БРАНЕ́ЎСКІ Уладзімір Багданавіч

(1782, паводле інш. звестак 1784, 1786, в. Астахава Бялёўскага р-на Тульскай вобл., Расія — 19.4.1835),

рускі ваен. пісьменнік, ген.-м. (1832). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1802). Удзельнік ваен. кампаній на Міжземным і Адрыятычным морах (1805—10), служыў на Чарнаморскім флоце (1812—16). З 1819 інспектар Аляксандраўскага дваранскага ваен. вучылішча ў г. Тула, з 1828 памочнік дырэктара Пажскага корпуса. Чл. Рас. акадэміі і Маскоўскага т-ва гісторыі старажытнасцей расійскіх пры Маскоўскім ун-це (1829). Літ. дзейнасць пачаў у 1818. Творы «Запіскі марскога афіцэра» (т. 1—4, 1818—19), «Лісты марскога афіцэра» (т. 1—2, 1825—26), «Падарожжа ад Трыеста да Санкт-Пецярбурга ў 1810 г.» (т. 1—2, 1828) напісаны ў жанры дарожных нарысаў і заснаваны на ўспамінах пра марскую службу і наведванне еўрап. краін у 1805—10. Аўтар гіст. твораў «Агляданне Паўднёвага берага Таўрыды ў 1815 г.» (1822), «Гісторыя Данскога войска. Апісанне Данской зямлі і паездка на Каўказ» (ч. 1—4, 1833—34).

т. 3, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНЕ́ЎСКІ

(Broniewski) Уладзіслаў (17.12.1897, г. Плоцк, Польшча — 10.2.1962),

польскі паэт і перакладчык. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це (1918—24). У 1925 разам з В.Вандурскім і С.Стандэ выдаў праграмны маніфест польск. рэв.-пралет. паэзіі «Тры залпы». У 1939 у Львове. У 1940—41 зняволены сав. ўладамі па лжэданосе. Некаторы час жыў у Куйбышаве, уступіў у армію Андэрса. У 1945 вярнуўся на радзіму. Паэтычны дэбют — зб. «Ветракі» (1925). У ім — зварот да традыцый рамантычнай паэзіі, высокая патэтыка, эмацыянальна напружаная вобразнасць. У зб-ках «Дымы над горадам» (1927), «Смутак і песня» (1932), у паэме «Парыжская Камуна» (1929) трагічныя настроі, дамінаванне грамадска-паліт. тэматыкі. Тэма Радзімы, заклікі да барацьбы са стомленасцю, дэпрэсіяй, настальгіяй у вершах ваен. гадоў (зб-кі «Зброю да бою», 1943; «Дрэва ў адчаі», 1945). Пейзажная, філасофская, інтымная лірыка склала зб. «Надзея» (1951). У 1956 выйшаў зб. «Анка». Цыкл «Новыя вершы» (1956—62) — запавет паэта, прасякнуты элегічна-трагічнымі матывамі. Перакладаў на польск. мову творы М.Гогаля, А.Талстога, А.Пушкіна, У.Маякоўскага, С.Ясеніна, Б.Пастарнака і інш. Творы Бранеўскага на бел. мову перакладалі М.Арочка, М.Аўрамчык, Р.Барадулін, П.Броўка, А.Вялюгін, Н.Гілевіч, Ю.Голуб, С.Дзяргай, У.Дубоўка, С.Законнікаў, Я.Купала, М.Лужанін, П.Макаль, М.Машара, П.Пестрак, М.Танк і інш.

Тв.:

Wierszy i poematy. 7 wyd. Warszawa, 1970;

Wiersze warszawskie. Warszawa, 1986;

Бел. пер. — Дарогай дзён: Вершы і паэмы. Мн., 1961;

Рус. пер. — Стихи. М., 1986.

М.М.Хмяльніцкі.

т. 3, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АПАКРЫ́СІС»,

Апокрысіс, «Апокрисис, албо отповедъ на книжкы о съборе Берестейском...», помнік стараж. бел. пісьменства; твор царкоўна-палемічнай літаратуры. Апубл. ў 1597 у Вільні на польск. мове, перавыд. у 1598 у Астрозе ў перакладзе на старабел. мову. Аўтар (мяркуюць — валынскі пратэстант Марцін Бранеўскі) па даручэнні кн. Канстанціна Астрожскага выступіў у абарону нац.-рэліг. незалежнасці праваслаўных Украіны і Беларусі пасля Брэсцкай уніі 1596 і ў адказ на кнігі яе апалагетаў П.Скаргі і І.Пацея, схаваўшыся пад псеўданімам Хрыстафор Філалет. Аўтар паказаў, што царк. саюз уніяцкіх і каталіцкіх епіскапаў абумоўлены не праблемамі багаслоўскай ісціны і маралі, а імкненнем да гарантаваных матэрыяльных выгод, высокіх дзярж. пасад, рэліг. прывілеяў і паліт. правоў. У «Апакрысісе» выкарыстаны шырокі арсенал літ. і фалькл. мастацкіх сродкаў: анекдатычныя гісторыі, байкі, сатыр. бытавыя замалёўкі, трапныя прыказкі і прымаўкі, каларытныя эпітэты і параўнанні. «Апакрысіс» — яркая старонка антыуніяцкай публіцыстыкі. Ён адыграў значную ролю ў кансалідацыі ўкр. і бел. народаў у іх барацьбе за нац.-культ. самабытнасць. Раскрыўшы вострую супярэчнасць паміж феад. вярхамі двух асн. веравызнанняў Рэчы Паспалітай, аўтар змагаўся за традыцыі і веру народа з пазіцый мясц. знаці, якая баялася, каб палітыка уніяцка-каталіцкага духавенства не прывяла дзяржаву да ўнутр. сац. і нац.-вызв. вайны. Таму ён заклікаў знаць да салідарнасці і сумесных дзеянняў.

Літ.:

Яременко П.К. Український письменник-полемист Христофор Філалет і його «Апокрисис». Львів, 1964.

А.Ф.Коршунаў.

т. 1, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)