Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БЛІНДА́Ж
(франц. blindage),
фартыфікацыйнае палявое збудаванне для аховы асабовага складу ад куляў, асколкаў, мін, запальных сродкаў і паражальных фактараў ядз. выбуху. Робіцца ў выглядзе выемкі ў зямлі з мясц. матэрыялаў (круглых бярвёнаў, брусоў, жардзін, фашын) і матэрыялаў прамысл. вырабу (хвалістай сталі, зборных жалезабетонных канструкцый, абалонак і інш.). Складаецца з асн. памяшкання (для асабовага складу), увахода з моцнымі дзвярамі, грунтавой абсыпкі; мае вентыляцыйны кораб. Упершыню ў Расіі бліндажы выкарыстаны ў Севастопальскай абароне 1854—55, шмат будавалася ў 1-ю і 2-ю сусв. Войны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКО́П,
адкрытае фартыфікацыйнае збудаванне, прызначанае для вядзення агню і ўкрыцця жывой сілы і ваен. тэхнікі. Стралковы акоп (адзіночны, парны, на аддзяленне) мае роў, бруствер, берму і пляцоўкі для ўстаноўкі зброі; на аддзяленне абсталёўваецца і запаснымі кулямётнымі і гранатамётнымі пляцоўкамі, шчылінай або бліндажом, нішамі для боепрыпасаў, зброі і інш.Артыл. і мінамётны акопы маюць пляцоўкі з прымкнутымі да іх раўкамі, у якіх робяцца нішы і шчыліны (бліндажы). Акопы для танкаў, БТР і інш. тэхнікі складаюцца з катлавана з апарэллю, шчыліны і зрэдку нішы для боепрыпасаў. Акоп маскіруюць пад фон навакольнай мясцовасці. У слабых грунтах іх умацоўваюць дзёрнам, галлём і інш. На забалочанай мясцовасці ствараюцца насыпныя акопы, зімой — снежныя.
Акоп на аддзяленне: 1 — ячэйкі для стралка; 2 — ніша; 3 — пляцоўкі для кулямёта; 4 — прыбіральня; 5 — бліндаж (шчыліна); 6 — ход зносін; 7 — ячэйкі для стралка.