Варакушка (птушка) 2/595; 8/624—625 (укл.); 9/328

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРА́КУШКА (Luscinia svecica),

птушка сям. драздовых атр. вераб’інападобных. Пашырана ва Усх. і Паўн. Еўропе, Паўн. і Цэнтр. Азіі. На Беларусі падвід — варакушка сярэднееўрапейская (L. s. cyanecula). Пералётная. Жыве скрытна ў хмызняках паблізу вадаёмаў, на балотах і забалочаных месцах.

Даўж. цела 14—15 см, маса каля 20 г. Палавы дымарфізм добра выяўлены. У самца горла і грудзі ярка-сінія, акаймаваныя чорнай вузкай паласой, з белай плямкай пасярэдзіне. Верх цела аліўкавы, ніз светлы. У самкі горла і грудзі светлыя з чорнымі стракацінамі. Гнёзды на зямлі пад кустамі ў густой траве, на купінах. Корміцца насякомымі, ягадамі. Пераймае галасы інш. птушак. Зімуе на Пд Азіі, у Паўн. Афрыцы. Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.

Варакушка.

т. 3, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БІСКУ, Абіска (Abisko),

нацыянальны парк на Пн Швецыі, у Скандынаўскіх гарах. Засн. ў 1909 як ландшафтны запаведнік. Уключае бас. р. Абіску і ч. паўд. ўзбярэжжа воз. Турнетрэск. Пл. 7,5 тыс. га. Хваёвыя і мяшаныя лясы. Разнастайная фауна млекакормячых (буры мядзведзь, воўк, лемінг, лось, паўн. алень, пясец, расамаха) і птушак (бакас, беркут, варакушка, курапатка палярная, паморнік даўгахвосты, пуначка, сава белая, уюрок). На тэр. парку навук.-доследная станцыя Шведскай АН.

т. 1, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САПО́ЦКІНСКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Гродзенскім р-не. Засн. ў 1978 для аховы прыродных запасаў лек. раслін, ландшафтных і фларыстычных комплексаў з рэдкімі і знікаючымі відамі. Пл. 12,6 тыс. га. Займае лясны масіў, у якім пераважаюць хвойнікі імшыстыя, верасовыя, арляковыя, бруснічныя, чарнічныя і інш. Трапляюцца ельнікі, бярэзнікі, чорнаалешнікі. Выдзелены рэдкія ландшафтныя прыродныя комплексы: участак стужачных ліпнякоў, поймавых дуброў і грабнякоў, хвойніку на карэнным беразе р. Нёман і інш. Лек. расліны: талакнянка, брусніцы, ядловец, цмен пясчаны, ландыш майскі і інш. Купальнік горны, баранец звычайны, сон лугавы, мнаганожка звычайная, лопух дуброўны, сіела прамая, кастрэц Бенякена, кураслеп лясны занесены ў Чырв. кнігу. З прадстаўнікоў фауны, занесеных ў Чырв. кнігу, барсук, бугай вялікі, бусел чорны, аляпка, варакушка, махаон, стужка ордэнская блакітная, чмель шрэнка і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 14, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАНЕ́Ц,

біялагічны заказнік на Беларусі, у Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл. Засн. ў 1996. Пл. 10 460 га. Створаны з мэтай захавання эталонных участкаў балотна-лугавых і лясных угоддзяў, стабілізацыі гідралагічнага рэжыму Дняпроўска-Бугскага балотна-карбанатна-саланчаковага комплексу. Расліннасць з бярозавага драбналесся з невял. лугамі; трыснягова-асакова-гіпнавае балота з бярозай пушыстай, вярбой попельнай і размарыналістай. На пагорках дрэвастоі з дуба, асіны, вольхі чорнай, граба, клёна, ліпы, ясеня, а таксама кустовыя віды: арэшнік, брызгліна бародаўчатая, жасцёр слабільны, каліна, крушына ломкая, свідзіна і інш. Фауна прадстаўлена млекакормячымі: андатра, бабёр, барсук, воўк, выдра, заяц-русак, дзік, казуля. ліс, лось, норка амер. сабака янотападобны, арнітафауна — відамі адкрытых прастораў, ляснымі, каляводнымі, балотнымі, сінантропнымі: крыжанкі, кулікі, луні лугавыя і камышовыя, пастушковыя, цецерукі, чыркі; з паўзуноў — чарапаха балотная; у энтамакомплексе 40 відаў матылёў. Занесеныя ў Чырв. кнігу: расліны — венерын чаравічак, гайнік цёмна-чырвоны, тайнік яйцападобны, жывёлы — аўсянка садовая, варакушка, журавель шэры, кулон вялікі, пустальга звычайная, сава балотная, саракуш шэры.

П.​Д.​Лабанок.

т. 7, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)