Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РНАЯ КІСЛАТА́,
ортаборная кіслата, слабая неарганічная кіслата (H3BO3). Бясколерныя крышталі, шчыльн. 1480 кг/м³. Раствараецца ў вадзе, лепш у гарачай (пры 0 °C у 100 г вады раствараецца 2,6 г борнай кіслаты, пры 100 °C — 39,7 г).
У прыродзе існуе як мінерал сасалін, а таксама ў тэрмальных водах і прыродных расолах, з якіх яе атрымліваюць. Вышэй за 70 °Cборная кіслата страчвае ваду і ператвараецца ў метаборную кіслату (HBO2), пры награванні да 160 °C — у аксід бору. У водных растворах існуюць паліборныя кіслоты (nB2O3·mH2O), у свабодным стане выдзелены толькі іх солі. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці спец. шкла, эмаляў, цэментаў, флюсаў, мыйных і касметычных сродкаў, як антысептычны, дэзінфекцыйны і кансервавальны сродак, інгібітар карозіі, рэагент у фатаграфіі, мікраўгнаенне. ГДК у сцёкавых водах сан.-быт. прызначэння 0,5 мг/л. Мазі, пасты, прысыпкі з борнай кіслатой і борны спірт (раствор борнай кіслаты ў спірце) выкарыстоўваюць як лек. сродкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНБУРЫ́Т (ад назвы месца першай знаходкі ў Данберы, штат Канектыкут, ЗША),
мінерал падкласа борасілікатаў, борасілікат кальцыю, Ca[B2Si2O8] Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі прызматычныя, зярністыя агрэгаты. Бясколерны, шэра-белы, буры. Бляск шкляны. Цв. 7—7,5. Шчыльн. 3 г/см³. Буйныя намнажэнні ў скарнах, пашыраны ў мармурах, нізкатэмпературных жылах з кальцытам і кварцам Выкарыстоўваецца як вырабны камень і борная руда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАТАЛІ́Т (ад грэч. dateomai дзялю, падзяляю + ...літ),
мінерал падкласа борасілікатаў, гідраксілборасілікат кальцыю, CaB[SiO4]OH. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі, зярністыя і шчыльныя агрэгаты, нацёчныя і радыяльна-прамянёвыя выдзяленні. Колер белы да бясколернага, часта з зеленаватым адценнем. Бляск шкляны. Паўпразрысты да празрыстага. Цв. 5—5,6. Шчыльн. 2,8—3 г/см³. Гідратэрмальнага паходжання. Выкарыстоўваецца як другарадны вырабны матэрыял і борная руда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШАРЫ́Т (ад назвы месца знаходкі каля г. Ашэрслебен у Германіі),
сайбелііт, мінерал класа баратаў, Mg2(OH)[B2O4(OH)]. Мае прымесі жалеза, марганцу. Вядомы дзве манаклінныя і адна рамбічная мадыфікацыі. Крышталі рэдкія, часцей тонкавалакністыя агрэгаты, шчыльныя і зямлістыя масы, канкрэцыі. Колер белы, шараваты, жаўтаваты. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 2,69 г/см³. Пашыраны мінерал эндагенных радовішчаў борных рудаў і саляносных асадкавых тоўшчаў. Борная руда.