгадовыя расліны з падземнымі відазмененымі сцёбламі — карэнішчамі. На Беларусі найб. вядомыя сярод агароднінных (рэвень, спаржа, хрэн), лек. (аер, валяр’ян, гарычка, купена, ландыш, мыльнік), дэкар. (армерыя, ворлікі, канна, касач, півоня, фіялка, флёкс), дубільных (вадзяная грэчка, дуброўка), фарбавальных (дзівасіл высокі, маруна), кармавых (асака, каласнец, каласоўнік, купкоўка, метлюжок, цімафееўка), ядавітых (варанец, мудранка, цыкута, чамярыца) раслін, цяжкавынішчальнага пустазелля (хвошч, пырнік, свінакроп). Некат. К.р. (напр., каласнец) выкарыстоўваюць для замацавання сыпкіх пяскоў.

т. 8, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАНЦО́ВЫ,

дваранскі, графскі і княжацкі род у Расіі.

Родапачынальнік — Фёдар па мянушцы Варанец. З яго прапраўнука Сямёна Іванавіча (п. у 1518) пачалося ўзвышэнне роду. Яго сыны: Фёдар (Дзямід) Сямёнавіч (п. 21.7.1546), баярын (1544), пасля паражэння Шуйскіх у 1543 заняў кіруючае становішча ва ўрадзе малалетняга Івана IV Грознага, пад націскам Глінскіх абвінавачаны ў здрадзе і пакараны смерцю; Міхаіл Сямёнавіч (п. у 1539), баярын (з 1531), у час праўлення Алены Глінскай (1533—38) адзін з бліжэйшых памочнікаў М.Глінскага, у 1534 разам з ім пасаджаны ў цямніцу, у 1535 памілаваны, удзельнічаў у ваен. дзеяннях супраць ВКЛ; Іларыён Гаўрылавіч (1674—25.5.1750), сенатар з 1742, яго сыны — Раман Іларыёнавіч (28.7.1707—12.12.1883), дзярж. дзеяч, з 1760 сенатар, Міхаіл Іларыёнавіч (23.7.1714—26.2.1767), дзярж. дзеяч, дыпламат, актыўны ўдзельнік дварцовага перавароту ў ліст. 1741, у 1758—62 канцлер. Сыны Рамана Іларыёнавіча: Аляксандр Раманавіч (15.9.1741—14.12.1805), дзярж. дзеяч і дыпламат, удзельнічаў у заключэнні важнейшых дагавораў Расіі з Францыяй (1786), Швецыяй (1790) і Турцыяй (Яскі мір 1791), з 1779 сенатар; Сямён Раманавіч (26.6.1744—1832), дзярж. дзеяч, дыпламат. Сын апошняга Міхаіл Сямёнавіч (30.5.1782—18.11.1856), дзярж. дзеяч, ген.-фельдмаршал, удзельнік вайны 1812. З 1823 ген.-губернатар новарасійскі, у 1828—44 і бесарабскі. У 1844—54 намеснік на Каўказе і галоўнакаманд. Асобным каўказскім корпусам.

т. 4, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)