БЯЗРО́ДНЫ (Ігар Сямёнавіч) (н. 7.5.1930, Тбілісі),

расійскі скрыпач, педагог. Нар. арт. Расіі (1978). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1953), выкладае ў ёй (праф. з 1972). У 1970 дэбютаваў у Маскве як дырыжор. Выступае як саліст і ансамбліст. Лаўрэат Міжнар. конкурсаў імя Я.​Кубеліка (Прага, 1949), імя І.​С.​Баха (Лейпцыг, 1950). Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 3, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ПРАЦАЎНІКО́Ў МАСТА́ЦТВА,

аб’яднанне тэатр. дзеячаў г. Мінска ў 1919—20. Пачало дзейнасць 14.8.1919 спектаклем «Паўлінка» Я.​Купалы ў памяшканні «Беларускай хаткі». Складалася з удзельнікаў Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, Беларускага савецкага тэатра і інш. Арганізатар і кіраўнік У.​Фальскі. Ставіліся пераважна творы бел. драматургіі: «Бязродны» і «Праменьчык шчасця» У.​Галубка, «Мікітаў лапаць» і «Жаніх без шлюбу» М.​Чарота. У спектаклях удзельнічаў хор У.​Тэраўскага. Сярод акцёраў Б.​Бусел, П.​Валасевіч, Галубок, М.​Зароская, М.​Кудзелька (М.​Чарот).

т. 10, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСА́КАВА (Ніна Сяргееўна) (н. 8.10.1928, г. Себеж Пскоўскай вобл., Расія),

руская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. Расіі (1969), нар. арт. СССР (1981). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1958), з 1978 выкладае ў ёй. У 1958—85 салістка Маскоўскага муз. т-ра імя К.​Станіслаўскага і У.​Неміровіча-Данчанкі. Сярод партый: Любаша («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Графіня («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Варвара («Бязродны зяць» Ц.​Хрэннікава), Клара («Заручыны ў манастыры» С.​Пракоф’ева), Санетка («Кацярына Ізмайлава» Дз.​Шастаковіча). Выступае ў канцэртах. Лаўрэат Міжнар. конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (Жэнева, 1958). Дзярж. прэмія Расіі 1972.

т. 7, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ СІМФАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР.

Створаны ў 1943. Арганізатар і першы кіраўнік Л.Штэйнберг, пазней аркестрам кіравалі М.​Аносаў, Л.​Гінзбург. У розны час ім дырыжыравалі М.​Галаванаў, К.​Кандрашын, Н.​Рахлін, К.​Эліясберг, М.​Рабіновіч, Г.​Раждзественскі, Э.​Клас, В.​Сінайскі, Ю.​Домаркас, К.​Абада, С.​Сандэцкіс. З 1960 маст. кіраўнік і гал. дырыжор В.Дударава, з 1989 П.​Коган. З аркестрам выступалі В.​Траццякоў, Г.​Крэмер, Я.​Фліер, Л.​Коган, Н.​Гутман, Р.​Баршай, Ю.​Сіткавецкі, І.​Бязродны, А.​Хачатуран, С.​Лемешаў, І.​Казлоўскі, І.​Архіпава, Д.​Ойстрах, Э.​Гілельс і інш. Рэгулярна удзельнічае ў фестывалях «Маскоўская восень», «Маскоўскія зоркі», «Руская зіма».

т. 10, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУБО́К (сапр. Голуб) Уладзіслаў Іосіфавіч

(15.5.1882, ст. Лясная Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 1937),

бел. тэатр. дзеяч, драматург, рэжысёр, акцёр, мастак. Буйны дзеяч нац. сцэны, першы нар. арт. Беларусі (1928). У 1908 пачаў літ. дзейнасць як паэт і празаік. Друкаваўся ў газ. «Наша ніва», час. «Лучынка», альманаху «Маладая Беларусь» і інш. Выдаў зб. «Апавяданні» (Пецярбург, 1913). Пісаў таксама гумарэскі, сатыр. апавяданні. З 1917 выступаў як драматург. Аўтар каля 40 п’ес з жыцця бел. народа (пераважна меладрамы, камедыі, вадэвілі, фарсы), якія шырока ставіліся ў бел. прафес. і самадз. т-рах. Значнае месца яны займалі ў Першым таварыстве беларускай драмы і камедыі, дзе Галубок у 1917—20 выступаў як акцёр і рэжысёр. Былі пастаўлены: «Апошняе спатканне» і «Пісаравы імяніны» (1917), «Бязвінная кроў» (1918), «Бязродны» і «Праменьчык шчасця» (1919). У Бел. дзярж. т-ры (цяпер Нац. т-р імя Я.​Купалы) ставіліся яго «Залёты дзяка» («Пісаравы імяніны»), «Ганка», «Апошняе спатканне», «Бязродны» (усе 1921). Яго шматгранны талент найб. ярка і поўна раскрыўся ў арганізаваным ім у 1920 у Мінску калектыве — Трупе бел. артыстаў (гл. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр). Аснову рэпертуару складалі п’есы Галубка: «За мураванай сцяной» (1920), «Душагубы», «Пісаравы імяніны», «Залаты бог» (1921), «Ганка», «Мужычае шчасце», «Былое», «Ліхадзеі» (1922), «Пан Сурынта», «Плытагоны», «Падкідыш» і «Ветрагоны» (1923), «Пан-князь» (1924), «Беларускія зажынкі» (1925), «Пінская мадонна» і «Краб» (1928), «Рыкашэт» (1935); рэж. усіх, акрамя апошняй, быў сам Галубок. Яго пастаноўкі вызначаліся сакавітасцю нар. гумару, маляўнічасцю, былі насычаны музыкай, песнямі, танцамі. Сам Галубок з жыццёвай верагоднасцю, бытавой і псіхал. дакладнасцю выконваў драм., характарныя і камедыйныя ролі ў сваіх п’есах: Авечка («Суд»), Дзяк («Пісаравы імяніны»), Ксёндз («Пінская мадонна»), Пан Сурынта (аднайм. п’еса) і інш. У сцэн. творчасці ён наследаваў традыцыі стараж. бел. нар. т-ра, што ішлі ад скамарохаў, батлейшчыкаў, выканаўцаў нар. драмы; творча развіваў вопыт Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Галубок стварыў глыбока самабытны, непаўторны свой т-р, выхаваў вял. групу бел. акцёраў (А.Бараноўскі, С.Бірыла, Б.Бусел, К.Быліч, У.Дзядзюшка, А.​Згіроўскі і інш.). Праводзіў вял. культ.-асв. работу сярод насельніцтва, дапамагаў маст. самадзейнасці, выступаў з лекцыямі і дакладамі, выпускаў баявыя лісткі і насценгазеты, выступаў у перыяд. друку з публіцыст. і тэатразнаўчымі артыкуламі. Як мастак-дэкаратар ён афармляў пастаноўкі ўсіх сваіх п’ес. Вядомы як пейзажыст (карціны «Раніцай», «Туманы», «На рацэ Бярозе», «Сож»; удзельнічаў у шэрагу рэсп. выставак). У канцы 1920-х г. на Галубка пачаліся ганенні і абвінавачанні ў нацыяналізме. У 1931 яго адхілілі ад маст. кіраўніцтва т-рам, працаваў дырэктарам і акцёрам. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1957.

Літ.:

Звонак А. Уладзіслаў Галубок // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;

Сабалеўскі А. Уладзіслаў Галубок // Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Мн., 1969. Кн. 1;

Атрошчанка А. Уладзіслаў Галубок Мн., 1969;

Адхінуўшы заслону часу...: Успаміны пра Ўладзіслава Галубка. Мн., 1979;

Карабанава Л.В. Драматургія Уладзіслава Галубка. Мн., 1982.

А.​В.​Сабалеўскі.

У.І.Галубок. Партрэт мастака Я.​Ціхановіча. 1985.

т. 4, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)