РАЖКО́Ў (Вячаслаў Зіноўевіч) (н. 20.2.1924, в. Блудніца Шуйскага р-на Іванаўскай вобл., Расія),

бел. жывапісец, майстар лакавай мініяцюры. Скончыў Палехскае маст. вучылішча (1948). З 1961 у Мінску. Творы вылучаюцца арыгінальнасцю малюнка, вытанчанасцю кампазіцыі Аўтар пано «Царэўна-лебедзь» (1950), «Лукамор’е», «За зямлю рускую» (абодва 1982), «Казка пра цара Салтана», «Канёк-гарбунок» (абодва 1985), «Дзмітрый Данскі» (1986), «Руслан і Людміла» (1989); куфэркаў «Тарас Бульба», «Багатырская слава» (абедзве 1953), «Паядынак» (1972), «Тройка» (1981); пласцін «Мцыры» (1960), «Беларускі Сусанін» (1964); пейзажаў «Бабіна лета» (1986), «Восень» (1989), «Бярозавы гай» (1990), «Карагод» (1991), «Перад навальніцай» (1997); нацюрмортаў.

Літ.:

В.​З.​Рожков: Искусство Палеха. Живопись. Мн., 2001.

Г.​А.​Фатыхава.

т. 13, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСА́НА (Bassano; сапр. да Понтэ; da Ponte) Якопа

(каля 1517/18, г. Басана-дэль-Грапа, Італія — 13.2.1592),

італьянскі жывапісец венецыянскай школы жывапісу эпохі Адраджэння. Паходзіць з сям’і мастакоў Басана. Яго манум. шматфігурныя кампазіцыі адметныя сакавітасцю і кантрастнасцю колераў («Алтар Святой Ганны», 1541, размалёўкі капліцы дэль Разарыо, 1575). У рэліг. сюжэты ўводзіў простанародныя персанажы, сцэны з сял. побыту, выявы жывёл, сцвярджаючы значнасць паўсядзённага працоўнага быцця: «Уцёкі ў Егіпет» (1534), «Хрыстос і блудніца» (1535), «Адпачынак на шляху ў Егіпет» (1550), «Пакланенне пастухоў» (1568), «Хрышчэнне Святой Люцылы» (1574), «Святы Рох і зачумленыя» (1576), «Актэон і Німфы» (1585) і інш.

Літ.:

Смирнова И.А. Якопо Бассано и Позднее Возрождение в Венеции. М., 1976.

Я.​Ф.​Шунейка.

Я.Басана. Пакланенне пастухоў. 1568.

т. 2, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)