Бяльмо 2/520; 9/15, 583; 10/291
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЬМО́, лейкома,
рубцовае памутненне рагавой абалонкі вока. Бывае прыроджанае (запаленне рагавіцы ў перыяд унутрывантробнага развіцця) і набытае (вынік хвароб, траўмаў вачэй). Бяльмо можа займаць усю паверхню рагавіцы або яе частку. У залежнасці ад памераў і інтэнсіўнасці памутнення зрок значна пагаршаецца або поўнасцю страчваецца. Рагавая абалонка набывае белаваты колер з бліскучай паверхняй. Часта ў яе ўрастаюць крывяносныя сасуды. Лячэнне: рассысальная тэрапія, хірургічнае — кератапластыка.
Д.М.Марчанка.
т. 3, с. 404
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАН’ЮНКТЫВІ́Т (ад лац. conjunctivus злучальны + ...іт),
запаленне слізістай (злучальнай) абалонкі вока. Адна з найб. пашыраных хвароб вачэй. Адрозніваюць К. востры і хранічны. Найчасцей бывае востры; выклікаецца інфекцыяй, дзеяннем розных хім. рэчываў, траўмамі і інш. Прыкметы: пачырваненне слізістай абалонкі вока, рэзь, слёзацячэнне, святлабоязь, слізістыя ці слізіста-гнойныя выдзяленні. Пры своечасовым лячэнні ўскладненняў не пакідае, доўжыцца 3—6 дзён, вірусны — да 1 мес. К. ад трахомы, ганарэі, дыфтэрыі пакідаюць язвы рагавой абалонкі, бяльмо. Хранічнаму К. садзейнічаюць пыл, дым, недастатковае асвятленне, некарыгіраваныя акулярамі анамаліі зроку, анеміі, гельмінтозы, адэноіды, парушэнне абмену рэчываў. Лячэнне: ліквідацыя асн. прычын, тэрапеўтычнае.
Л.М.Марчанка.
т. 8, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)