Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АБМУНДЗІРАВА́ННЕ ВАЙСКО́ВАЕ,
форменнае адзенне ваеннаслужачага, адметнае колерам, канструкцыяй (кроем), знакамі адрознення і інш.
Элементы абмундзіравання вайсковага вядомыя са стараж. часоў (Егіпет, Асірыя, Персія, Грэцыя), больш выразнымі сталі ў арміі Стараж. Рыма. Упершыню аднолькавае абмундзіраванне вайсковае па відах і родах войскаў уведзена ў Францыі ў 17 ст. На Беларусі абмундзіраванне вайсковае пачало набываць адметнасць з часоў сярэднявечча і пазней. Напр., у 2-й пал. 18 ст. шараговы першай гвардыі ВКЛ насіў чырв. мундзір з сінімі вылогамі (адваротамі) і суконнымі пагонамі. Бікорн (галаўны ўбор) упрыгожваў пампон жоўтага колеру. На штанах сіняга колеру — адмысловая аздоба, характэрная толькі для палка пешай гвардыі. Бамбардзір (камандзір гарматнага разліку) у корпусе артылерыі ВКЛ, напр., меў мундзір з чорным каўняром, адваротамі і манжэтамі, зялёныя суконныя штаны з чорнымі лампасамі, на касцы змяшчалася латунная эмблема ў выглядзе палаючай гранаты, выява якой была таксама на торбе для нашэння набояў (боезапасаў). Шараговы коннай гвардыі ВКЛ меў чырв. мундзір без лацканаў і белыя ласіны (штаны са скуры лася, якія шчыльна аблягалі ногі) з батфортамі, насіў парык. Верхні край бікорна быў абшыты галуном. Абмундзіраванне вайсковае з цягам часу мянялася.
Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь нац. форма абмундзіравання вайсковага распрацавана і зацверджана ў 1993. У яго ўваходзяць: верхняе адзенне (паліто і куртка зімовыя, плашч-паліто, кіцель, куртка, штаны, кашуля і інш.), галаўныя ўборы (шапка-вушанка, фуражка, пілотка), бялізна, абутак, амуніцыя. Парадак выкарыстання абмундзіравання вайсковага вызначаецца правіламі нашэння вайск. формы адзення, якая падзяляецца на парадную, парадна-выхадную, паўсядзённую, палявую і рабочую, а кожная з іх — на летнюю і зімовую. Права нашэння абмундзіравання вайсковага маюць ваеннаслужачыя ўзбр. сіл, ваен.-навуч. устаноў, а таксама тыя катэгорыі ваеннаслужачых, за якімі пасля звальнення ў запас ці адстаўку захавана такое права.
У.П.Рудэнка, В.А.Юшкевіч.
Да арт. Абмундзіраванне вайсковае. I. Адзенне воінаў 11—14 ст.: 1—2 — воіны Старажытнай Русі (11—12 ст.); 3 — літоўскі воін 14 ст.; 4—7 — военачальнікі Вялікага княства Літоўскага. II. Ваяводскія і павятовыя мундзіры беларускай шляхты (1780): 1 — Смаленскае ваяв.; 2 — Гарадзенскі пав.; 3 — Ашмянскі пав.; 4 — Віленскае ваяв.; 5 — Наваградскае ваяв.; 6 — Аршанскі пав.; 7 — Полацкае ваяв.; 8 — Берасцейскае ваяв. III. Адзенне войска Вялікага княства Літоўскага (1776—94): 1 — генерал-маёр; 2 — афіцэр 3-га палка пярэдняй стражы; 3 — ротмістр янычарскай харугвы Булавы вялікай; 4 — шараговы пешай гвардыі; 5 — шараговы коннай гвардыі; б — бамбардзір корпуса артылерыі; 7 — інжынер ваеннага корпуса інжынераў.Да арт. Абмундзіраванне вайсковае. Форма адзення ваеннаслужачых Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Для генералаў: 1 — летняя парадна-выхадная, 2 — летняя штодзённая (акрамя авіяцыі), 3 — летняя штодзённая (авіяцыі), 4 — зімовая штодзённая, 5 — летняя штодзённая (з кашуляй), 6 — летняя палявая; для афіцэраў і прапаршчыкаў: 7 — летняя парадна-выхадная, 8 — летняя штодзённая (акрамя авіяцыі), 9 — летняя штодзённая (авіяцыі), 10 — летняя штодзённая (з курткай і пілоткай), 11 — зімовая штодзённая (з фуражкай), 12 — летняя штодзённая (з плашч-паліто), 13 — летняя штодзённая (з кашуляй), 14 — летняя палявая, 15 — зімовая палявая; для салдат, сяржантаў і курсантаў ваенных вучылішчаў: 16 — летняя парадна-выхадная, 17 — летняя палявая, 18 — зімовая палявая; для салдат і сяржантаў паветрана-дэсантных войскаў: 19 — летняя палявая; для ваеннаслужачых жанчын: 20 — летняя штодзённая (з курткай і пілоткай), 21 — летняя палявая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛУЧЭ́ННЕ ВАЙСКО́ВАЕ,
ваеннае фарміраванне, якое складаецца з некалькіх часцей або злучэнняў меншага складу, звычайна розных родаў войск (сіл), спец. войск (службаў), а таксама часцей (падраздзяленняў) забеспячэння і абслугоўвання. Існуюць З.в. пастаяннай і непастаяннай (часовай) арганізацыі. У залежнасці ад складу і задач, якія належыць вырашаць, адрозніваюць аператыўныя (напр., авіяносныя ўдарныя злучэнні ў ВМС ЗША), аператыўна-тактычныя (армейскія, стралк., механізаваныя, танк., кавалерыйскія і інш. карпусы, часам эскадры надводных караблёў), у гады 2-й сусв. вайны тактычныя (розныя дывізіі, брыгады і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТРА́Д
(ваен.),
1) ва ўзбр. сілах пастаяннае ці часовае вайсковае фарміраванне, якое ствараецца для выканання баявых або спец. задач. Бываюць разведвальныя, перадавыя, спецыяльныя, ваенна-будаўнічыя і інш. У час Вял. Айч. вайны — асн.арганізац. адзінка партыз. фарміраванняў (гл.Партызанскі атрад).
2) У ВМФ адрозніваюць атрад караблёў рознага прызначэння (дэсантныя, прыкрыцця і інш.); у ВПС — штатнае падраздзяленне, якое ўваходзіць у склад эскадрыллі.
3) У пагранічных войсках — асобная вайсковая часць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЯДНА́ННЕ
(ваен.),
вайсковае фарміраванне, у якое ўваходзяць некалькі злучэнняў або меншых па складзе аб’яднання, а таксама часцей і ўстаноў. Паводле складу і задач, якія вырашаюцца, бывае: стратэгічнае (узбр. сілы, кааліцыйныя аб’яднаныя ўзбр. сілы на тэатрах ваен. дзеянняў), аператыўна-стратэгічнае (фронт, група армій, флот), аператыўнае (армія, флатылія, эскадра, авіяцыя флоту і інш.), аператыўна-тактычнае (злучэнні і часці розных радоў войскаў, спецвойскаў і службаў аднаго віду ўзбр. сіл), тэрытарыяльнае агульнавайсковае (гл.Ваенная акруга).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ КРАЁВАЯ АБАРО́НА
(БКА),
вайсковае фарміраванне на акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі тэр.Беларусі ў Вял. Айч. вайну.
Стваралася ў пач. 1944 паводле дазволу А.Гітлера на правядзенне мабілізацыі на Беларусі, загадаў в.а. ген. камісара Беларусі К. фон Готберга ад 23.2.1944 і прэзідэнта Беларускай цэнтральнай рады Р.Астроўскага ад 6.3.1944 шляхам прымусовай мабілізацыі мужчынскага насельніцтва 1908—24 г. нараджэння. Узначальвала БКА гал. камандаванне на чале з маёрам Ф.Кушалем, якому падпарадкоўваліся акр. аддзелы БКА. Усяго было мабілізавана каля 25 тыс.чал., з якіх да крас. 1944 створана 36 пях. і 6 сапёрных батальёнаў. Афіцэры і падафіцэры БКА праходзілі падрыхтоўку на 3-тыднёвых курсах у Мінску, радавыя — на месцах службы. Для афіцэраў уведзены знакі адрознення чыноў і званні: лейтэнант, старшы лейтэнант, капітан, маёр, падпалкоўнік; для падафіцэраў — дружынавы і звязовы. Гал. мэты БКА — арганізацыя бел.нац. войска, барацьба супраць сав. партызанаў, Чырв. Арміі, польскай Арміі Краёвай. БКА не апраўдала надзей акупантаў. Многія са створаных батальёнаў выкарыстоўваліся для аховы складоў і інш.гасп. мэт. Значная частка мабілізаваных у БКА, у т. л. са зброяй у руках, пераходзілі да партызанаў. Пасля вызвалення Беларусі былі мабілізаваны ў Чырв. Армію, многія з іх пазней панеслі адм. ці крымінальнае пакаранне. Частка вайскоўцаў БКА, што апынуліся ў Германіі, увайшлі ў 1-ю бел грэнадзёрскую брыгаду СС «Беларусь» ці ў 30-ю грэнадзёрскую дывізію СС «Беларусь № 1», якая перайшла на бок амерыканцаў.