Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АЛМА́ЗНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,
інструмент, рэжучая частка якога складаецца з часцінак прыродных ці сінт.алмазаў. Адрозніваюць алмазны інструмент абразіўны, зроблены з алмазных парашкоў на арган. ці метал. звязках (шліфавальныя кругі, хоны, брускі, пілкі), і з алмазных крышталёў (разцы, свердлы, шкларэзы, гравіравальныя іголкі, наканечнікі для цвердамераў, каронкі, долаты, расшыральнікі, брускі, правільныя алоўкі і ролікі). Выкарыстоўваецца для апрацоўкі цвёрдых сплаваў, металаў, шкла, кварцу, жалезабетону, для бурэння свідравін і праўкі шліфавальных кругоў. Забяспечвае высокую якасць апрацоўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛАМАТЭРЫЯ́ЛЫ,
матэрыялы з драўніны, атрыманыя распілоўкай або фрэзераваннем бярвён уздоўж валокнаў; асн. прадукцыя лесапільнай вытворчасці.
Адрозніваюць П. радыяльнай, тангенцыяльнай і змешанай распілоўкі. П. з абпілаванымі кантамі наз. абразнымі, з неабпілаванымі — неабразнымі, апрацаваныя пасля пілавання (для згладжвання паверхні або фасоннай прафілёўкі) — струганымі. Бываюць агульнага прызначэння, спецыяльныя, экспартныя. Асн. віды П.: брусы, дошкі, брускі, абапалы, шпалы. Гл. таксама Дрэваапрацоўчая прамысловасць.
Піламатэрыялы: 1—3 — брусы (2-, 3- і 4-кантовыя); 4—6 — брускі (чыста абразны, з тупым і вострым абзолам); 7—9 — дошкі (чыста абразная, неабразная і аднабакова абразная); 10 — абапал дашчаны; 11—12 — шпалы (неабразная і абразная).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНФЁРАЎ (Фёдар Іванавіч) (2.10.1896, с. Паўлаўка Ульянаўскай вобл., Расія — 10.9.1960),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Саратаўскім ун-це (1923—25). З 1931 (з перапынкамі) гал. рэдактар час. «Октябрь». Друкаваўся з 1918. Раман «Брускі» (т. 1—4, 1928—37; па матывах рамана нап. п’есу «Жыццё», 1939; кінасцэнарый «У пошуках радасці», 1940) пра калектывізацыю ў прыволжскай вёсцы. Тэме Вял.Айч. вайны прысвечаны аповесці «Сваімі вачамі» (1941), «Рука пацяжэла» (1942), трылогія: раманы «Барацьба за мір» (1945—47, Дзярж. прэмія СССР 1948), «У краіне пераможаных» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), «Вялікае мастацтва» (2-і варыянт 1954). Аўтар трылогіі «Волга-матухна рака» (1953—60), аповесцей «Роднае мінулае» (1956), «Сказанне пра Паволжа» (1957), п’ес «Мужыкі» (1924), «Бунт зямлі» (1926), кн. нарысаў «Берагавая быль» (1926), апавяданняў, літ.-крытычных артыкулаў і інш. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі М.Багун, Т.Кляшторны.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—6. М., 1986;
Бел.пер. — Брускі. Ч. 1—2. Мн., 1932;
Цвёрдым поступам. Мн., 1932.
Літ.:
Стогнут А.С. Ф.И.Панферов. 2 изд. Киев, 1969;
Федор Панферов: Воспоминания друзей. 2 изд. М., 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІШЧО́ВА,
курганны могільнік дрыгавічоў 11—12 ст. каля в. Свішчова Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Захавалася 20 насыпаў выш. 0,2—1,6 м, дыям. 4—8 м, іх аснова абкладзена камянямі. Даследаваны 23 курганы. У некат. насыпах шчыльная вымастка з камянёў. Пахавальны абрад — трупапалажэнне. Пахаванні пераважна адзіночныя, ёсць парныя. Знойдзены ганчарныя гаршкі, метал. часткі драўлянага посуду, нажы, падкова, цуглі, прасліца з ружовага сланцу, тачыльныя брускі, метал. пярсцёнкі, спражкі, шкляныя залачоныя пацеркі і бронзавыя, упрыгожаныя зерню (дрыгавіцкага тыпу), скроневыя кольцы з такіх пацерак, паўтараабаротныя і з S-падобным завітком і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЦЮ́НКІ,
гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры і часоў Кіеўскай Русі каля в. Рацюнкі Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Пляцоўка круглая, дыям. 45 м. Выяўлены рэшткі драўлянай сцяны, якой было ўмацавана паселішча, і рэшткі вял. жытлаў слупавой канструкцыі. Знойдзены клінападобныя сякеры, тачыльныя брускі (асялкі) з каменю, вырабы з косці (долатцы, шпількі, праколкі, утульчатыя наканечнікі кап’я, грузік, абломак са стылізаванымі выявамі чалавека на адным баку і конніка на другім), фрагменты штрыхаваных пасудзін, формай падобных на посуд мілаградскай культуры; фрагменты керамікі з круглаватым пляскатым дном, рабрыстыя і слоікападобныя пасудзіны; гліняныя прасліцы; вырабы з жалеза (нажы, сярпы, шылы, іголкі, рыбалоўныя кручкі і інш.); бронзавае спіралепадобнае скроневае кольца, шыферныя прасліцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГУ́Н (Міхась) (сапр.Блошкін Міхаіл Фёдаравіч; 8.11.1908, Мінск — 17.2.1938),
бел. пісьменнік. Скончыў курсы пры Мінскім бел.пед. тэхнікуме (1928). З 1929 настаўнічаў. Працаваў у газ. «Чырвоная Полаччына», у Дзярж. выд-ве БССР і газ. «Літаратура і мастацтва». У 1936 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Сібіры. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1925. Яго лірыка рамантычна-акрыленая, жыццесцвярджальная (зб-кі «Рэха бур», 1931, «Рэвалюцыі», 1932). Паэма «Крокі ў вяках» (1930) і некат. вершы напісаны пад уплывам У.Маякоўскага. Паэма «Канчыта з-пад Таледа» (1936) пра нац.-рэв. вайну ў Іспаніі. Пісаў апавяданні для дзяцей («Жэнька», 1934). Пераклаў на бел. мову раманы М.Астроўскага «Як гартавалася сталь» (1936), Л.Первамайскага «Ваколіцы» (1931, з З.Астапенкам), Ф.Панфёрава «Брускі» (1932, з Т.Кляшторным), вершы А.Пушкіна, Маякоўскага, Э.Багрыцкага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАЗІ́ЎНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,
інструмент, рэзальнымі элементамі якога з’яўляюцца часцінкі (зярняты) абразіўных матэрыялаў. Адрозніваюць абразіўны інструмент са звязаным абразівам (шліфавальныя кругі, брускі, сегменты, галоўкі), на эластычнай аснове (шліфавальная шкурка, стужка) і ў выглядзе свабоднага абразіву (парашок, паста, суспензія, зярняты).
Для звязвання (сцэментоўвання) абразіўных зярнят карыстаюцца керамічнай, бакелітавай, метал., вулканітавай звязкамі. Па цвёрдасці абразіўны інструмент падзяляюць на мяккі, сярэднямяккі, сярэдняцвёрды, цвёрды, вельмі цвёрды і звышцвёрды. Звычайна эксплуатуюць з кругавой скорасцю да 30 м/с, а ўмацаваны абразіўны інструмент (напр., кругі з электракарунду і карбіду крэмнію, арміраваныя тканінай, шкляной сеткай, метал. кольцамі) — да 100 м/с. Выкарыстоўваюць для абразіўнай апрацоўкі металаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАМАТЭРЫЯ́ЛЫ,
матэрыялы з драўніны. Захоўваюць яе прыродную структуру і хім. састаў. Бываюць хвойныя (хвоя, елка, піхта, лістоўніца, кедр) і лісцевыя (бяроза, дуб, асіна, граб, бук, ясень і інш.); неапрацаваныя круглыя (бярвенне, жэрдзе, калы і інш.) і апрацаваныя (піламатэрыялы — дошкі, брусы, брускі, рэйкі, шпалы, а таксама колатыя Л., струганая і лушчаная шпона). Да Л. адносяць і пнёва-каранёвыя масы, сучча, кару, пілавінне, трэскі і інш. Перапрацоўваюцца на лесапільных з-дах, выкарыстоўваюцца пры вытв-сці мэблі, буд. дэталей і канструкцый, у цэлюлозна-папяровай і лесахім. вытв-сці.
Круглыя Л. атрымліваюць распілоўкай ствалоў (хлыстоў) на адрэзкі — сартыменты (кароткія да 2,5 м, доўгія 2,5—8 м, даўгамерныя больш за 8 м). Падтаварнік (дыяметр у верхнім водрубе 8—13 см, даўжыня 3—9 м), жэрдзе (адпаведна 3—7 см і 3—9 м), калы (6 см і да 2,85 м) выкарыстоўваюць для абрашоткі ў пакрыццях, агароджах, насцілах і інш.Гл. таксама Лесанарыхтоўчая прамысловасць, Лесанарыхтоўчыя работы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАША́ЛЬ (Рыгор Львовіч) (21.10.1898, г. Навазыбкаў Бранскай вобл., Расія — 11.1.1983),
расійскі кінарэжысёр. Нар.арт.СССР (1967). З 1919 арганізатар і рэжысёр дзіцячых тэатр. відовішчаў. З 1921 у Маскве, вучыўся ў Дзярж. вышэйшай рэжысёрскай майстэрні, быў дырэктарам і маст. кіраўніком майстэрні Пед.т-ра, выкладаў ва Усесаюзным ін-це кінематаграфіі. З 1925 рэжысёр кіно. Творчасці ўласціва грамадз. скіраванасць, што праявілася ў фільмах «Саламандра» (1928), «Сям’я Опенгайм» (1939, паводле Л.Фейхтвангера), «Суд вар’ятаў» (1962). Экранізаваў аповесць Ф.Дастаеўскага «Пецярбургская ноч» (1934), раман Ф.Панфёрава «Брускі» («У пошуках радасці», 1940, абодва з В.Строевай), аповесці М.Горкага «Справа Артамонавых» (1941), Ф.Гладкова «Вольніца» (1956), трылогію А.Талстога «Блуканне па пакутах»: «Сёстры» (1957), «Васемнаццаты год» (1958), «Хмурная раніца» (1959, з М.Анджапарыдзе). Стварыў серыю гісторыка-біягр. фільмаў: «Песні Абая» (1946, з Я.Аронам), «Акадэмік Іван Паўлаў» (1949), «Мусаргскі» (1950), «Рымскі-Корсакаў» (1953), «Год як жыццё» (1966). Аўтар сцэнарыяў шэрагу пастаўленых ім фільмаў. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1951.