Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАЗДЗІКО́ВАЕ ДРЭ́ВА (Syzygium aromaticum),
вечназялёнае дрэва сям. міртавых. Пашырана на Малукскіх а-вах, культывуецца ў многіх трапічных краінах. На Беларусі вырошчваюць ў аранжарэі Цэнтр.бат. сада АН.
Дрэва сярэдняй выш., са скурыстым супраціўным лісцем. Кветкі дробныя, белыя або ружовыя, сабраныя ў кустападобныя суквецці. Плод ягадападобны, аднанасенны. Усе часткі расліны маюць у сабе гваздзіковы алей, які выкарыстоўваюць у парфумерыі, медыцыне, мікраскапічнай тэхніцы, таксама з’яўляецца крыніцай для атрымання ваніліну. Высушаныя бутоны гваздзіковага дрэва (гваздзіка) выкарыстоўваюць як прыправу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАСТАІДЭ́І (Blastoidea),
марскія бутоны, клас вымерлых ігласкурых. Больш за 50 родаў, 300 відаў. Вядомы з ардовіку да пярмі ўключна ў Еўропе, Казахстане, Паўн. Амерыцы, Інданезіі. На Беларусі рэшткі знойдзены пераважна ў пародах ардовіку. Жылі ў морах.
Цела даўж. да 35 см складалася з кароны, утворанай бутонападобнай чашачкай — тэкай са шматлікімі «ручкамі» — брахіёламі, і сцябла. Пад чашачкай знаходзілася сістэма вапняковых трубачак, якія служылі, верагодна, для дыхання. Рэшткі некаторых бластаідэй — вызначальнікі ўзросту каменнавугальных і пермскіх адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСТУ́РКА, капуцын (Tropaeolum),
род кветкавых раслін сям. настуркавых. Каля 80 відаў. Пашыраны ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. У Еўропу завезена ў 17 ст. На Беларусі культывуюцца пераважна гібрыдныя сарты Н. вялікай (T. majus) і малой (T. minus).
Адна- і шматгадовыя травяністыя, часам лазячыя, расліны Лісце шчыткападобнае з доўгім чаранком. Кветкі адзіночныя, буйныя, вострапахучыя, жоўтыя, аранжавыя, чырвоныя са шпорцам, які нагадвае капюшон каталіцкіх манахаў — капуцынаў (адсюль другая назва). Плод — каробачка. Найважнейшыя харч. расліны Паўд. Амерыкі. У ежу ўжываюць лісце, кветкі. плады, насенне, а ў шматгадовых відаў — карэнішчы і клубні Бутоны і маладыя парасткі марынуюць, як каперсы. Харч. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУКА́РКА, бухарка (Coenorrhinus),
род насякомых сям. трубакрутаў атр. жукоў. 11 відаў. Пашыраны ў Еўропе (акрамя Пн), Іране, Турцыі, у Прыморскім краі; на Беларусі — усюды. Найб. вядома букарка пладовая (C. pauxillus).
Даўж. цела 1,8—3 мм. Надкрылы цёмна-сінія з метал. бляскам, укрыты валаскамі і падоўжнымі кропкавымі баразёнкамі. Галава-трубка моцна выгнутая. Лічынка даўж. да 3 мм, светла-жоўтая з цёмнай галавой, бязногая, выгнутая. Кукалка жаўтавата-белая, даўж. 2,5—3 мм. Зімуюць жукі ў глебе. Вясной яны праколваюць хабатком пупышкі, бутоны і лісце яблыні, грушы, слівы, радзей айвы, вішні, чаромхі і інш., выядаюць завязь, тычынкі, маладое кволае лісце, якое засыхае і ападае; таксама шкодзяць раслінам і лічынкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛІШЧА́НКІ,
1) надсямейства адзіночных вос (Chrysidoidea). Больш за 2 тыс. відаў, пашыраны ўсюды.
Даўж. 5—15 мм, цела яркае, з метал. бляскам, зялёнае, сіняе або часткова фіялетавае, пурпурова-чырвонае. Брушка з 3 членікаў, астатнія ў самак ператвораны ў доўгі трубчасты яйцаклад. Паразітуюць на лічынках інш. вос і пчол. Напр., блішчанка двухколерная (Ch. dichroa) адкладае яйцы ў ячэйкі гнязда пчалы осміі (Osmia).
2) Сямейства жукоў (Nitidulidae). Каля 2 тыс. відаў, на Беларусі больш за 50.
Даўж. 1—6 мм, цела выпуклае з метал. бляскам. Кормяцца кветкавым пылком, спорамі грыбоў, сокам дрэў. Ёсць шкоднікі — блішчанка рапсавая (Meligethes aeneu), аб’ядае бутоны і кветкі крыжакветных раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬЧАТЫ ШАЎКАПРА́Д (Malacosoma neustria),
кольчаты коканапрад, матылёк сям. коканапрадаў. Пашыраны ў Еўразіі, на Беларусі звычайны від. Жывуць у лясах, садах, вусені — калоніямі ўнутры або на паверхні павуцінных гнёздаў паміж галін і на ствалах.
У матылька размах крылаў да 42 мм у самак і 32 мм у самцоў. Колер крылаў карычнева-жоўты з цёмнай папярочнай паласой. Вусень даўж. да 55 мм, блакітнавата-шэры, з белымі і аранжавымі палосамі на спіне і блакітнымі на баках. Вусені аб’ядаюць лісце, бутоны, кветкі. Акукліваюцца паміж лісця і ў расколінах кары. Самкі ў сярэдзіне лета адкладваюць да 400 яец у выглядзе кальца вакол тонкіх галінак (адсюль назва). Шкоднікі семечкавых і костачкавых пладовых культур і лясных парод.