Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГО́Н (франц. wagon ад англ. waggon павозка),
транспартны сродак для перавозкі пасажыраў або грузаў па рэйкавых пуцях. Бываюць несамаходныя (перамяшчаюцца лакаматывамі) і самаходныя (аўтаматрысы, маторавагонныя секцыі, вагоны метро, трамвая); шырокакалейныя (1525 мм) і вузкакалейныя (750, 900 і 1060 мм); двух-, чатырох-, шасці- і шматвосевыя. З вагонаў фарміруюцца чыг. саставы.
Асноўныя тыпы пасажырскіх вагонаў: агульнага прызначэння (для перавозкі пасажыраў, паштовыя, багажныя, вагоны-рэстараны) і спецыяльныя (санітарныя, лабараторныя, службовыя, клубы); далёкага накіравання, міжабласных зносін і прыгарадныя; купэйныя і некупэйныя. Асноўныя тыпы грузавых вагонаў: універсальныя (крытыя, паўвагоны, платформы, цыстэрны, вагоны ізатэрмічныя) і спец. прызначэння (для перавозкі жывёлы, бітуму, мукі, цэменту, шматвосевыя платформы-транспарцёры для перавозкі грувасткіх і цяжкавагавых грузаў, бункерныя паўвагоны, вагоны-майстэрні, пажарныя і інш.), магістральныя (агульнапуцявыя) і прамысл. транспарту (думпкары, ваганеткі, шлакавозы і інш.). Складаюцца звычайна з хадавой часткі (колавыя пары, буксы, рысорныя падвескі), рамы, кузава ці платформы, тармазных і ўдарна-цягавых прыстасаванняў. У краінах СНД найчасцей выкарыстоўваюцца чатырохвосевыя вагоны грузападымальнасцю 50—65 т. Вагоны ізатэрмічныя прызначаны для перавозкі скорапсавальных грузаў. Маюць цеплаізаляваныя кузавы і халадзільныя ўстаноўкі. Бываюць універсальныя для грузаў усіх відаў і спец. для транспарціроўкі жывой рыбы, віна і інш. З вагонаў ізатэрмічных фарміруюць цягнікі для маршрутных перавозак або секцыі па 5 і 12 вагонаў. Выкарыстоўваюць і адзіночныя (аўтаномныя) вагоны-рэфрыжэратары.
Тыпы грузавых вагонаў: 1 — суцэльнаметалічны з павялічаным праёмам дзвярэй; 2 — хопер-дазатар для перавозкі сыпкіх грузаў; 3 — з перакульным кузавам; 4 — ізатэрмічны (вагон-халадзільнік).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Самаходны вагон, гл. Маторны вагон
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Маторны вагон 4/322; 7/78
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАТРЫ́СА (франц. automotrice),
самаходны чыгуначны вагон з рухавіком унутранага згарання. Мае эл., мех. або гідрамеханічны прывод. Выкарыстоўваецца для перавозкі пасажыраў і перамяшчэння вагонаў; спец. аўтаматрыса — для мантажных і аварыйна-аднаўленчых работ на электрыфікаваных чыгунках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́ЗЕЛЬ-ПО́ЕЗД,
чыгуначны састаў з маторнымі (абсталяваныя цягавымі рухавікамі — дызелямі) і прычапнымі вагонамі. Маторныя вагоны (2 ці болей) з кабінамі кіравання звычайна размяшчаюцца на канцах цягніка. Канструкцыйная скорасць Д.-п. да 120 км/гадз і больш. Выкарыстоўваюцца для прыгарадных і мясц. зносін на неэлектрыфікаваных чыгунках. Маторны вагон, які выкарыстоўваецца самастойна (без прычапных), наз.аўтаматрысай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТФО́РМА (франц. plate-forme ад plat плоскі + forme форма),
1) узвышаная пляцоўка, памост.
2) Грузавы вагон адкрытага тыпу з невял. бартамі. Выкарыстоўваюць для перавозкі велікагрузных кантэйнераў, двух’ярусныя П. — для перавозкі легкавых аўтамабіляў.
3) Невялікая чыгуначная станцыя, паўстанак.
4) Прыстасаванне для скідвання з ваенна-трансп. самалётаў баявой тэхнікі, грузаў.
5) Праграма, патрабаванні якой-н. паліт. ці грамадскай арг-цыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗАПАДЫМА́ЛЬНАСЦЬтранспартнага сродку,
максімальная карысная нагрузка, на перавозку якой разлічаны чыг.вагон, грузавы аўтамабіль, судна, самалёт і інш.трансп. сродкі; асн. іх эксплуатац. характарыстыка. Вымяраецца ў тонах. У суднаў адрозніваюць грузападымальнасць поўную (дэдвейт) і карысную (чыстую), якая вызначаецца масай карыснага грузу. Грузападымальнасць 4-восевых чыг. вагонаў 62—65 т, марскіх танкераў да 300 тыс.т, самалётаў да 80 т (Ан-22), аўтамабіляў да 220 т (БелАЗ-753).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́КСАВАЯ ПЕЧ,
агрэгат для ператварэння каксаваннем каменнага вугалю ў кокс. Складаецца з камеры каксавання і ацяпляльных прасценкаў, у якіх спальваецца газ. Звычайна К.п. аб’ядноўваюць у батарэі (па 61—77 печаў) з агульнай сістэмай падводу газу і адводу лятучых рэчываў, падачы вугалю і інш. Для падагрэву паветра і газу К.п. абсталёўваюцца рэгенератарамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГОНАПЕРАКУ́ЛЬНІК,
збудаванне для механізаванай разгрузкі насыпных грузаў з чыг. паўвагонаў. Разгрузка ажыццяўляецца пры перакульванні або нахіленні паўвагонаў, якія замацоўваюцца на спец. платформе, у падоўжным ці папярочным напрамках. Адрозніваюць вагонаперакульнікі бакавыя, тарцовыя (лабавыя) і камбінаваныя (шматразова паварочваюць або нахіляюць вагон вакол папярочнай, потым падоўжнай восі). Бакавыя і тарцовыя вагонаперакульнікі бываюць перасоўныя і стацыянарныя, камбінаваныя — толькі стацыянарныя. Вагонаперакульнікі забяспечваюць разгрузку 20—30 вагонаў за гадзіну. Выкарыстоўваюцца на чыгунках, коксахім. і металургічных з-дах, у марскіх і рачных партах.