ВАДЗЯНО́Й (Міхаіл Рыгоравіч) (23.12.1924, г. Харкаў — 11.9.1987),

украінскі артыст аперэты. Нар. арт. СССР (1978). Вучыўся ў Ленінградскім тэатр. ін-це (1939—41). З 1954 артыст Адэскага т-ра муз. камедыі (у 1979—83 маст. кіраўнік і дырэктар). Яго выкананне вылучалася пластычнасцю, лёгкасцю і вытанчанасцю сцэн. малюнка. Сярод роляў: Фларыдор («Мадэмуазель Нітуш» Ф.​Эрвэ), Боні («Сільва» І.​Кальмана), Мішка-Япончык («На світанні» А.​Сандлера), Яшка-буксір («Белая акацыя» І.​Дунаеўскага), Дулітл («Мая цудоўная лэдзі» Ф.​Лоу); у кіно — Папандопула («Вяселле ў Малінаўцы», 1967).

т. 3, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕРА ДЭЗІНФЕКЦЫ́ЙНАЯ,

збудаванне або тэхн. абсталяванне, прызначаныя для дэзінфекцыі. Асн. ч. — памяшканне ці ёмістасць, куды змяшчаюць вопратку, абутак, пасцельныя і інш. рэчы, якія неабходна апрацаваць. Бываюць К.д. газавыя (выкарыстоўваюць газападобныя дэзінфіцыруючыя сродкі — вокіс этылену, бромісты метыл і інш.), гарачапаветраныя (апрацоўваюць паветрам з т-рай 80—110 °C), парааўтаномныя (маюць абсталяванне для стварэння вадзяной пары), паравыя (апрацоўваюць вадзяной парай атм. ці павышанага ціску), парапаветрана-фармалінавыя (маюць фарсунку для распылення фармаліну), эл. (параўтварэнне адбываецца з дапамогай эл. награвальных прылад) і інш.

т. 7, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬГО́ТНАСЦЬ ПАВЕ́ТРА,

ступень насычанасці паветра вадзяной парай; паказчык надвор’я і клімату. Залежыць ад шыраты мясцовасці (у палярных шыротах вадзяной пары 0,2% аб’ёму паветра, у экватарыяльных 2,5—4%), сезона года, т-ры паветра і інш. Уплывае на транспірацыю і рост раслін, выпарэнне з глебы і вадаёмаў, цеплаабмен і самаадчуванне чалавека, лячэнне хвароб; улічваецца пры буд-ве, захоўванні твораў мастацтва, кніг і інш. Характарызуецца абсалютнай вільготнасцю паветра (на Беларусі вагаецца ад 1,5 г/м³ зімой да 14 г/м³ і больш летам) і адноснай вільготнасцю (ад 10—20% у сухія дні летам да 88—90% у вільготныя дні ў ліст.снеж. і 100% у тумане), пругкасцю вадзяной пары (ад 5 гПа у снеж.лют. да 14—15 гПа у ліп.), дэфіцытам вільготнасці або недахопам насычэння (ад 0,4—0,7 гПа у снеж.лют. да 6—7,8 гПа у чэрв.), а таксама пунктам расы.

т. 4, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДЗЯНА́Я ПА́РА ў атмасферы,

вада ў газападобным стане, якая пастаянна ёсць у паветры. Бесперапынна паступае ў атмасферу ў выніку выпарэння з паверхні вадаёмаў і вадацёкаў, глебы, снегу, лёду і праз транспірацыю раслінамі. Колькасная характарыстыка — вільготнасць (гл. Вільготнасць паветра). 90% вадзяной пары ў ніжніх 5 км атмасферы. Уплывае на выпраменьванне і паглынанне сонечнай радыяцыі. Над тэр. Беларусі ў ліп. каля 5,4 км³, у студзені каля 1,7 км³ вадзяной пары. Пры кандэнсацыі яе ўтвараюцца воблакі, туман, раса, іней, шэрань, галалёд. Выкарыстоўваецца для прывядзення ў рух паравых турбін і машын.

т. 3, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРО́КС,

спосаб бясполымнага ўзрывання. Заснаваны на імгненнай рэакцыі пры награванні электразапальнікам парашкападобнай сумесі хім. рэчываў у сярэдзіне патрона (таксама наз. гідрокс) з адначасовым вылучэннем цеплыні і ўтварэннем вял. колькасці вадзяной пары, азоту і дыаксіду вугляроду.

т. 5, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАГЕНЕРА́ТАР,

цеплаабменнік для атрымання вадзяной пары з ціскам, вышэйшым за атмасферны, шляхам нагрэву вады цепланосьбітам, які паступае ад ядз. рэактара. Выкарыстоўваецца на атамнай электрастанцыі з вода-вадзянымі энергет. рэактарамі і інш. Раней П. наз. паравы кацёл.

т. 12, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАСІЛАВА́Я ЎСТАНО́ЎКА,

энергетычная ўстаноўка, якая звычайна складаецца з паравых катлоў і паравых рухавікоў, дзе энергія вадзяной пары пераўтвараецца ў мех. работу. У якасці паравых рухавікоў напачатку выкарыстоўвалі паравыя машыны (на паравозах, параходах і інш.), потым больш эканамічныя паравыя турбіны.

т. 12, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАМЕТЭО́РЫ (ад гідра... + грэч. meteōros які лунае ў паветры),

атмасферныя ападкі, якія ўтвараюцца пры выдзяленні вільгаці з паветра на паверхні Зямлі і прадметаў — раса, іней, шэрань і інш. Першапачаткова пад гідраметэорам разумелі прадукты кандэнсацыі вадзяной пары ў атмасферы — воблакі, усе атм. ападкі.

т. 5, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДЗЯНЫ́ ГАЗ,

сумесь газаў, якая атрымліваецца газіфікацыяй цвёрдага ці вадкага паліва вадзяной парай. Прыкладны састаў (% па аб’ёме) вадзянога газу: 40—60% аксіду вугляроду CO, 30—50% вадароду H2, 4—10% дыаксіду вугляроду CO2 і невял. колькасць азоту і метану.

Выкарыстоўваюць у вытв-сці метанолу і вуглевадародаў.

т. 3, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНАЯ ВІЛЬГО́ТНАСЦЬ ПАВЕ́ТРА,

колькасць вадзяной пары ў адзінцы аб’ёму паветра, адна з характарыстык вільготнасці паветра. Выражаецца ў грамах на кубічны метр. Вагаецца ад 0,1—1 г/м³ (зімой над мацерыкамі, у палярных шыротах) да 30 г/м³ і больш (у экватарыяльнай зоне). На Беларусі — ад 1,5 г/м³ зімой да 14 г/м³ летам.

т. 1, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)