СУКНАРО́БСТВА,
хатняе рамяство па вырабе сукна, тканіны з ваўняных нітак у многіх народаў. На Беларусі з самаробнага сукна шылі верхняе мужчынскае і жан. адзенне (світы, сярмягі, бравэркі і інш.), штаны-суконнікі, спадніцы-андаракі, рабілі цёплыя анучы-суконкі, шыты абутак — буркі і інш. Сыравінай была воўна. Найб. якаснае сукно было з воўны старых авечак, стрыжаных увосень. Воўну сартавалі, мылі, сушылі, скублі, часалі на грабянях ці ваўначосках, пралі. На кроснах ткалі сукно і паўсукно пераважна ў 4 ніты. Колер залежаў ад колеру воўны (белы, шэры, чорны). Нярэдка белае сукно фарбавалі. Белы колер паводле традыцыі пераважаў на Магілёўшчыне, ва ўсх. паветах Віцебскай і паўд. паветах Мінскай губ.; шэры найб. пашыраны на ПнЗ Беларусі. Фарбавалі сукно расл., а з пач. 20 ст. — хім. фарбавальнікамі. Напр., на ПдЗ для фарбавання тканін у карычневы колер сяляне ўжывалі торф. Каб атрымаць чорны колер, у Мінскай губ. сукно клалі ў настой іржавага жалеза. Сукно абавязкова валялі, валілі, білі, мялі босымі нагамі або ў ручных валюшнях. З 2-й пал. 19 ст. пашыраны мех. спосаб валення на валюшнях (фолюшах) з дапамогай вадзянога кола або з паравым прыводам. З сярэдзіны 20 ст. саматужнае С. на Беларусі не існуе, бытуе як маст. промысел па вырабе дываноў, дарожак, посцілак і інш.
Н.І.Буракоўская.
т. 15, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)