Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРКІ́,
вёска ў Беларусі, у Брагінскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр Астраглядаўскага с/с і калгаса. За 7 км ад г.п. Брагін, 137 км ад Гомеля, 25 км ад чыг. ст. Хойнікі. 499 ж., 162 двары (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́РКА,
1) мужчынская вопратка з башлыком, якую надзявалі ў дарогу, у халоднае дажджлівае надвор’е паверх кажуха ці світкі. Як тып вопраткі прыйшла ў Еўропу з Усходу (тэрмін лічыцца персідскім). На Беларусі вядома з 17 ст., з канца 19 ст. пад уплывам гар. касцюма замацавалася ў сял. асяроддзі. Шылі буркі з саматканага валенага сукна цёмных колераў прамога крою, двухбортнай, з адкладным каўняром, шырокім хлясцікам (поясам), праразнымі кішэнямі. Святочныя буркі ўпрыгожвалі дэкар. строчкай і нашыўкамі чорнага ці чырвонага сукна, тасьмы. Да 1950-х г. бытавала амаль па ўсёй Беларусі (у некаторых мясцовасцях наз. бурносам).
2) Святочная ўзорыстая спадніца з паўшарсцяной валенай саматканкі ў маларыцкім строі. Ткалі буркі камбінаваным спосабам: узор выконвалі бранай, фон — шматнітовай тэхнікай, шылі з 4—5 полак адносна кароткай (закрывала калені), запрасоўвалі ў буйныя складкі. Для яе характэрны вытанчанасць геам. арнаменту, строгая ўраўнаважанасць шэра-белых і карычнева-чырвоных папярочных палос, якія пераходзілі ў больш шырокі дамінуючы шляк па нізе. Буркі насілі да 1940-х г. 3) Лямцавы плашч у народаў Каўказа.
М.Ф.Раманюк.
Бурка (вопратка). Брагінскі раён Гомельскай вобласці. Пач. 20 ст.Бурка (спадніца). Маларыцкі раён Брэсцкай вобласці. Канец 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАРЫ́ЦКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення ў зах. Палессі. Бытаваў у 19 — сярэдзіне 20 ст. пераважна ў Маларыцкім і на Пд Кобрынскага р-наў Брэсцкай вобл. Адметны архаічнасцю, класічнай завершанасцю форм адзення, арыгінальнымі галаўнымі ўборамі замужніх жанчын, выкарыстаннем багата аздобленых дэкар. тканін. Летні жаночы гарнітур складалі кашуля, спадніца, фартух. Кашулю шылі з прамымі плечавымі ўстаўкамі і адкладным каўняром. Аздаблялі чырвона-карычневым геам. арнаментам, скампанаваным у папярочныя палосы ў верхняй частцы рукава, на плячах, манішцы і па краі каўняра. Гарманічным спалучэннем натуральнага колеру бела-шэрай і карычнева-чырвонай воўны, белага лёну і пянькі вылучаюцца пругкія накшталт лямцу святочныя спадніцы — буркі, характэрныя толькі для М.с. Фартух (1- і 2-полкавы) часта меў дэкар. вышытыя завязкі. Падпяразвалі спадніцу тканым на кроснах чырвоным поясам. Асаблівую пластычную выразнасць касцюму надавала намітка, якая, у адрозненне ад намітак інш. строяў, багата аздаблялася вышыўкай: разеткамі-зоркамі на адным рагу і ўзорыстымі шлякамі на трох краях. Своеасаблівай маляўнічасцю галаўнога ўбору (каробачка-лямец, аздобленая рознакаляровымі паскамі саціну, шоўку, тасёмкамі, пацеркамі і двума пукамі-рожкамі пярэстарасфарбаванага пер’я) вызначаўся касцюм свацці. Шыйныя і нагрудныя ўпрыгожанні — пацеркі, крыжыкі, лычманы (3, 5, 7 круглых медальёнаў-абразкоў, прымацаваных да тасёмкі). У мужчынскі гарнітур уваходзілі кашуля навыпуск, пояс і нагавіцы. Пашыраны галаўны ўбор — саламяны капялюш. Верхнім адзеннем былі світы-латушкі з белага, шэрага або цёмна-карычневага валенага сукна, кажухі.
Літ.:
Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981;
Яго ж. Мастацтвазнаўча-этнаграфічнае раянаванне Беларускага Палесся // Помнікі старажытнабеларускай культуры: Новыя адкрыцці. Мн., 1984.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Маларыцкі строй. Традыцыйны касцюм замужніх жанчын. Вёска Кураж Маларыцкага раёна Брэсцкай вобл. 1920-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУ́ТАК,
на Беларусі гарбарна-шавецкае рамяство (гл.Гарбарства) як самастойная галіна існуе з часоў Полацкага княства. Стараж. майстэрні па апрацоўцы скуры і вырабу абутку археолагі выявілі ў Полацку, Мінску, Пінску. Асн. тагачаснымі тыпамі абутку гараджан былі поршні, чаравікі, боты. Магнаты, гарадская знаць насілі абутак з дарагіх матэрыялаў, вытанчаных формаў, упрыгожаны спражкамі, бантамі і інш. Выпрацоўка новых формаў залежала ад маст. рысаў усяго ансамбля адзення, развівалася ў агульным еўрап. стылі. Нар. абутак выраблялі ў хатніх умовах або спец. рамеснікі — шаўцы. Ён бытаваў у вёсках і дробных мястэчках і лепш, чым абутак гараджан, стасаваўся з прыродна-кліматычнымі ўмовамі, спецыфікай працы насельніцтва. Самы стараж. тып абутку беларусаў складаўся з абгортак, прывязак і ўласна абутку. Абгорткі (анучы, завойкі) — 2 полкі белага палатна, якімі абгортвалі ногі. Абгортка ног да шчыкалатак кавалкам палатна пры хадзе басанож была пашырана сярод жанчын, асабліва ў час жніва. Прывязкі (аборы, валокі) вілі з пянькі, лёну, канапель, конскага воласу, наразалі з сырамятнай скуры. Мацавалі абгорткі па-рознаму: на Тураўшчыне і Мазыршчыне доўгія прывязкі ўтваралі своеасаблівую вяровачную панчоху, на Пн Беларусі былі кароткія і абкручваліся да шчыкалатак. Уласна абутак у мінулым — плеценыя ці скураныя вырабы. Нязначнае пашырэнне мелі дзеравяшкі. Асн. від плеценага абутку, які бытаваў да пач. 20 ст., — лапці (шчарбакі, кавярзні). Іх плялі з лазовай і вязавай кары (лыка), пянькі. Скураны абутак быў 2 відаў: шыты з аднаго кавалка скуры — пасталы і з прышытымі падэшвамі і абцасамі — боты, чаравікі. Майстэрствам вырабу ботаў у 19 — пач. 20 ст. славіліся шаўцы наваколляў Турава, Давыд-Гарадка, Петрыкава, Слуцка і інш. На святы жанчыны абувалі і чаравікі (боцікі, шнуроўкі). Валены абутак (валёнкі) набыў пашырэнне ў 19 ст., бытуе і цяпер. Гумавы абутак пачалі насіць у 1930-я г. Бахілы (глыбокія галошы) надзявалі звычайна на буркі.
Сучасны абутак падзяляюць на бытавы, вытворчы, спартыўны і медыцынскі (гл.Абутак артапедычны). Паводле канструкцыі загатовак адрозніваюць боты, чаравікі, паўчаравікі, туфлі і інш. Падзяляецца на групы: пінеткі (памер, ці даўжыня ступні, 95—125 мм), гусарыкі (120—140), маладзіцячы (145—175), дзіцячы (180—200), школьны (205—225), дзявочы (230—250), хлапечы (230—255), жаночы (215—275), мужчынскі (245—305). Паўната (абхват ступні) — ад 1 да 10 умоўных адзінак (найб. пашыраная 6 і 7).
Дэталі верху і нізу абутку злучаюцца ніткамі, шпількамі, цвікамі, вінтамі, клеем (пераважна сінтэтычным), вулканізацыяй, ліццём. Вонкавыя дэталі верху робяць з натуральнай ці штучнай скуры, тэкстыльных матэрыялаў; дэталі нізу — са скуры, гумы (порыстай, няпорыстай, скурападобнай), пластмасаў (напр., поліурэтану) і інш. Абутак павінен мець цеплаахоўныя ўласцівасці, быць водаўстойлівым, паветра- і паранепранікальным. Тэхналогія вырабу абутку ўключае раскрой матэрыялаў на дэталі, іх апрацоўку, выраб загатовак верху і фармаванне іх на калодцы, прымацаванне нізу да верху, аддзелку. Прамысловы раскрой робяць разакамі на электрагідраўл. ці мех. прэсах, спец. аўтаматах. З дапамогай ЭВМ разлічваюць аптымальныя варыянты ўкладкі дэталяў на матэрыяле. Дэталі верху скошваюць, загінаюць, апрацоўваюць; дэталі нізу выраўноўваюць па таўшчыні, фрэзеруюць, скошваюць, шліфуюць. Дэталі верху злучаюць у плоскія загатоўкі, якім надаюць аб’ёмную форму: увільгатняюць (часам награваюць), расцягваюць удоўж і ўпоперак, зацягваюць і прымацоўваюць загатоўкі да вусцілкі. Затым змацоўваюць верх і ніз і робяць канчатковую апрацоўку (абразанне залішняга матэрыялу, афарбоўку, паліраванне і інш.). Гл. таксама Абутковая прамысловасць.