БРАНЕ́ЎСКІ ((Broniewski) Уладзіслаў) (17.12.1897, г. Плоцк, Польшча — 10.2.1962),

польскі паэт і перакладчык. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це (1918—24). У 1925 разам з В.​Вандурскім і С.​Стандэ выдаў праграмны маніфест польск. рэв.-пралет. паэзіі «Тры залпы». У 1939 у Львове. У 1940—41 зняволены сав. ўладамі па лжэданосе. Некаторы час жыў у Куйбышаве, уступіў у армію Андэрса. У 1945 вярнуўся на радзіму. Паэтычны дэбют — зб. «Ветракі» (1925). У ім — зварот да традыцый рамантычнай паэзіі, высокая патэтыка, эмацыянальна напружаная вобразнасць. У зб-ках «Дымы над горадам» (1927), «Смутак і песня» (1932), у паэме «Парыжская Камуна» (1929) трагічныя настроі, дамінаванне грамадска-паліт. тэматыкі. Тэма Радзімы, заклікі да барацьбы са стомленасцю, дэпрэсіяй, настальгіяй у вершах ваен. гадоў (зб-кі «Зброю да бою», 1943; «Дрэва ў адчаі», 1945). Пейзажная, філасофская, інтымная лірыка склала зб. «Надзея» (1951). У 1956 выйшаў зб. «Анка». Цыкл «Новыя вершы» (1956—62) — запавет паэта, прасякнуты элегічна-трагічнымі матывамі. Перакладаў на польск. мову творы М.​Гогаля, А.​Талстога, А.​Пушкіна, У.​Маякоўскага, С.​Ясеніна, Б.​Пастарнака і інш. Творы Бранеўскага на бел. мову перакладалі М.​Арочка, М.​Аўрамчык, Р.​Барадулін, П.​Броўка, А.​Вялюгін, Н.​Гілевіч, Ю.​Голуб, С.​Дзяргай, У.​Дубоўка, С.​Законнікаў, Я.​Купала, М.​Лужанін, П.​Макаль, М.​Машара, П.​Пестрак, М.​Танк і інш.

Тв.:

Wierszy i poematy. 7 wyd. Warszawa, 1970;

Wiersze warszawskie. Warszawa, 1986;

Бел. пер. — Дарогай дзён: Вершы і паэмы. Мн., 1961;

Рус. пер. — Стихи. М., 1986.

М.​М.​Хмяльніцкі.

т. 3, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)