БУ́РУ (Buru),

востраў у Малайскім архіпелагу, у групе Малукскіх а-воў, тэр. Інданезіі. Пл. 8,8 тыс. км². Паверхня — горы выш. да 2429 м (г. Каўпалатмада), складзеныя пераважна з кайназойскіх асадкавых парод. Вільготныя трапічныя вечназялёныя лясы. Асн. порт — Намлеа.

т. 3, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́НДА (Banda),

міжастраўное мора, частка Аўстрала-Азіяцкага міжземнага мора, паміж а-вамі Малайскага архіпелага (Серам, Селатан-Тымур, Ветар, Сулавесі, Буру і інш.). Пл. 714 тыс. км². Найб. глыб. 7440 м, сярэдняя — 3064 м. А-вы: Амбон, Барат-Дая, Бутунг і інш. Сярэднегадавая т-ра вады 27 °C. Салёнасць 34,5‰. Прылівы мяшаныя (да 2,4 м). Водзяцца лятучыя рыбы, акулы, тунцы, васьміногі і інш. Порт — Амбон (на в-ве Амбон, Інданезія).

т. 2, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́БЕДЗЕВА (Ганна Андрэеўна) (29.1.1930, г. Істра Маскоўскай вобл. — 19.4.1990),

бел. спявачка (драм. сапрана). Засл. арт. Беларусі (1975). Скончыла Ленінградскую кансерваторыю (1962). Працавала ў т-рах оперы і балета Новасібірска і Саратава. У 1968—87 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала добра пастаўленым голасам прыгожага тэмбру, драм. выразнасцю. Сярод партый на бел. сцэне: Жонка («Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера), Наталля («У буру» Ц.Хрэннікава), Мзія («Міндыя» А.Тактакішвілі), Марыя («Кастрычнік» В.Мурадэлі; спявала ў спектаклі Вял. т-ра ў Маскве), Ліза («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Наташа («Русалка» А.Даргамыжскага), Яраслаўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), Артруда («Лаэнгрын» Р.Вагнера), Аіда, Леанора («Аіда», «Трубадур» Дж.Вердзі), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні), Сантуца («Сельскі гонар» П.Масканьі).

Дз.М.Жураўлёў.

т. 9, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЕМАХАРЫ́Я (ад анема... + ...харыя),

перанос пладоў, насення, спораў і інш. зачаткаў (дыяспораў) раслін паветр. плынямі. Асн. спосаб рассялення наземных споравых раслін, грыбоў і некаторых інш. арганізмаў. Мае значэнне і ў насенных раслін. Пры анемахарыі дыяспоры лунаюць і планіруюць, апалыя пераносяцца ветрам па паверхні глебы, вады або па шарпаку.

Дыяспоры, якія лунаюць, маюць невял. масу (споры, дробнае пылаватае насенне ятрышнікавых, заразіхавых, грушанкавых, званочкавых) або прыстасаванні накшталт парашуцікаў (чубкі на пладах ветравых, на насенні скрыпнёвых, ластаўневых, вярбовых). У дыяспораў, якія планіруюць, ёсць крылападобныя прыдаткі (плады вяза, бярозы, вольхі, клёну, ясеня, насенне хвойных і інш.). Асн. маса дыяспораў разносіцца ў межах да 1 км (адзінкавыя дыяспоры дрэў у буру ці па шарпаку — да 4—10 км, споры грыбоў — часам на сотні кіламетраў).

т. 1, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛУ́КСКІЯ АСТРАВЬІ (Moluccas, Maluku),

група астравоў ва ўсх. ч. Малайскага архіпелага, паміж а-вамі Сулавесі і Новая Гвінея. Тэр. Івданезіі. Пл. 83,7 тыс. км2. Нас. 1,8 млн. ж. (1989). Асн. астравы — Хальмахера, Серам, Буру. Раён М.а. адзін з найб. актыўных раёнаў, дзе фарміруецца альпійская геасінклінальная вобласць Паўд.-Усх. Азіі. Астравы гарыстыя, пераважаюць выш. ад 1000 да 2000 м (найб. — 3019 м, г. Біная). Каля 10 дзеючых вулканаў. Клімат экватарыяльны, на Пд — субэкватарыяльны. Сярэднія т-ры ад 25°C да 27°C. Ападкаў ад 1500—2000 мм у нізінах, да 4000—5000 мм у гарах. Рачная сетка густая, рэкі паўнаводныя. Больш за 80% тэрыторыі ўкрыта вечназялёнымі і лістападнымі трапічнымі лясамі. Вырошчваюць рыс, кукурузу, вострыя прыправы. Асн. порт — Амбон.

т. 10, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛАТАГО́РАЎ (сапр. Гольдберг) Павел Самойлавіч

(30.12.1907, г. Сергіеў Пасад Маскоўскай вобл. — 24.9.1969),

рускі і бел. рэжысёр оперы. Засл. арт. Беларусі (1940), засл. арт. Расіі (1947). Скончыў Цэнтр. тэхнікум тэатр. мастацтва ў Маскве (1931). З 1933 рэжысёр Муз. т-ра імя Неміровіча-Данчанкі (з 1941 — імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі). Адначасова з 1935 рэжысёр, у 1939—42 гал. рэжысёр Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Ў 1931—36 і 1946—50 выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве. Паставіў на бел. сцэне оперы «Рыгалета» Дж.Вердзі (1935), «Тоска» (1937) і «Чыо-Чыо-сан» (1940) Дж.Пучыні, «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага (1940). Найб. значная работа З. — сцэнічнае ўвасабленне оперы «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага (2-я рэд., 1939). Вучань У.Неміровіча-Данчанкі, удзельнічаў у яго пастаноўках опер «Кацярына Ізмайлава» Дз.Шастаковіча (1934), «Ціхі Дон» І.Дзяржынскага (1936), «У буру» Ц.Хрэннікава (1939).

Б.С.Смольскі.

т. 7, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОР (Bor) Матэй [сапр. Паўшыч

(Pavšič) Уладзімір; н. 14.4.1913, Гргар каля Горыцы, Славенія], славенскі пісьменнік. Правадз. чл. Славенскай акадэміі навук і мастацтваў (1965),

чл.-кар. Югаслаўскай акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў Люблянскі ун-т (1937). Удзельнік антыфаш. барацьбы, тэма якой займае важнае месца ў яго творчасці. Аўтар паэт. зб-каў «Бурай адолеем буру» (1942), «Плюшч над прорваю» (1952), «Сляды нашых ценяў» (1958), «Брыдзём, брыдзём», «У летняй траве» (абодва 1963), «Баладныя матывы» (1971), раманаў «Далячыні» (1961), «Адкінутыя» (1980), п’ес «Пан Лісяк», «Турма адкрылася», «Абдзіртусы» (усе 1944), «Цяжкі час» (1946), «Сусвет у акварыуме» (1955), «Школа ночы», «Зоркі вечныя» (абедзве 1971), зб. артыкулаў «Крытыка» (1961) і інш. На бел. мову асобныя вершы Бора перакладалі Н.Гілевіч, К.Севярынец, І.Чарота. У Бел. т-ры імя Я.Купалы ў 1984 ставілася яго п’еса «Зоркі вечныя».

Тв.:

Izbrano delo. Sv. 1—4. Ljubljana, 1973—77;

Zvezde so večne: Izbor. Ljubljana, 1977.

І.А.Чарота.

т. 3, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ГУЛІС ((Grigulis) Арвідс) (12.10.1906, маёнтак Юмпраўмуйжа Лімбажскага р-на, Латвія — 5.10.1989),

латышскі пісьменнік, літаратуразнавец. Нар. пісьменнік Латвіі (1978). Засл. дз. культ. Латвіі (1947). Акад. АН Латвіі (1978). Скончыў Латвійскі ун-т (1937). Друкаваўся з 1927. У паэт. зб-ках «Запіскі рэпарцёра» (1929), «Імітацыя і сэрца» (1931) выявіліся яго крытычныя адносіны да тагачаснай рэчаіснасці. У раманах «Людзі ў садзе» (1939), «Калі дождж і вецер стукаюць у акно» (1965, аднайм. фільм 1967), кнізе апавяданняў «Праз агонь і ваду» (1945), зб-ках вершаў «У буру» (1946), «Другія пеўні» (1970), «Зямля палае песняй» (1985) і інш. — праблемы вайны і міру, маральна-этычнае аблічча суайчынніка, філас. роздум і ўзмоцненая экспрэсія. Аўтар п’ес «Гліна і фарфор» (1947, Дзярж. прэмія Латвіі 1948), «Салдацкі шынель» (1955) і інш. Роздум пра л-ру, т-р, жыццё — у эсэ «Лісты паэтэсе Каміле» (1981, Дзярж. прэмія Латвіі 1982). На бел. мову творы Грыгуліса перакладалі А.Звонак, В.Зуёнак, У.Пігулеўскі, Н.Тулупава.

Тв.:

Kopoti raksti. Sēj. 1—7. Rīga, 1963—66;

Бел. пер. — у кн. Ветрык, вей. Мн., 1959;

Латышскія апавяданні. Мн., 1956.

т. 5, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕМІРО́ВІЧ-ДА́НЧАНКА (Уладзімір Іванавіч) (23.12.1858, г. Азургеты, Грузія — 25.4.1943),

расійскі рэжысёр, драматург, рэфарматар і тэарэтык т-ра. Нар. арт. СССР (1936). Вучыўся на фіз.-матэм. і юрыд. ф-тах Маскоўскага ун-та (1876—79). З 1877 выступаў як тэатр. крытык і пісьменнік. Аўтар п’ес «Апошняя воля» (1888), «Новая справа» (1890), «Золата» (1895), «Цана жыцця» (1896), «У марах» (паст. 1901). Незадаволены станам рас. сцэн. мастацтва канца 19 ст., прапанаваў рэформы, каб пазбавіць сцэну ад пошлага рэпертуару, ідэйнага застою, руціны і штампаў акцёрскага выканання, але яго праекты адхіляла дырэкцыя імператарскіх т-раў. З 1891 працаваў у Маскоўскім філарманічным т-ве. У 1898 з К. Станіслаўскім заснаваў Маскоўскі мастацкі тэатр (МХТ; з 1919 Маскоўскі мастацкі акадэмічны тэатр) якімі кіраваў. У трупу т-ра ўвайшлі многія яго выхаванцы па драм. аддзяленні філарманічнага т-ва (В.Кніпер-Чэхава, І.Масквін, У.Меерхольд). У праграмных спектаклях «Чайка» (1898), «Дзядзька Ваня» (1899), «Тры сястры» (1901) і «Вішнёвы сад» (1904) А.Чэхава, «На дне» М.Горкага (1902), пастаўленых з Станіслаўскім, былі рэалізаваны ідэі рэв. пераўтварэння сцэны. Ажыццяўляў прынцып маст. цэласнасці пастаноўкі, сцвярджаў вядучую ролю рэжысёра як інтэрпрэтатара замыслу драматурга і стваральніка спектакля. Гал. месца ў рэпертуары МХТ займалі тагачасныя драмы Чэхава і М.Горкага, творы Г.Ібсена, Г.Гаўптмана. Пры іх увасабленні дамагаўся тонкасці псіхал. аналізу, раскрываў падтэкст, ствараў атмасферу і настрой кожнай карціны, што надавала мастацтву т-ра жыццёвасць, спалучала яго творчасць з дэмакр. імкненнямі прагрэс. рус. інтэлігенцыі. Сярод найб. значных рэжысёрскіх работ дарэв. перыяду — «Юлій Цэзар» У.Шэкспіра (1903), «Анатэма» Л.Андрэева (1909), «Браты Карамазавы» і «Мікалай Стаўрогін» паводле Ф.Дастаеўскага (1910, 1913), «Жывы труп» Л.Талстога (1911, са Станіслаўскім), «Смерць Пазухіна» М.Салтыкова-Шчадрына (1914). У сав. час рэарганізаваў і абнавіў т-р; паставіў «Пугачоўшчыну» К.Транёва (1925), «Блакаду» У.Іванава (1929), плённа ўвасабляў рус. класіку: «Уваскрэсенне» (1930) і «Ганна Карэніна» (1937) паводле Л.Талстога, «Навальніца» А.Астроўскага (1934), «Тры сястры» (новая рэдакцыя 1940). Пастаноўка п’есы «Ворагі» М.Горкага (1935) прадэманстравала сінтэз «трох успрыманняў», якія сцвярджаў Н.-Д.: сац., псіхал. і тэатральнага. Такі сінтэз, на яго думку, з’яўляўся абавязковай умовай высокай мастацкасці і ідэйнай насычанасці спектакля. У 1919 ён арганізаваў пры МХТ муз. студыю (з 1926 Муз. т-р імя Н.-Д., з 1941 Муз. т-р імя Станіслаўскага і Н.-Д.). Найб. значныя пастаноўкі ў муз. т-ры: «Лісістрата» Арыстафана (1923), «Травіята» Дж.Вердзі, «Кацярына Ізмайлава» Дз.Шастаковіча (абедзве 1934), «Ціхі Дон» І.Дзяржынскага (1936), «У буру» Ц.Хрэннікава (1939). У 1944 у Маскве ў доме, дзе ў 1938—43 жыў Н.-Д., створаны яго музей-кватэра. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1943.

Тв.:

Из прошлого. М., 1936;

Театральное наследие. Т. 1—2. М., 1952—54;

Пьесы. М., 1962;

Режиссерский план постановки трагедии Шекспира «Юлий Цезарь». М., 1964;

Рецензии. Очерки. Статьи. Интервью. Заметки, 1877—1942. М., 1980;

Рождение театра. М., 1989;

Святые горы. Донецк, 1990.

Літ.:

Марков П.А Режиссура В.И.Немировича-Данченко в музыкальном театре. М., 1960;

Фрейдкина Л.М. Дни и годы В.И.Немировича-Данченко: Летопись жизни и творчества. М., 1962;

В.И.Немирович-Данченко ведет репетицию. М., 1965;

Соловьева И.Н. Немирович-Данченко. М., 1979.

К.Л.Рудніцкі.

У.І.Неміровіч-Данчанка.

т. 11, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)