Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКЗА́Л (ад англ. Vauxhall — назва забаўляльнай установы каля Лондана ў 17 ст.),
будынак ці комплекс будынкаў, збудаванняў і прыстасаванняў для абслугоўвання пасажыраў, кіравання рухам транспарту і размяшчэння службовага персаналу. Адрозніваюць чыгуначныя, рачныя, марскія, аўта- і аэравакзалы, а таксама аб’яднаныя, ці комплексныя (напр., чыгуначна-аўтобусны). Першыя вакзалы з’явіліся з пачаткам пасажырскіх перавозак па чыгунцы (напр., вакзалы на лініі Стоктан—Дарлінгтан у Англіі, 1822—25).
На Беларусі чыгуначныя вакзалы будавалі адначасова з пракладкай чыгунак. Будынак вакзала (Віленскага) у Мінску адкрыты ў 1874 (перабудаваны ў 1939, пасля Айч. вайны адноўлены ў 1949, з 1980-х г. узводзяцца новыя будынкі), у 1866 пабудаваны Віцебскі чыгуначны вакзал, да 1867 — чыг.вакзал у Гродне (у 1948 рэканструяваны, у 1986 пабудаваны новы), у 1886 — Брэсцкі чыгуначны вакзал (у 1956 рэканструяваны), у 1-й пал. 20 ст. пабудаваны Магілёўскі чыгуначны вакзал, Слонімскага вакзала будынак. Адноўлены разбураныя ў Айч. вайну і рэканструяваны вакзал ў Баранавічах (1947), Гомелі (1948), Оршы (1951), Полацку (1953). Пабудаваны аэравакзалы: у Мінску (гл.Мінскія аэрапорты), Брэсцкі аэравакзал, у Гродне (1962), Салігорску (1965), Бабруйску (1966), Гомелі (1976), Магілёве (1971). У ліку буйных аўтавакзалаў Беларусі Мінскі аўтавакзал «Усходні». На суднаходных рэках будуюцца рачныя вакзалы (Мазырскі рачны вакзал).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́ВАКЗА́Л,
комплекс будынкаў і збудаванняў для абслугоўвання пасажыраў, апрацоўкі багажу і грузаў у марскіх портах. Падзяляюцца на пасажырскія і грузапасажырскія, канцавыя і прамежкавыя.
Будуюцца на прыбярэжных участках, у т.л. на молах і пляцоўках з штучнай асновай. Маюць пасаж., багажныя, тэхн. і інш. памяшканні, грузавыя склады (на ўзроўні прычалаў), спец. пасадачныя прыстасаванні (пад’ёмна-паваротныя і крытыя тэлескапічныя трапы), часам галерэі ўздоўж прычалаў або пірсы. Бываюць М.в., высунутыя ў мора (на па́лях), асобныя збудаванні — на плывучых платформах. Гл. таксама Вакзал, Рачны вакзал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ЧЫГУ́НАЧНЫ ВАКЗА́Л,
помнік архітэктуры позняга класіцызму ў Магілёве. Пабудаваны ў 1902. Фарміруе Прывакзальную пл. з партэрам у цэнтры яе. Пасля Вял.Айч. вайны будынак рэканструяваны. Мураваны 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак з 2 невял. прыбудовамі па тарцах. Гал. фасад вылучаны 3 рызалітамі (цэнтр. з гал. уваходам і 2 бакавыя), завершанымі атыкамі; ён прарэзаны вял. арачнымі аконнымі праёмамі (у прыбудовах — прамавугольныя), прасценкі паміж якімі дэкарыраваны руставанымі пілястрамі. Сцены завершаны прафіляваным карнізам з сухарыкамі. У цэнтры гал. фасада 8-гранны светлавы барабан з невысокай 4-граннай вежай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ЧЫГУ́НАЧНЫ ВАКЗА́Л Пабудаваны ў 1866, калі праз Віцебск была пракладзена Рыга-Арлоўская чыгунка. У Вял. Айч. вайну пашкоджаны. У 1954 узведзены новы будынак вакзала (арх. Б.Мезенцаў). У аб’ёмна-прасторавым вырашэнні сіметрычнага прамавугольнага ў плане цаглянага будынка дамінуе цэнтр. аб’ём з 2—4-павярховымі бакавымі крыламі. Кампазіцыя гал. фасада цэнтр. аб’ёму заснавана на рытме 3 буйных арачных праёмаў на ўсю вышыню. У архітэктуры фасадаў і інтэр’ераў выкарыстаны дэкар. элементы класічнай спадчыны: пілястры, капітэлі, паўкалоны і інш. Інтэр’еры апрацаваны мармурам, тынкам, гіпсам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ ЧЫГУ́НАЧНЫ ВАКЗА́Л.Пабудаваны ў 1886 у Брэсце ў псеўдарускім стылі (арх. Я.Гарбуноў, В.Лорберг, Л.Нікалаі). У Вял. Айч. вайну разбураны. У 1956 адноўлены ў старых параметрах са зменай планіроўкі і кампазіцыі. Цэнтр. аб’ём з 2-светлавым вестыбюлем, заламі чакання, службовымі і дапаможнымі памяшканнямі вылучаны вежай са спічаком. Бакавыя флігелі аб’яднаны з асн. будынкам агульным верхнім поясам і радам квадратных у плане пілонаў. Зала чаканняў упрыгожана смальтавай мазаікай на тэму абароны Брэсцкай крэпасці (1973). Абапал вакзала праходзяць чыг. пуці, пад імі — віядукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Аэравакзал, гл.Вакзал
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАРУ́СКІ СТЫ́ЛЬ,
кірунак у рус. архітэктуры канца 19 — пач. 20 ст. Пачатак пакладзены ў Абрамцаве пад Масквой, у маст. гуртку С.І.Мамантава (канец 1870 — пач. 1880-х г.), які аб’ядноўваў прыхільнікаў новых форм сінтэзу мастацтваў. Агульныя прынцыпы формаўтварэння, пластычнасць, стракатая дэкаратыўнасць пабудоў дазваляе разглядаць Н.с. як нац.-рамант. плынь у рамках стылю мадэрн. Для Н.с. характэрна стварэнне суцэльнага арх.-маст. вобраза, асацыятыўна звязанага з першакрыніцай, а не кампіляцыя стараж.-рус. форм. У арсенал стылізаваных форм уключаліся матывы асн. школ страж.-рус. дойлідства (наўгародскай, уладзіміра-суздальскай, т.зв. нарышкінскага барока і інш.). У праектаванні пабудоў удзельнічалі мастакі В.Васняцоў (фасад Траццякоўскай галерэі, 1900—05), С.Малюцін (даходны дом Пярцовай, 1905—07, з арх. Н.Жукавым), арх. Ф.Шэхтэль (Яраслаўскі вакзал, 1902—04, усе ў Маскве) і інш. Прадстаўнікі позняга Н.с. амаль літаральна ўзнаўлялі формы стараж.-рус. пабудоў (А.Шчусеў, сабор Марфа-Марыінскага манастыра, 1908—12 у Маскве). Н.с. атрымаў увасабленне таксама ў дэкар.-прыкладным мастацтве, кніжнай графіцы, сцэнаграфіі.
А.М.Кулагін.
Да арт.Неарускі стыль. Яраслаўскі вакзал у Маскве. Арх. Ф.Шэхтэль. 1902—04.