Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БІЗО́Н (Bison bison) млекакормячае роду зуброў сям. пустарогіх. 2 падвіды. Быў пашыраны ад паўн.-зах. і цэнтр. Канады на Пд да цэнтр. Мексікі. У 19 ст. амаль знішчаны. Колькасць часткова адноўлена, пераважна на ахоўных тэр. ЗША і Канады (некалькі дзесяткаў тыс. галоў). Акліматызаваны ў цэнтр. Алясцы, завезены ў запаведнік Асканія-Нова.
Даўж. да 3 м, выш. ў карку да 1,9 м, маса да 1 т. Выглядам і біялогіяй падобны да зубра. Тулава моцнае, масіўнае, з высокім «гарбом». Ногі кароткія, тоўстыя. Рогі круглыя, гладкія, чорнага колеру. Поўсць густая, цёмна-бурая, на галаве, шыі і плячах значна даўжэйшая. Палаваспеласць у 2—3 гады. У прыплодзе звычайна адно цяля. Корміцца расліннасцю. Ахоўваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫКІ́ (Bovinae),
1) падсямейства млекакормячых сям. пустарогіх. 4 роды: буйвалы; афр. буйвалы; зубры — бізон, зубр; быкі сапраўдныя — тур, як, бантэнг (Bos javanikus), гаур (B. gaurus), купрэй (B. sauveli); жывуць у розных частках Азіі. Усяго 12 відаў. Многія быкі прыручаны, дзікія занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Быкі 2/330, 458, 493, гл.Бізон, Зубр, Тур
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АСКА́НІЯ-НО́ВА,
запаведнік на Украіне, у Херсонскай вобласці. Засн. ў 1921 на базе прыватнага запаведніка «Чаплі» (з 1874). Пл. больш за 11 тыс.га. Ахоўваецца прыродны комплекс унікальнага цаліннага ціпчакова-палыновага і кавыльнага стэпу (адзіны масіў у Еўропе). У дэндрапарку (пл. каля 200 га) больш за 150 дзікіх і культ. відаў дрэў і кустоў — акацыя белая, вяз, дуб, туя, ясень і інш. Акліматызаваны рэдкія віды жывёл: антылопы, байбак, бізон, зебра, конь Пржавальскага. З экзатычных птушак — афрыканскі страус, нанду, эму; некалькі відаў паўлінаў і фазанаў; вадаплаўныя птушкі — гусь, качка, лебедзь. На базе запаведніка з 1932 існуе Украінскі НДІ жывёлаводства стэпавых раёнаў імя М.Ф.Іванова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́ДСКАЯ БІЯГЕАГРАФІЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адна з абласцей Неарктычнага падцарства. Займае паўн. частку амер. мацерыка; паўд. мяжа пралягае па 50° паўн. ш. Уключае 3 падвобласці: Аляскінская, Грэнландская і Лабрадорская. Асн. ландшафтныя зоны — тундра і тайга.
Флора тундры падобна на еўразійскую. Звычайныя прадстаўнікі — асаковыя, імхі, карлікавая вярба, лішайнікі, падвеі, палярная бярозка (ернік). Тайга пры агульным падабенстве да еўразійскай адрозніваецца вял. прымессю лісцевых парод і па відавой разнастайнасці пераўзыходзіць тайгу Еўразіі. Вял. колькасць відаў піхтаў, хвоі, елак, многія з іх эндэмічныя. Тыповыя эндэмікі — мамантавае дрэва і секвоя. Фауна падобная да палеарктычнай, але ў напрамку па Пд падабенства змяншаецца. З эндэмікаў вызначаюцца аўцабык, бізон лясны, каза снежная, 2 віды лемінгаў, мыш лемінгавая. скунс, сурок сівы, янот-паласкун, валасянка амерыканская, казарка канадская, 2 віды калібры, сойка блакітная, ласосеакунь, чукучан. Тыповыя прадстаўнікі фауны — алень паўночны (карыбу), андатра, бабёр канадскі, баран снежны, мядзведзі (барыбал. белы, грызлі), сурок лясны, суслік даўгахвосты (арктычны), курапаткі белая і тундравая, сава палярная.